Лёгкім узмахам рукі МУС ператварыла крупы ў макароны, мяса - у рыбу, а алей - у плаўлены тлушч

2015 2015-07-08T17:16:42+0300 2015-07-08T17:45:02+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pitanie_v_turme_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як замяняюцца прадукты харчавання ва ўмовах пенітэнцыярнай сістэмы і што застаецца есці людзям у няволі? «Натхнёны» адказам Савета Міністраў праваабаронцу Сяргею Усцінаву аб разліку нормаў харчавання ў ІЧУ, а таксама недаўна выдадзеным дадаткам да пастановы МУС аб «нормах замены адных прадуктаў іншымі пры іх выдачы» асуджаным, юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка палічыў, чым і ў якой колькасці кормяць у «месцах не такіх аддаленых».

Як гэта міла: зрабіць службовай таямніцай нормы адходаў i страт пры апрацоўцы прадуктаў ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы! Гэта, вядома, не жарт: працэс і адсотак ўсушкі, уваркі і ўтрускі, а таксама ўжаркі і яшчэ нейкіх планавых стратаў, каб ён стаў вядомы ўсім і ўся, можа падарваць бяспеку краіны ці давер да тых, хто больш сумленны за ўсіх сумленных.

Або рассмяшыць, не дай бог. Вось выпусцілі па неасцярожнасці ў агульны доступ пастанову МУС ад 07.05.2015 № 139 з дадаткам: «Нормы замены адных прадуктаў іншымі пры іх выдачы для арганізацыі харчавання асобаў, якiя ўтрымлiваюцца ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы, і грамадзян, якія знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, асобаў, якiя ўтрымлiваюцца ў ізалятарах часовага ўтрымання органаў унутраных спраў і цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў органаў унутраных спраў». Адна назва чаго варта: пакуль ты ў ЛПП, ты яшчэ «грамадзянін»; толькі апынуўся ў ІЧУ - ужо "асоба".

Чым бы накарміць чалавека? Ну, дапусцім, на сняданак - каша, гарбата і белы хлеб з маслам; на абед - суп з макаронамі, рыба з бульбай і кампот; на вячэру - мяса з гароднінай і гарбата.

Бярэм табліцу і ператвараем меню чалавека ў меню «асобы»:

Крупы замяняюцца макароннымі вырабамі 1:1; гарбата - экстрактам пладовым і ягадным; хлеб - сухарамі (100:65), масла - тлушчам жывёльным плаўленым 1:1, цукар - садавінай сушанай (100:67). На выхадзе - тлустыя макароны з узварам.

Абед пакідае больш прастору для фантазіяў: 30 пакладзеных грамаў макаронаў замяняем на 30 грамаў мукі другога гатунку (макароны-та з'елі на сняданак), рыбу без галавы мяняем на сыр плаўлены (100 грамаў на 50), бульбу - на гародніну сушаныя 10:1. Атрымліваем нейкую жыжу. Узвар не атрымаецца, садавіну таксама з'елі раніцай. Прыйдзецца замяніць сухафрукты узварам. Толькі вось няўдача: яго атрымаецца 25 грамаў.

Вячэра - мяса мяняем на рыбу з галавой (1:2), гародніну свежую - на капусту квашаную (1:1) і атрымліваем страву беларускай крымінальна-выканаўчай сістэмы, знаёмую многім пасля СІЗА не па чутках. Не будзе рыбы - мяса зменіцца на тлустае мяса і атрымаецца яшчэ больш знакамітае страва беларускай турэмнай кухні - бігас, ён жа - бігус.

Скажаце - жарт? Ды не, распавядалі і больш смешныя гісторыі.

Вось і пад'елі... Дарэчы, там, дзе пазначаны грамы прадукту, гаворка ідзе пра той самы «брута», неапрацаваны. Колькі з'есць "асоба" - службовая таямніца.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international