Вэнтылятар, майткі і халоднае абціраньне — як выжываюць у сьпёку зьняволеныя

2015 2015-07-06T14:29:05+0300 2015-07-06T14:30:34+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kraty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Анамальная сьпёка назіраецца ў Беларусі ўжо некалькі дзён. Ніякіх дажджоў, а тэмпэратура дасягае 30–32 градусаў.

Каб захаваць добрае самаадчуваньне, мэдыкі раяць піць зялёную гарбату, бываць на прыродзе, насіць лёгкае адзеньне з натуральнай тканіны і менш карыстацца касмэтыкай і парфумай.

А як змагаюцца са сьпёкай у турме? Што робяць вязьні, каб перажыць самыя гарачыя дні ў годзе? Пра гэта радыё "Свабода" распытала былых палітвязняў.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі кажа, што ўзгадвае сьпякотныя дні як самыя пакутлівыя за час свайго зьняволеньня. Паводле Бяляцкага, супрацоўнікі турмаў, спасылаючыся на правілы ўнутранага распарадку, выкарыстоўваюць гарачыню для катаваньня зьняволеных.

«Сьпёка — гэта вялікая бяда для зьняволеных. Асабліва гэта тычыцца СІЗА, закрытых памяшканьняў. Каб нейкім чынам аблегчыць там свой стан, вязьні распранаюцца да майткоў, ходзяць толькі ў майтках, пастаянна паліваюцца вадой і ўвесь час ляжаць, бо задуха і вільготнасьць страшныя. Гэта можна параўнаць са знаходжаньнем у падводнай лодцы, бо не хапае паветра. Гэта элемэнтарнае катаваньне. Трохі прасьцей у калёніі, бо там больш паветра ў памяшканьнях, дый перанасяленьня асабліва няма. Але затое там вельмі строга з формай — вязень мусіць насіць чорную куртку, штаны і шапку, а таксама штосэзонныя кірзавыя чаравікі. Гэта значыць, што людзі там увесь час потныя і мокрыя, асабліва калі трэба стаяць на сонцы. Гэта складанае выпрабаваньне для здароўя. А распранацца нельга, калі ты нават проста расшпілісься, то за гэта могуць пакараць. Мяне, напрыклад, аднойчы пакаралі за тое, што я быў у швейным цэху, дзе мы працавалі, у майцы, а ня ў робе».

Алесь Бяляцкі зьвяртае ўвагу на тое, што ў сьпёку абвастраецца яшчэ адна праблема — гігіены зьняволеных:

«Ва ўсіх турмах у гарачыню абвастраецца праблема з мыцьцём. Гарачая вада — раз на тыдзень, а людзі ж потныя кожны дзень. Застаецца мыцца халоднай вадой пад душам ці неяк абцірацца да пояса. Таксама забаронена апаляцца на сонцы — гэта караецца. Хоць відавочна, што зьняволеныя былі б трохі здаравейшыя, калі б якую гадзіну ім дазволілі правесьці на сонцы».

Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч кажа, што стварыць больш камфортныя ўмовы ў турме можа толькі яе адміністрацыя, ад саміх вязьняў мала што залежыць.

«Адзіная палёгка — гэта калі адміністрацыя турмы дазваляе перадаць вэнтылятар. Больш нічога зрабіць нельга, каб істотна палегчыць свой стан. Але гэта ня тычыцца СІЗА. Памятаю, калі я быў у 2006 годзе на „Валадарцы“, то там зьняволеныя хадзілі ў споднім. Памятаю, увесь дзень зь цябе цячэ. Пішаш ліст, а з твару пот капае на аркушы. Бывае, што супрацоўнікі турмы адчыняюць „кармушкі“ на дзьвярах камэр, каб стварыць дадатковую вэнтыляцыю. Зразумела, што кіраўніцтва турмаў не зацікаўленае ў тым, каб здараліся сьмяротныя выпадкі з-за сьпякоты.

Калі казаць, што горш — мароз ці сьпёка, то я скажу, што сьпёку перанесьці складаней. У мароз можна дадаткова апрануцца, калі ты, вядома не сядзіш у тонкай кашулі ў карцэры ці ізалятары, дзе тэмпэратура ніколі не падымаецца вышэй за 15 градусаў. Ад сьпёкі нікуды ня дзенесься. Трэба цярпець».

Жонка Міколы Статкевіча, кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году, Марына Адамовіч адзначыла, што яе муж моцна пакутаваў ад сьпёкі летась. Пра гэта ён казаў на спатканьні ў канцы 2014 году.

«Зьняволеныя практычна ніякім чынам ня могуць палегчыць свой стан падчас сьпёкі. Зьмена формы адзеньня можа паслужыць нагодай, каб узмацніць пакараньне, як гэта было зь Мікалаем Дзядком. Сапраўды, там неверагодна пакутлівая сьпёка. Мікола мне казаў, што ў сьпёку асабліва невыносна тым, хто на апошнім паверсе, бо там вельмі моцна награецца дах. Але Міколу троху пашанцавала — яго памяшканьне не на сонечным баку. Так, цягам году ён ніколі ня бачыць сонца, але ў сьпёку гэта плюс. Яшчэ Мікола абліваецца халоднай вадой — але гэта яго звычайная завядзёнка, якая не залежыць ад надвор’я», — сказала Марына Адамовіч.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international