Суд над Міхаілам Жамчужным распачаўся ў закрытым рэжыме

2015 2015-06-01T14:02:05+0300 2015-06-01T14:02:05+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zamchuzny.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны

Міхаіл Жамчужны

1 чэрвеня ў 10-й раніцы распачаўся суд над заснавальнікам арганізацыі «Платформ інавэйшн» Міхаілам Жамчужным. Працэс праходзіць у Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме.

Пра тое, што працэс будзе закрыты, было вядома загадзя, хаця афіцыйнай інфармацыі пра гэтую справу практычна не было. Пра гэта Міхаіл Жамчужны пісаў у лістах да сваіх аднадумцаў і праваабаронцаў.

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў да пачатку працэсу прыйшоў у абласны суд. Ён спадзяваўся, што ўсіх, хто прыйшоў на працэс, спачатку запросяць у залу, і ўжо там суддзя абвесціць рашэнне пра закрыты працэс. Аднак у выпадку з Міхаілам Жамчужным такога не адбылося. Відавочна, што суддзя прыняў рашэнне пра закрыты працэс пры вынясенні пастановы пра прызначэнне справы да слуханняў.

Паводле папярэдніх звестак, Міхаіла Жамчужнага вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — 376 (часткі 1, 2), 375 (частка 1) і 431 (часткі 1, 2) — у наўмысным раскрыцці звестак, якія ўтрымліваюць службовую таямніцу, незаконным набыцьці (вырабе) сродкаў для непублічнага атрымання інфармацыі, якая ўяўляе сабой службовую таямніцу, і ў даванні хабару. Пра гэта заснавальнік арганізацыі «Платформ інавэйшн» паведамляў на волю сваім аднадумцам і сябрам па перапісцы.

Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік таксама атрымаў ліст ад Міхаіла Жамчужнага:

"У апошнім лісце, напісаным напярэдадні суду, гаворыцца, што суддзёй прызначана Валянціна Буева. Але раней прызначалі двух іншых суддзяў, і яны адно за адным адмовіліся весці справу, як толькі пазнаёміліся з яе матэрыяламі. Пра сябе Міхаіл Ігаравіч паведамляе наступнае: "У астатнім усё добра: настрой, здароўе і творчыя планы. Змагацца, вядома, буду – напоўніцу. Ёсць за што і за каго. Добра, што адзін. У адзіночку я мацнейшы".

З прыватнай перапіскі таксама вядома, што ён адмовіўся супрацоўнічаць са следствам, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які дазваляе грамадзяніну адмовіцца ад любых сведчаньняў, бо яны могуць быць выкарыстаныя супраць яго самога.

60-гадовы Міхаіл Жамчужны - былы дацэнт Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, вядомы ў акадэмічным асяроддзі даследчык і вынаходнік. Ён неаднаразова быў удзельнікам перадачы "Свабода ў турмах", якая выходзіць на Радыё Свабода, дзе распавядаў пра цяжкасці і праблемы, а таксама асаблівасці побыту ў месцах зняволення.

За кратамі спадар Жамчужны апынуўся ўжо другі раз. У 2008 годзе на яго завялі крымінальную справу за эканамічныя злоўжыванні на працы і асудзілі. Пасля вызваленьня ў 2012 годзе ён заявіў, што справа супраць яго была сфабрыкаваная, спрабаваў абскардзіць свой прысуд. Арганізацыю «Платформ інавэйшн» Міхаіл Жамчужны заснаваў разам з Андрэем Бандарэнкам. Паколькі ў Віцебску ён не мае блізкіх сваякоў, пра ягонае затрыманне і арышт стала вядома не адразу.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international