viasna on patreon

Салігорскія супрацоўнікі ДАІ не здолелі скласці пратакол па-беларуску

2015 2015-06-29T00:39:35+0300 2015-06-29T00:39:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dai-supracounik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Увечары 25 чэрвеня салігорскі кіроўца Аляксандр Малочка быў спынены за дробнае правапарушэнне пад час руху на сваім аўто супрацоўнікамі ДАІ. Мець зносіны з дзяржаўнымі службоўцамі салігорац пажадаў на беларускай мове, але даішнікі не здолелі нават пратакол аб правапарушэнні скласці па-беларуску.

- З тым фактам, што шторкі на маім аўто з’яўляюцца парушэннем правіл дарожнага руху, я абсалютна пагадзіўся. Але я папярэдзіў супрацоўнікаў ДАІ, што буду карыстацца беларускай мовай і запатрабаваў ад іх, як ад дзяржаўных служачых, таго ж. Таксама я запатрабаваў, каб пратакол быў складзены па-беларуску і на беларускамоўным блакну, а інакш я не прызнаю факт правапарушэння, - кажа Аляксандр Малочка. - На жаль, адзінае, што я пачуў ад інспектара Сінельнікава, які нават не прадставіўся па форме, як таго патрабуе працэдура, гэта слова “каліласка”. На маё законнае патрабаванне прадставіць мне перакладчыка вышэйзгаданы супрацоўнік ДАІ ніяк не адрэагаваў ды працягваў звяртацца да мяне толькі на рускай мове.

Пасля з’яўлення другога супрацоўніка ДАІ па прозвішчы Вялічка, даішнікі пачалі рабіць відэаздымку працэсу на свой мабільны тэлефон. Весці ж відэздымку Аляксандру Малочку ў іх службовым аўто было забаронена.

- Калі я перасеў у іх службовы аўтамабіль, то яшчэ некалькі разоў патрабаваў складання пратаколу па-беларуску. Усе мае вусныя запыты і законныя патрабаванні супрацоўнікі ігнаравалі і ўвогуле перасталі падтрымліваць са мною зносіны, бо ў службовым аўтамабілі была ўключана сістэма запісу маёй з імі гутаркі, - працягвае Аляксандр Малочка. - Пратакол склалі на рускай мове на рускамоўным бланку без неабходных вусных тлумачэнняў аб маіх правах і абавязках па-беларуску. Уручылі толькі выпіску на рускай мове. Напрыканцы я папярэдзіў іх аб тым, што буду абскарджваць гэткія незаконныя дзеянні і, што магчыма, мы яшчэ сустрэнемся ў судзе.

Старшыня Мінскай абласной арганізацыі АГП і вядомы ў салігорску юрыст Віктар Малочка лічыць, што парушэнняў правіл дарожнага рух, у тым ліку ў выглядзе так званых шторак у аўто Аляксандра, не мусіць быць. Але і супрацоўнікі ДАІ, перакананы Віктар Малочка, абавязаны выконваць заканадаўства. І калі грамадзянін патрабуе складання пратакола на роднай для яго беларускай мове, то гэта павінна выконвацца. Працэсуальна-выканаўчы кодэкс гарантуе асобам, у дачыненні якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, права карыстацца роднай мовай альбо паслугамі перакладчыка. Калі ж нейкія службовыя асобы ў Рэспубліцы Беларусь не ведаюць і не хочуць ведаць дзяржаўныя мовы, то яны павінны быць адхіленыя ад выканання сваіх службовых абавязкаў, лічыць Віктар Малочка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства