viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Выбары – гэта шоў з ужо запланаванымі вынікамі

2015 2015-05-27T17:14:20+0300 2016-05-26T21:50:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-rr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Cтаршыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі

Cтаршыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі

У час прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў рэдакцыі тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” ў Беластоку, Алесь Бяляцкі найперш закрануў тэму палітычных вязняў і суда над Юрыем Рубцовым, які ў гэты час якраз адбываўся ў Пружанах, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Палітычныя вязні

“Гэты год, нягледзячы на пэўную спакойнасць, ён дастаткова трывожны. І ставіць пэўныя пытанні і выклікі перад беларускім грамадствам, грамадзянскай супольнасцю, беларускім народам, але таксама і перад уладамі краіны”, – адзначыў у пачатку свайго выступу Алесь Бяляцкі:

– Па-першае, на жаль, сітуацыя ў Беларусі за апошні час не змянілася. Апошняя станоўчая рэч – гэта маё вызваленне, і амаль год мінуў і ніякіх зрухаў у грамадскім жыцці, у самой краіне з пытаннямі правоў чалавека і дэмакратызацыі – не адбылося. У нас застаюцца палітычныя вязні. Вось сёння ідзе суд над Юрыем Рубцовым, якога асудзілі за мірны супраціў. Яго гісторыя пачалася фактычна з кашулькі “Лукашэнка, сыходзь”, і цяпер гэтая гісторыя працягнецца, верагодна, у калоніі. Рубцоў вырас са свайго змагання за працоўныя правы, ён не падпісваў кантрактаў працоўных і гэтык далей, то бок яго змаганне спачатку мела сацыяльны характар, але ўрэшце ён зразумеў, што сама палітычная сістэма фарміруе гэтыя сацыяльныя адносіны паміж чалавекам і дзяржавам. Таму ён пачаў хадзіць у той кашульцы. Цяпер, калі ён адмаўляўся працаваць за малы заробак на “хіміі”, я ў яго пытаўся, ці ён ведае, што яго пасадзяць, ён кажа, ведаю, але гэта мой пратэст. Ён такі сведамы барацьбіт і за свае правы, і агулам за чалавечую годнасць.

“Стаўленне ўладаў да палітычных зняволеных – не змяняецца. І Юры Рубцоў стаіць у адным шэрагу з Мікалаем Статкевічам, якому цяпер пагоршылі ўмовы ўтрымання, калі перавялі ў крытую турму з калоніі”, – працягвае праваабаронца:

- Гэта вельмі падобна на ўтрыманне ў следчым ізалятары, аднак цябе яшчэ абмяжоўваюць у перадачах і сустрэчах. Калі я быў адсядзеў у следчым ізалятары да суда тры месяцы, і пасля суда, і “выскачыў” урэшце ў калонію, я амаль як на свабоду патрапіў – я неба мог пабачыць. У турме гэтага няма. І Статкевіч, акрамя таго, сядзіць адзін.

Таксама Алесь Бяляцкі ўзгадаў сітуацыю з палітычным вязнем Мікалаем Дзядком, якому нядаўна працягнулі тэрмін зняволення яшчэ на адзін год. “Дадалі подла абсалютна, за тры дні да таго часу, як сканчаўся яго тэрмін зняволення”.

На думку праваабаронцы, гэта сігналы ўсяму беларускаму грамадству перад выбарамі, што “з кожным з вас можа здарыцца тое самае”. Выбарчая кампанія фактычна пачалася і з яўнымі сігналамі застрашэння беларускага грамадства, пра што сведчыць і экстрадыцыя з краіны праваабаронцы Алены Танкачовай, якая большую частку жыцця пражыла ў Беларусі.

Пра сітуацыю з незалежнымі СМІ

Алесь Бяляцкі адзначыў трывожныя сігналы ў дачыненні да незалежных СМІ і журналістаў. Паводле яго, фактычна ўвесь мінулы год і з пачатку гэтага году ідзе няспынны ціск на тых журналістаў, якія працуюць на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, такія як Беларускае Радыё Рацыя, “Белсат”, Еўрапейскае радыё для Беларусі ды іншыя.

- Ідзе псіхалагічны ціск на дэмакратычных журналістаў, каб прымусіць іх ці суцішыцца, ці спыніць сваю супрацу з незалежнымі СМІ. Сітуацыя пагоршылася, калі ў мінулым годзе прынялі новы Закон аб СМІ, які інтэрнэт-рэсурсы незалежныя далічыў да СМІ. Мы бачым, як за апошні месяц некалькі сайтаў атрымалі лісты-папярэджанні з патрабаваннем патлумачыць, хто ёсць іх уладальнік. Гэта зразумела псіхалагічны ціск на каманды, якія працуюць на гэтых сайтах. Прычым падставы вельмі адвольныя, ніхто нават не ведае, на якіх падставах атрымаў папярэджанне сайт музычны tuzin.fm. Тым не менш, мне падаецца, што гэта пакуль “страляніна па плошчах”. А потым яны пачнуць насамрэч “адстрэльваць” тыя сайты, якія яны палічаць небяспечнымі падчас выбарчай кампаніі, таму што гэта зноў жа ёсць падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў. Гэта можа нас чакаць у бліжэйшай будучыні.

Пра выбары і эканамічны крызіс

“Выбары пройдуць, як і ў папярэднія разы, ніхто не чакае ніякіх сюрпрызаў, улады самі далі сігнал, што ніякіх зменаў не будзе. Гэта значыць, што будуць фальсіфікацыі, не кажучы аб практыцы фарміравання камісій і гэтык далей. Выбарчай кампаніі рэальна не будзе”, – кажа Алесь Бяляцкі:

- Выбары – гэта шоў з ужо запланаванымі вынікамі. Можна памяняць прозвішчы, а вынікі браць з мінулай кампаніі.
Аднак ёсць рэчы, якія зараз турбуюць і ўлады Беларусі. Краіна ў канцы мінулага году ўвайшла ў эканамічны крызіс, летась у снежні абваліўся беларускі рубель на 30%, пазней ён яшчэ патаннеў на 10%, пачаліся праблемы са збытам тавараў – абвал за апошнія месяцы на 40%, склады затавараныя прадукцыяй, прадпрыемствы сур’ёзна буксуюць і пераходзяць на няпоўны працоўны дзень.

Улады не могуць масава звальняць людзей перад выбарамі – гэта прывядзе да сацыяльнага напружанняю.

Яны цяпер таму шукаюць пазыкі, каб да выбараў гэтую сацыяльную напружанасць не ўзмацняць, і захаваць той узровень эканамічны, які ёсць прынамсі цяпер. Аднак на Расею спадзявацца не выпадае, там свае праблемы. Адпаведна шукаюць сродкі ў Еўропе, і гэтая кампанія “паляпшэння стасункаў з Еўразвязам” – яна, безумоўна, мае эканамічны падтэкст. Яны спрабуюць хоць трошкі нешта набраць. Адбываюцца парадаксальныя рэчы: з аднаго боку нічога не меняецца, а з іншага – гучыць рыторыка, што “мы гатовы да зменаў і супрацоўніцтва”, а пытанні палітвязняў, правоў чалавека, смяротнага пакарання – на іх выразнага адказу няма. Ідзе папулістычная рыторыка, якая не падмацаваная рэальнымі справамі.

Пра Украіну

- Падзеі ва Ўкраіне вельмі моцна адбіваюцца на беларускім грамадстве, у нас слухаюцца расейскія каналы, праз якія ідзе агалцелая прапаганда.

Гэта агрэсіўная хваля накрывае Беларусь, таму багата людзей глядзяць на Ўкраіну праз прызму расейскіх СМІ і ў гэтым вялікая праблема. Улады ж з аднаго боку не прызнаюць анэксію Крыму, а з іншага – не падпісваюць дакумент у Рызе на саміце “Ўсходняга партнёрства”, дзе напісана канкрэтна пра анэксію Крыму. Яны лавіруюць. Аднак відавочна, што Лукашэнку ўкраінскія падзеі насцярожылі, бо калі Крым стаў “наш”, то чаму і Беларусь не можа стаць “нашай”. Але гэтыя ўсе саюзы з Расеяй зайшлі настолькі глыбока, што зрабіць нават крок назад Беларусі і ўладам краіны надзвычай цяжка. Рэальна залежнасць ад Расеі надзвычай высокая і гэта вынік непрадуманай васальнай палітыкі са спадзяваннем на танныя рэсурсы, але сыра ў мышалоўцы няма бесплатнага. Платай можа стаць незалежнасць краіны, і гэта ўсе сёння выразна адчуваюць.

На думку Алеся Бяляцкага, супрацьстаяць расейскай прапагандзе могуць толькі незалежныя СМІ, на якія цяпер ускладаецца вялікае значэнне.

Пра саміт у Рызе

- Саміт я не ацэньваю як правальны. Проста было багата чаканняў, і атрымалася багата расчараванняў. Але ў гэтым былі пэўныя аб’ектыўныя прычыны, бо не можа быць голых спадзяванняў, якія не грунтуюцца на канкрэтнай працы. Саміт выразна падкрэсліў, што шэсць краін падзяліліся на тры групы па сваіх задачах, мэтах і чаканнях ад “Усходняга Партнёрства”.

І ў першай групе, яўна праеўрапейскай, апынуліся Ўкраіна, Малдова і Грузія. Прычым са сваімі жахлівымі праблемамі: страшная беднасць у Малдове, вайсковыя канфлікты ў Грузіі і ва Ўкраіне, дзе кожны дзень надалей гінуць людзі. І той мінімальны ўзровень рэформаў, які яны павіны былі выканаць, яны не выканалі па аб’ектыўных прычыных. Аднак калі краіны Ўсходняй Еўропы кажуць, што гэта еўрапейскія краіны,  і можа быць маюць перспектывы Еўразвязу, то ў Францыі і Нямеччыне гэта ўжо не так адназначна, там не гатовыя браць на сябе дадатковыя абавязкі і палітычныя, і фінансавыя. Канешне, гэтая негатовасць ЕЗ да ўспрымання гэтых краінаў як еўрапейскіх – адчуваецца. І з гэтым трэба працаваць.

Арменія – гэта асобная група. Яна ўвайшла ў Еўразійскі саюз, а з іншага боку – спрабуе заключыць дамовы з Еўразвязам. Такая палітыка шматвектарная, слабасць якой у тым, што Арменія – сама слабая, акрамя таго яшчэ і мае канфлікт з Азербайджанам. А свет такі, што прыйдзецца і так вызначацца, у які бок урэшце ісці.

І трэцяя група – гэта Беларусь і Азербайджан, якія самі “пляваць хацелі” на Еўрапейскі звяз. Дайце нам грошы і больш нам нічога не трэба, і не дыктуйце, як нам жыць. Было заяўлена адкрыта – нас цікавіць Усходняе Партнёрства і адносіны з Еўразвязам, бо нам патрэбныя сродкі. У Еўразвязе ёсць свае праблемы, і многія краіны, Чэхія ці Венгрыя, наракаюць, аднак нам прынамсі гэтага дасягнуць.

Мы заўсёды даводзім, што калі беларускія ўлады не зацікаўленыя ў рэальным супрацоўніцтве з Еўразвязам, то Еўразвяз павінен супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасцю.  Еўразвяз павінен супрацоўнічаць з тымі, хто хоча супрацоўнічаць, а не збіраецца падмануць.

Саміт страсануў сітуацыю. Пасля таго, як кожны сказаў, што думае, усе засталіся незадаволенымі. Аднак цяпер, напрыклад, Украіна ведае, што трэба зрабіць, каб атрымаць бязвізавы рэжым. Што датычыць нашага грамадства і грамадзянскай супольнасці, то мы паказалі, што тактыка і стратэгія рэжыму – не змянілася, ніхто (акрамя Туска), не сказаў, што ёсць нейкія змены. Рэжым не вырашае важныя пытанні, гэта яго прынцыповая пазіцыя.

Мы здолелі паказаць рэальную карціну таго, што адбываецца ў Беларусі на сённяшні дзень: што ніякіх зменаў няма.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства