ГА “БАЖ”: Спыніць ціск на журналістаў-фрылансераў!

2015 2015-07-08T12:19:26+0300 2015-07-08T12:19:26+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/baj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" выказвае рашучы пратэст у сувязі з узмацненнем адміністрацыйнага пераследу журналістаў-фрылансераў, матэрыялы якіх з'яўляюцца ў замежных СМІ.

З пачатку 2015 года суды ўжо 22 разы штрафавалі журналістаў за гэта "парушэнне", прычым толькі ў чэрвені нашых калег прыцягвалі да адказнасці 8 разоў (за ўвесь 2014 г. такіх выпадкаў было 10). У першы тыдзень ліпеня на 50 базавых велічынь быў аштрафаваны Алесь Ляўчук, чарговыя суды адбудуцца 9 і 10 ліпеня. Агульная сума штрафаў, прысуджаных журналістам у 2015 г., ужо склала больш за 117 млн рублёў.

Міліцыя і суды насуперак Закону "Аб СМІ" распаўсюджваюць абавязак атрымання акрэдытацыі ў МЗС на журналістаў-фрылансераў, якія не з'яўляюцца штатнымі супрацоўнікамі замежных СМІ. А затым неабгрунтавана прыраўноўваюць дзейнасць без акрэдытацыі да парушэння парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ (ч.2 арт. 22.9. Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях). Тым часам, прадукцыю СМІ вырабляюць не журналісты, а рэдакцыі, і распаўсюджваюць яе не журналісты, а распаўсюднікі СМІ. Зыходзячы з пададзеных у Законе "Аб СМІ" дэфініцый, журналіст не з'яўляецца суб'ектам вырабу прадукцыі СМІ, гэтак жа як і яе распаўсюду. Адпаведна, яго  нельга прыцягнуць да адказнасці за парушэнне парадку ажыццяўлення гэтай дзейнасці.

Больш за тое – прыцягненне да адказнасці журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі парушае Канстытуцыю і міжнародна-прававыя абавязальніцтвы Рэспублікі Беларусь. Арт. 34 Канстытуцыі Беларусі гарантуе грамадзянам права на атрыманне, захаванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, пра палітычнае, эканамічнае, культурнае і міжнароднае жыццё, стан навакольнага асяроддзя. Пра гэтае ж права гаворыцца і ў арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь. У адпаведнасці з часткай 2 гэтага артыкула, кожны чалавек мае права шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць любога роду інфармацыю і ідэі незалежна ад дзяржаўных межаў вусна, пісьмова ці з дапамогай друку ці мастацкіх формаў, ці іншымі спосабамі на свой выбар.

Абмежаванне гэтых правоў у адпаведнасці з Канстытуцыяй і МПГПП магчыма толькі ў вызначаных мэтах, а менавіта – для абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў. Аднак ва ўсіх выпадках прыцягнення журналістаў да адказнасці падставай для гэтага быў не "супрацьпраўны" змест матэрыялаў, а сам факт іх з'яўлення ў замежных СМІ.

Звяртаем увагу, што ў сённяшнім глабальным свеце пераслед журналістаў за з'яўленне іх матэрыялаў у замежных СМІ парушае не толькі канстытуцыйныя і прафесійныя правы журналістаў, але і права ўсіх грамадзян на атрыманне і распаўсюд інфармацыі.

Напярэдадні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узмацненне ціску на журналістаў стварае вельмі неспрыяльны фон для выбарчай кампаніі і ставіць пад сумнеў свабоду яе асвятлення ў СМІ.

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" заклікае:

- кіраўніцтва МУС і КДБ – разглядзець правамернасць дзеянняў сваіх супрацоўнікаў па названых вышэй справах. Замест таго, каб змагацца са злачыннасцю і абараняць канстытуцыйны лад, дзясяткі супрацоўнікаў МУС і КДБ арганізавалі сапраўднае паляванне на журналістаў, якія не парушаюць нічыіх законных правоў і інтарэсаў;

- суды Рэспублікі Беларусь – пры разглядзе адміністрацыйных спраў кіравацца Канстытуцыяй і міжнародна-прававымі дамовамі Рэспублікі Беларусь; не дапускаць пашыральнага тлумачэння актаў заканадаўства краіны, якія вызначаюць адказнасць;

- Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь – звярнуць увагу на безумоўнае выкананне судамі законаў і захаванне іерархіі прававых актаў, а таксама на незалежнасць судоў пры вынясенні судовых пастаноў. У многіх адміністрацыйных справах супраць журналістаў незразумела якім чынам апынуліся матэрыялы з іншых падобных спраў; з'яўленне такіх "узораў рашэнняў" у судовых справах можна разглядаць як ціск на суд;

- Пракуратуру Рэспублікі Беларусь, пракурорскіх работнікаў – апратэставаць не адпаведныя заканадаўчым актам пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях па ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь;

- Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь – распачаць вытворчасць па справе аб ліквідацыі прабелаў, выключэнні калізій і прававой нявызначанасці ў нарматыўных прававых актах, якія рэгулююць атрыманне і распаўсюд грамадзянамі Рэспублікі Беларусь інфармацыі, у тым ліку незалежна ад дзяржаўных межаў.

Прынята Праўленнем ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international