Сельсавет ухіляецца ад прапаноў грамадскай ініцыятывы "Хайсы"

2015 2015-05-28T18:33:38+0300 2015-05-28T18:33:38+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-pahavanne.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня Мазалаўскага сельсавету даслаў адказ заснавальніку грамадскай ініцыятывы “Хайсы” Яну Дзяржаўцаву. Актывіст прасіў мясцовыя ўлады аб добраўпарадкаванні ляснога ўскрайку каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну, дзе, паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, адбываліся "сталінскія" расстрэлы.

Старшыня Мазалаўскага сельсавету Леанід Дубіна асабіста выязжаў у тое месца паводле пісьмовага звароту, падпісанага 88 мясцовымі жыхарамі і жыхарамі Віцебску. У склад камісіі ўваходзілі старшыня сельскага выканаўчага камітэту Леанід Дубіна, кіраўнік справаў сельвыканкаму К. Кавалёва, ляснічы Лосвідякага лясніцтва А. Ліпчанскі. Быў запрошаны і прадстаўнік стваранай грамадскай ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў.

Спадар Дубіна катэгарычна не прымае версію, выказаную актывістамі грамадскай ініцыятывы "Хайсы". Яны апыталі мясцовых жыхароў, і тыя распавялі, што ў гэтым лесе ў 1936-38 гадах расстрэльвалі мірных жыхароў. Старшыня сельсавету мяркуе, што парэшткі людзей, якія дагэтуль ляжаць у лесе ў вялікіх ямінах, належаць закатаваным вязням канцлагеру, які быў недалёка ад паселка Лужасна. Але гэтую думку ён выказвае толькі ў спрэчках з актывістамі, анічога не прадпрымаючы дзеля высвятлення ісціны.

Паводле ягоных слоў, у лесе пад Хайсамі мусіць працаваць батальён спецыяльнага прызачэння, які займаецца перазахаваннем чалавечых парэшткаў. Але тэрмінаў, калі варта чакаць вайскоўцаў, спадар Дубіна не называе. Між тым, частка парэшткаў, забраная ўвосень мінулага года на экспертызу ў Мінск, можа быць перазахаваная літаральна гэтымі днямі ў невядомым месцы.

Ян Дзяржаўцаў атрымаў адказ за подпісам Аляксея Ларкіна, начальніка Віцебскага раённага аддзела Следчага камітэта, дзе гаворыцца, што экспертыза здолела вызначыць толькі тое, што гэтым парэшткам больш за 50 гадоў. Прычыну і даўніну смерці вызначыць нібыта немагчыма. І таму парэшткі, якія забіралі з лесу на экспертызу, будуць проста перададзены службам ЖКГ для пахавання.

Старшыню сельсавету чамусці не турбуе, што ў лесе пад Хайсамі сёння раскідныя косткі тых, каго варта пахаваць па-хрысціянску. І нават тое, што ягоная версія можа аказацца праўдзівай, і тады атрымліваецца, што ў год Вялікай Перамогі мясцовыя ўлады нічога не зрабілі для ўшанавання памяці ахвяр фашызму. Версія пра пахаванні ў лесе вязняў канцлагеру можа мець і яшчэ адзін аспект. Паколькі Следчы камітэт адказвае, што прычыну смерці вызначыць немагчыма, то нельга адвяргаць верагоднасць таго, што людзі памерлі ад нейкай небяспечнай хваробы. І тады такое пахаванне ў лесе наўпрост можа пагражаць здароўю мясцовых жыхароў.

Зрэшты, актывісты ініцыятывы "Хайсы" перакананы, што ў лесе ўсё ж адбываліся "сталінскія" расстрэлы. Яны абапіраюцца на аповеды сведкаў. І дзівяцца, чаму мясцовыя ўлады імкнуцца любым коштам абвергнуць менавіта гэтую версію. І прапановы па добраўпарадкаванні гэтых мясцін упарта не падтрымліваюцца. Хаця, па вялікім рахунку, няважна, кім былі расстраляныя – а пра гэта сведчаць дзіркі ад куль у знойдзеных чэрапах. Значна важней зрабіць усе, каб іх парэшткі не былі раскіданыя па лесе, а іх магілы не трывожылі "чорныя капальнікі" у пошуках каштоўнасцяў або зброі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international