Магілёўская валанцёрка на “Станцыі Харкаў": "Альбо рабі, альбо маўчы"

2015 2015-06-30T09:41:42+0300 2015-06-30T09:43:06+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/harkau-misia-2015-06-29.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валанцёры на "Станцыі Харкаў"

Валанцёры на "Станцыі Харкаў"

Валанцёрка з Магілёва, якая брала ўдзел у “Праваабарончай гуманітарнай місіі ва Украіне”, арганізаванай беларускімі праваабаронцамі, падзялілася сваімі ўражаннямі ад убачанага на ўласныя вочы ў Харкаве.

“Станцыя Харкаў" - гэта пункт дапамогі бежанцам з зоны АТА. Тут перасяленцам не аказваюць фінансавай дапамогі. Падтрымка заключаецца ў выдачы прадуктаў харчавання (крупы, макароны і г.д.), бытавой хіміі, адзення, дзіцячых цацак.

Калі ёсць у наяўнасці пасцельныя прыналежнасці, матрацы, ложкі - выдаюць і іх. Таксама на "Станцыі" працуюць псіхолаг, лекар, юрыст, якія дапамагаюць перасяленцам з рашэннем прававых пытанняў і псіхалагічных праблем. Працы  валанцёрам хапае. Цяпер ужо менш, але год таму ў зале часта здараліся істэрыкі, плакалі дзеці. Псіхолаг быў нарасхват.

Менавіта я на "Станцыі" займаюся раздачай рэчаў. Людзі прыходзяць, кажуць, у якіх рэчах маюць патрэбу, я падбіраю ім патрэбнае. У першыя дні мы з валанцёрамі маніторылі працу мясцовых устаноў, якія займаюцца сацыяльным забеспячэннем. Апытвалі людзей, праводзілі анкетаванне.
Сама "Станцыя" – гэта невялікае памяшканне. У першым вялікім пакоі ў два шэрагі стаяць сталы, за якімі працуюць адміністратары. Да іх падыходзяць бежанцы, рэгіструюцца, кансультуюцца, якую дапамогу могуць атрымаць. Рэгістратараў у будні дзень – 5-6.

 

Аб недабрасумленных людзях

На раздачы рэчаў, якая ажыццяўляецца ў тым жа памяшканні, звычайна чалавекі 2-3. Выдача адбываецца па запісе, мы фіксуем колькасць рэчаў, якія бярэ чалавек, на паперцы. Ён з гэтай паперкай вяртаецца да рэгістратара, там гэта ўсё ўносіцца ў базу і толькі потым мы выдаем адкладзеныя рэчы. На жаль, сярод перасяленцаў сустракаюцца нядобрасумленныя нахабныя людзі, якія прыходзяць на "Станцыю", як на працу, і хочуць браць і браць рэчы. Працэдура занясення рэчаў у базу і замацавання за кожным прозвішчам пэўнай колькасці, дапамагае кантраляваць сітуацыю, і  спыняць спробы нажыцца з дапамогай "Станцыі".
Не ведаю, колькі дакладна за дзень рэгіструецца, але магу сказаць, колькі людзей атрымліваюць у нас вопратку. Каля трыццаці ў дзень. Іншым разам даходзіць да паўсотні.

Прыходзяць, у асноўным, жанчыны. Сумна бачыць, але большасць з маленькімі дзеткамі. Перад адкрыццём “Станцыі”, у 11 гадзін, каля ўваходу ўжо стаіць натоўп. Шмат жанчын ва ўзросце. Бяруць рэчы і на сябе, і на іншых членаў сям'і, якія зарэгістраваныя на "Станцыі". Апранутыя практычна ўсе бедна, выглядаюць стомлена, але кантактуюць ахвотна.

Мужчыны з'яўляюцца рэдка. А калі і прыходзяць, то бачна, што іх жанчыны цягнуць, каб яны змаглі на месцы памераць нейкія рэчы. Мужчынам вельмі нязручна тут, быццам адчуваюць віну, што не могуць утрымліваць сям'ю і прыйшлі сюды "жабраваць".

Вайскоўцы і жабракі

У горадзе неверагодна шмат нацыянальнай сімволікі. Жоўта-блакітныя колеры ўсюды. На дрэвах малююць крэйдамі, на сценах патрыятычныя надпісы, на слупах налепкі.

На вуліцах шмат вайскоўцаў. У першы дзень нешта скрабянула, калі ўбачыла мужчын у форме з вялізнымі сумкамі і аўтаматамі, а цяпер - нармальна ўсё.
У Харкаве вельмі шмат жабракоў. Старых, дзяцей. Многія перапрадаюць нейкія старыя рэчы. Людзі жудасна бедна апранутыя. Толькі на турыстычных вуліцах шпацыруюць “мажорыстыя” хлопцы і дзяўчаты. Цэны на ежу проста шакуюць: у два-тры разы ніжэй, чым у Беларусі. У Харкаве бежанцаў не хочуць браць на працу, таму што баяцца, што перасяленцы выкрадуць, кінуць і падмануць.

На "Станцыі" працуюць у асноўным самі перасяленцы. Некаторыя з іх маюць асноўную працу і звяртаюцца сюды з асабістых памкненняў. Іншых валанцёраў з нейкіх краін я не бачыла.

Раней, як і асноўная маса беларусаў, я ставілася да ўкраінцаў так – "бедныя нашы субраты, апынуліся ў жудаснай сітуацыі, пакутуюць, небаракі".
Аднак за гэтым нічога не стаяла, як і зараз не стаіць у сотняў тысяч беларусаў-назіральнікаў. Толькі праз тыдзень я пачынаю ўнікаць у тое, што адбываецца, адчуваць настроі.

Калі дзярэ на часткі

Тут няма "бедняжек", тут патрэбна дапамога. Шмат людзей нажываюцца на валанцёрскім імкненні дапамагчы. Ёсць украінцы, якія з жаласлівым выглядам бяруць рэчы на "Станцыі", а потым перапрадаюць на рынках і ў пераходах. Воляй-няволяй пачынаеш думаць цвяроза. І тут важна не страціць сабе, не зайсці за рамкі і не счарсцвець, расчараваўшыся. Уся гэтая неадназначнасць раздзірае.

Мне здаецца, па прыездзе дадому, я буду пазбягаць размоў унутры сям'і і з сябрамі аб украінцах. Зараз я па-іншаму гляджу на дапамогу. Хочаш дапамагчы - рабі. Альбо змоўкні і не разважай. Мы таксама тут робім мізэр, як ні сумна.

Замест эпілогу

Чытаючы навіны і праглядаючы ТБ, мы не здольныя зразумець тыя працэсы, якія тут адбываюцца. Пачуццё суперажывання і падтрымкі абясцэньваецца, таму што аб'ект ужо не той. Канешне, мы можам казаць цяпер, што вялікая энергетыка даходзіць да ўкраінскага народа, але ўсё гэта фарс. Усё гэта крывадушна. Падтрымай ты хоць аднаго ўкраінца, але мэтанакіравана і канкрэтна. Гэта будзе лепш, чым ты будзеш качаць галавой і шкадаваць свой братэрскі народ на экране манітора. Альбо рабі, прыязджай, збірай рэчы, грошы, спрыяй пераезду ў Беларусь і працаўладкаванню, альбо маўчы і не разважай. Я б усім цікаўным у Беларусі забараніла б разважаць аб украінскім народзе.

“Магілёўская Вясна”.

Выдача адзення для бежанцаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international