FIDH: Савет па правах чалавека павінен працягваць выконваць свае абавязкі ў дачыненні да сітуацыі ў Беларусі

2015 2015-06-22T14:54:21+0300 2015-06-22T14:55:02+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/haraszti-fidh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прэзентацыя справаздачы FIDH і ПЦ "Вясна" ў СПЧ ААН у Жэневе. 6 сакавіка 2014 г.

Прэзентацыя справаздачы FIDH і ПЦ "Вясна" ў СПЧ ААН у Жэневе. 6 сакавіка 2014 г.

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму характарызуецца сур’ёзнымі, шырока распаўсюджанымі і сістэматычнымі парушэннямі.

Паводле Спецыяльнага дакладчыка ААН Міклаша Харасці, парушэнні ў краіне носяць “сістэмны і сістэматычны” характар. У 2013-2014 гадах FIDH зафіксавала факт парушэння эканамічных і сацыяльных правоў, у тым ліку правоў працоўных, які былі такімі ж сур’ёзнымі, як і парушэнні грамадзянскіх і палітычных правоў у краіне. Занепакоенасць з нагоды прымусовай працы ў Беларусі ў значнай ступені паўтарыў Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах у сваіх рэкамендацыях да краіны. На сваёй 26-й сесіі (у чэрвені 2014 года) Савет па правах чалавека прыняў рэзалюцыю аб працягу яшчэ на год мандата Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў краіне.

Нягледзячы на вызваленне пасля трох гадоў адвольнага затрымання прэзідэнта ПЦ “Вясна”  і віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася. Наглядным прыкладам сістэматычнага падаўлення незалежных меркаванняў і іншадумцаў, а таксама ціску на грамадзянскую супольнасць, з’яўляецца выкарыстанне прэвентыўных адвольных затрыманняў, пра што сведчаць FIDH і ПЦ “Вясна”. Наш апошні даклад  паказвае, што ўлады Беларусі сістэматычна і без законных падставаў арыштоўваюць актывістаў напярэдадні важных грамадскіх падзей, каб пазбегнуць любых формаў пратэсту.

На міжнародным узроўні ўрад Беларусі працягвае ігнараваць рэкамендацыі органаў ААН і адмаўляецца ад супрацоўніцтва з імі. Беларусь праігнаравала рашэнне Працоўнай групы ААН па адвольным затрыманні, паводле якога ўтрыманне пад вартай Алеся Бяляцкага было прызнана адвольным, што асудзіў і іншы орган ААН, Камітэт па правах чалавека (КПЧ), пасля таго, як усякае супрацоўніцтва з ім было спынена. Рашэнне КПЧ ад кастрычніка 2014 г. з’яўляецца гістарычным, паколькі яно прааналізавала прычыны, якія прымусілі дзяржаву адмовіць ПЦ “Вясна” ў рэгістрацыі, і прызнала, што яны  парушылі права на свабоду аб’яднанняў, абароненага Пактам, паколькі яны не былі ні законнымі, ні неабходнымі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі або грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя або маралі насельніцтва, ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў. Яно таксама прызнае, што ўтрыманне пад вартай Алеся Бяляцкага было прамым следствам парушэння яго права на свабоду аб’яднанняў, што яго права на прэзумпцыю невінаватасці і на належнае судовае разбіральніцтва было парушана, і запатрабавала ад Беларусі прадаставіць яму кампенсацыю, а таксама зрабіць захады, каб падобнае не паўтарылася ў будучыні.

Сёлета, калі сітуацыя ў Беларусі была разгледжаная ў рамках Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) (4 траўня) і знаходзіцца на стадыі абмеркавання на 29-й сесіі Савета па правах чалавека, увага Савета не павінна быць адцягнутая роляй Беларусі ў арганізацыі перамоваў па ўкраінскім канфлікце. Акрамя таго, цяжар сітуацыі з правамі чалавека ў іншых краінах рэгіёну Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі (у Азербайджане   і Узбекістане) не павінен служыць апраўданнем для аслаблення ціску на беларускі ўрад. Неабходнасць міжнароднага маніторынгу сітуацыі ў гэтых краінах ні якім чынам не супярэчыць намаганням міжнароднай супольнасці ў Беларусі. Напярэдадні сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў – улічваючы, што выбарчыя кампаніі і выбары ў Беларусі неаднаразова характарызаваліся падвышанымі рэпрэсіямі – Савет па правах чалавека павінен пакінуць сітуацыю ў краіне сярод прыярытэтных пытанняў у сваім парадку дня.

За некалькі месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Савет мае прыняць рэзалюцыю аб працягу мандата Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў краіне, чые справаздачы, у цэлым, уяўляюць сабой дарожную карту для структурных, сістэмных рэформаў у галіне правоў чалавека. Савет павінен таксама заклікаць Беларусь дазволіць Спецыяльнаму дакладчыку наведаць краіну, што яна да гэтага часу адмаўлялася рабіць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства