viasna on patreon

Адміністратыўная справа рэчыцкіх заўзятараў "усплыла" ў трэці раз

2015 2015-06-09T15:07:00+0300 2015-06-09T15:15:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mihaleuski_retchyca.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Максім Маліноўскі.

Максім Маліноўскі.

8 чэрвеня ў Рэчыцкім судзе ў чарговы раз разглядалася адміністратыўная справа футбольнага заўзятара Максіма Маліноўскага, якога абвінавачваюць у тым, што ён яшчэ 19 красавіка лаяўся матам і не рэагаваў на заўвагі мінакоў. Суд ізноў перанеслі, на гэты раз на 15 чэрвеня, паколькі не з’явіліся сведкі здарэння. Пра гэта паведамляе суполка Речица. Без цензуры. 

Нагадаем, 25 красавіка хлопца выклікалі ў міліцыю "для размовы", пасля чаго змясцілі ў ІЧУ і пратрымалі там двое сутак, склаўшы пратакол затрымання. А 27 красавіка ў судзе горада Рэчыцы пачаўся разгляд адміністратыўнай справы напярэдадні затрыманага Маліноўскага і футбольнага заўзятара В.Бенчука.

З залы суда юнакі былі адпушчаныя. Суддзя пратакол Бенчука адправіў на дапрацоўку і паведаміў, каб той чакаў позву. А ў "справе" Маліноўскага нібыта знайшоўся сведка, які чуў, як нехта лаецца матам. Таму суд перанесены на 30 красавіка, каб сведка падцвердзіў, быў гэта ён ці хто-небудзь іншы. Аднак і ў гэты дзень разгляд справы не адбыўся.

Нагадаем, за некалькі дзён да затрымання юнакоў да многіх мясцовых фанатаў (больш за 20) прыходзілі супрацоўнікі міліцыі па месцы вучобы і праводзілі тлумачальныя гутаркі з кіраўніцтвам навучальных устаноў, расказвалі якія гэтыя хлопцы-заўзятары дрэнныя і што за імі патрэбен асаблівы нагляд. Некаторых выклікалі ў аддзяленне і гутарылі асабіста.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства