Справа Кучуры: магілёўскія органы пайшлі ў ігнор

2015 2015-06-23T13:51:27+0300 2015-06-23T13:51:27+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kuchura_liudmila.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла Кучура ў Праваабарончым цэнтры "Вясна"

Людміла Кучура ў Праваабарончым цэнтры "Вясна"

Жадаючы схаваць факт катаванняў у ПК-15, які патрабуе прызнаць жонка асуджанага Пятра Кучуры, мясцовыя органы Следчага камітэта і пракуратуры нахабна пераварочваюць факты з ног на галаву ў адпісках на скаргі - нібыта злачыннага інцыдэнту ў калоніі і не было.

Паводле Людмілы Кучура, яе мужу толькі цяпер і з вялікімі намаганнямі, праз папяровую валакіту, удалося атрымаць на рукі адпіскі на свае скаргі, якія яшчэ ў сакавіку прыйшлі ў турму №4 [там Пётр Кучура ўтрымліваецца пасля ўзмацнення жорсткасці пакарання па рашэнні суда ў снежні 2013 года - рэд.] «для абвяшчэння асуджанаму».

У скаргах Пётр Кучура патрабаваў пракурорскага рэагавання на адрас Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта за несвоечасова распачатую праверку па факце атручвання яго хлоркай ў ПК-15, што зрабіла немагчымым пакаранне вінаватых супрацоўнікаў калоніі. Але змест адказаў з гэтых органаў, на жаль, не варты такіх высілкаў асуджанага і яго жонкі - гэта адпіскі, у якіх сутнасць іхных шматлікіх скаргаў зводзіцца на нішто.

«Больш за ўсё здзіўляе адказ з Упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці, у якім пішуць, што мая заява не ўтрымлівала звестак пра прыкметы складу якога-небудзь злачынства. Гэты адказ тычыцца заявы, пададзенай мною 5 лістапада 2013 года. Яна пра тое, што майго мужа, як я лічу, катавалі хлоркай у камеры ШІЗА ПК-15, пра тыя пакуты, якія ён перанёс пасля гэтага, пра тое, што яму не выдаваліся своечасова лекі, што пры яго захворванні магло прывесці да смяротнага зыходу. Але, як ні дзіўна, СК піша, што, аказваецца, пра злачынства мы не паведамлялі», - кажа Людміла Міхайлаўна.

Таксама ў сваёй першай заяве, ад 5 лістапада 2013 года, яна прасіла правесці медыцынскую экспертызу для ўстанаўлення факта атручвання мужа хлорам і наступстваў гэтага атручвання для яго здароўя.

«Але ў адказе з пракуратуры ігнаруецца той факт, што я першапачаткова патрабавала правядзення судова-медыцынскай экспертызы. Зыходзячы з гэтага адказу, заварушыліся толькі калі пачалася праверка ўжо па распараджэнні Генпракуратуры і СК, пра якую мяне апавясцілі 28 траўня 2014 года. І я лічу, гэтая праверка была распачатая пасля таго, як мы накіравалі скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Таму што 16 і 18 траўня 2014 года з УСК па Магілёўскай вобласці і Генпракуратуры мне прыйшлі адказы аб тым, што ніякай праверкі не будзе, бо гэта неаднаразова правяралася і ніякага складу злачынства з боку работнікаў ПК-15 не ўстаноўлена, а праз тыдзень раптам прыходзіць паведамленне пра тое, што будзе распачатая праверка па 174-м артыкуле КПК», - распавядае жонка асуджанага.

Узнікае пытанне: хто-небудзь з прадстаўнікоў Следчага камітэта і пракуратуры гатовы прызнаць прасіцельную частку яе скаргі ад 5 лістапада 2013 года, дзе ўсё распісана літаральна - і пра вінаватых асобаў, і пра неабходнасць судова-медыцынскай экспертызы. Каб не быць галаслоўнай, Людміла Кучура перадала «Вясне» копію гэтай скаргі на двух старонках (гл. копію ў дадатку).

Пракурор горада Магілёва паведамляе ў адказе Пятру Кучуру: «З матэрыялу праверкі ўгледжваецца, што ў Вашым арганізме адсутнічаюць якія-небудзь змены стану здароўя, якія маюць відавочную прычынную сувязь з падзеямі Вашага знаходжання ў памяшканні ШІЗА ПУ «ПК №15» у верасні 2013 года, на якія Вы і Вашая жонка спасылаецеся ў сваіх зваротах». Звяртае ўвагу тое, што, кажучы пра стан арганізма, пракурор пазбягае слова «экспертыза», замяняючы яго абстрактным «праверка». Сапраўды, ніякага медыцынскага абследавання пацярпелага не праводзілася, каб пазбегнуць гэтага былі даследаваны толькі медыцынскія дакументы, а не ягоны арганізм.

І Следчы камітэт, і пракуратура замоўчваюць пра Паведамленне аб немагчымасці дачы заключэння №1368А з Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертызаў, якое толькі лішні раз пацвярджае несвоечасовасць праверкі, распачатай следчым Скавародкіным П.Л. 27 траўня 2014 года.

«... Біяабъекты для даследавання мэтазгодна адбіраць у першыя гадзіны, часам суткі, пасля кантакту з атрутным рэчывам. Для ўстанаўлення факта хімічнай траўмы неабходна было своечасова вырабіць забор пробаў паветра ў памяшканні для ўстанаўлення ў іх канцэнтрацыі таксічных рэчываў (у прыватнасці хлору) і правесці медыцынскае абследаванне пацярпелага», - паведамляе эксперт (гл. копію Паведамлення ў дадатку).

«Цікава, што пры гэтай праверцы на судова-хімічную экспертызу ў мужа ўзялі аналіз мачы і крыві 8 снежня 2014 г., а атручванне было 19 верасня 2013-га. Што можа застацца ў крыві і мачы пасля больш як года з дня атручвання арганізма? І што перашкаджала зрабіць экспертызу ў той час, калі мы пра гэта прасілі ў заяве ад 5 лістапада 2013 года? - кажа Людміла Кучура. - Тады нам было адмоўлена - таму, я лічу, што ўсе выдатна ведалі: калі правесці судова-медыцынскую экспертызу, то сляды атручвання парамі хлору ў арганізме выявяцца. Таму нам і давалі адказы пра адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы (праз што і ў суд звяртацца давялося) - каб пацягнуць час. А наступную праверку з судова-медыцынскай «экспертызай» я ўжо лічу фікцыяй».

Наконт атрыманых адказаў з магілёўскай пракуратуры і СК жонка асуджанага адзначае: «Ні на адно пастаўленае намі пытанне не дадзены адказ - вада вадой. Мяне здзіўляе, што гэтыя адказы пішуць юрысты».

«Усе хочуць схаваць злачынства, якое здзейснена супрацоўнікамі ПК-15 горада Магілёва, і такім спосабам імкнуцца замяць справу пра катаванні», - кажа Людміла Кучура, сцвярджаючы, што гэта яе аднак не спыніць, яна мае намер і далей дамагацца справядлівасці.

Скарга Людмілы Кучура ад 5 лістапада 2013 (с.1)
Скарга Людмілы Кучура ад 5 лістапада 2013 (с.2)
Паведамленне пра немагчымасць дачы заключэння №1368А

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international