Валянцін Стэфановіч: Шэсць прычын, па якіх немагчыма правесці дэмакратычныя, свабодныя і празрыстыя выбары ў Беларусі (частка 2)

2015 2015-07-09T10:24:29+0300 2015-07-09T10:26:36+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/za-svabodnyja-vybary-logo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

30 чэрвеня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь вызначыла дату правядзення выбараў Прэзідэнта – 11 кастрычніка 2015 года. Такім чынам, у краіне распачалася чарговая прэзідэнцкая выбарчая кампанія, нязменным удзельнікам якой з 1994 года з’яўляецца дзеючы глава дзяржавы – Аляксандр Рыгоравіч Лукашенка.

Сёння мы публікуем наступныя тры прычыны, па якіх, на думку намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, правядзенне дэмакратычных, свабодных і празрыстых выбараў у Беларусі немагчыма (гл. першую частку).

Мы чуем шматлікія заявы кіраўніцтва краіны аб намеры правесці гэтыя выбары “спакойна” і ў поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі стандартамі ў галіне свабодных і дэмакратычных выбараў. Але ці магчыма такое ў сённяшняй Беларусі? Назіраючы за выбарамі ў краіне з канца 90-х, у тым ліку за прэзідэнцкімі выбарчымі кампаніямі 2001, 2006, 2010 гадоў, мне падаецца, што гэта малаверагодна па наступных прычынах.

Прычына чацвёртая. Датэрміновае галасаванне.

Згодна з выбарчым заканадаўствам, кожны выбаршчык, які не можа прыняць удзел у галасаванні ў дзень выбараў, можа прагаласаваць датэрмінова на працягу пяці дзён. Ніякіх дакументаў, якія б падцвярджалі немагчымасць прымаць удзел у выбарах у асноўны дзень, прад’яўляць не трэба. На практыцы гэта прыводзіць да неабмежаванага выкарыстання ўладамі адміністратыўнага рэсурсу ў выглядзе “арганізаванага” датэрміновага галасавання студэнтаў, вайскоўцаў, жыхароў працоўных інтэрнатаў і проста працаўнікоў дзяржпрадпрыемстваў. Нярэдка гэта суправаджаецца фактычным прымусам да такога галасавання і груба парушае прынцып добраахвотнага ўдзелу ў выбарах, калі выбаршчык сам вырашае ці прымаць яму ўдзел ў галасаванні.

Традыцыйна, колькасць датэрмінова прагаласаваўшых па краіне на выбарах складае ад 20% да 30% выбаршчыкаў! Падобна, што ўлады выкарыстоўваюць датэрміновае галасаванне не толькі для забеспячэння яўкі на выбарах, але і для выканання іншых задач. Недарэмна Л. Ярмошына катэгарычна адмовілася задаволіць просьбы грамадзян аб устаноўцы відэа-камераў на выбарчых участках, якія б кругласуткава на працягу ўсіх пяці дзён і начэй назіралі б за захаванасцю выбарчых скрыняў.

Прычына пятая. Непразрыстая працэдура падліку галасоў.

Непразрыстая працэдура падліку галасоў з’яўляецца, бадай, самай вялікай сістэмнай праблемай нашага выбарчага заканадаўства і найбольш крытыкуецца як нацыянальнымі назіральнікамі, так і міжнароднымі.

Сапраўды, тое, якім чынам павінны адбывацца падлік галасоў, ніяк не прапісана ў Выбарчым кодэксе. Кожная камісія сама вызначае такі парадак. Адзіным патрабаваннем закона з’яўляецца раздзельны падлік галасоў: з пачатку лічацца бюлетэні са скрыні для датэрміновага галасавання, затым - са скрыняў для галасавання па месцы жыхарства выбаршчыкаў у дзень галасавання, а затым ужо - бюлетэні са скрыні для галасавання ў дзень выбараў. Пры гэтым самі вынікі такога падліку (асобна па кожнай скрыні) толькі агучваюцца камісіяй, а ў пратаколе аб выніках галасавання ўказваецца сумарны вынік. Навошта? Каб не было дакументальнага падцверджання часам дзіўнага дызбалансу размеркавання галасоў на датэрміновым галасаванні і галасаванні ў асноўны дзень выбараў паміж кандыдатам ад улады і альтэрнатыўнымі кандыдатамі. Словы да справы не прышыеш, як кажуць.

Сам жа падлік, як правіла, робіцца адразу ўсімі сябрамі камісіі, кожны з якіх лічыць свой невялікі стос бюлетэняў, запісвае вынік падліку на паперку і перадае старшыні камісіі. Старшыня камісіі падсумоўвае ўсе “паперкі” і запаўняе выніковы пратакол. Атрымліваецца, што праверыць ці адпавядае такі вынік рэальнаму падліку галасоў немагчыма, ды і няма каму (гл. раздзел пра склад камісій).

Пры такой сістэме падліку не тое, што назіральнікі, самі сябры камісіі выніка не ведаюць. Менавіта таму, нацыянальныя назіральнікі, прадстаўнікі апазіцыйных партый, а таксама БДІПЧ АБСЕ настойваюць, каб у выбарчым кодэксе быў замацаваны такі парадак падліку, калі бюлетэні лічацца адным сябрам камісіі і кожны бюлетэнь дэманструецца як сябрам камісіі, так і назіральнікам, а таксама іншым асобам, якія маюць права прысутнічаць падчас падліку галасоў на ўчастку. Такая ж працэдура падліку прапісаная і ў Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, падпісанай у г. Кішынёў 7 кастрычніка 2002 года і ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь 4 студзеня 2014 г.

Прычына шостая. Немагчымасць паўнавартаснага назірання за ўсімі выбарчымі працэдурамі.

Падчас назірання за выбарамі рознага ўзроўню мы неаднаразова адзначалі, што цэлыя этапы выбарчай кампаніі застаюцца па-за ўвагай назіральнікаў. Мы заўсёды зыходзілі з таго, што назіральнік мае права прысутнічаць і атрымліваць неабходную інфармацыю аб усіх выбарчых працэдурах і на ўсіх этапах выбараў, аднак на практыцы справа выглядае па-іншаму. Напрыклад, назіральнікам традыцыйна адмаўляюць у прысутнасці падчас працы тэрытарыяльных (акруговых) выбарчых камісій пры праверцы подпісаў, сабраных ініцыятыўнымі групамі па вылучэнні кандыдатаў ці то ў дэпутаты, ці ў прэзідэнты. Такім чынам, назіральнікі не могуць назіраць за гэтай працэдурай. Між тым, Выбарчы кодэкс утрымлівае досыць падрабязнае апісанне, якім чынам адбываецца такая праверка, якія подпісы і падпісныя лісты прызнаюцца несапраўднымі. Такім чынам, улады маюць шырокія магчымасці для безкантрольных маніпуляцый пры праверцы сабраных подпісаў і адмове ў рэгістрацыі (ці наадварот) кандыдатаў у залежнасці ад пастаўленай задачы.

Таксама назіральнікам, зарэгістраваным у тэрытарыяльных камісіях, традыцыйна адмаўляюць у праве прысутнічаць у гэтых камісіях у момант перадачы выніковых пратаколаў і выбарчых бюлетэняў з участкаў для галасавання. Гэтая частка працэсу з’яўляецца цалкам не галоснай, закрытай, можа суправаджацца рознымі маніпуляцыямі і “карэктыроўкай” атрыманых пратаколаў.

Але самае галоўнае, што назіральнікі фактычна пазбаўленыя магчымасці назіраць за працэдурай падліку галасоў. Усё, што бачыць назіральнік на ўчастку - гэта спіны сябраў камісіі, якія ў поўнай цішыні усе разам лічаць бюлетэні (гл. раздзел падлік галасоў). Пры такой сістэме падліку назіральнік не можа дакладна бачыць ягоны вынік.

Акрамя таго, копія пратакола, замацаваная подпісамі сябраў камісіі і пячаткай, назіральніку не выдаецца. Адпаведна любая копія пратакола, вырабленая самім назіральнікам, не можа мець сілу доказу фальсіфікацый ні ў вышэйстаячай камісіі, ні ў судзе. Гэта проста паперка з лічбамі, якія “прымроіліся” назіральніку. Між тым, пратаколы часам утрымліваюць лічбы, якія не стасуюцца паміж сабой і сведчаць аб магчымых фальсіфікацыях вынікаў і кепскай “рабоце з лічбамі”, праведзенай участковай камісіяй.

Знайсці ж інфармацыю аб выніках галасавання па ўсёй краіне з разбіўкай па кожнаму выбарчаму ўчастку краіны таксама немагчыма, бо такая інфармацыі нідзе публічна не размяшчаецца, што пазбаўляе сацыёлагаў, палітолагаў, назіральнікаў магчымасці правядзення аналізу гэтых дадзеных.

Глядзіце, таксама, першыя тры прычыны.

Сачыць за кампаніяй "Праваабаронцы за свабодныя выбары" можна на сайце - http://elections2015.spring96.org/be

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international