viasna on patreon

Канстытуцыйны суд пакінуў без разгляду зварот грамадзянаў

2015 2015-05-19T11:52:23+0300 2015-05-19T11:52:23+0300 be

Канстытуцыйны суд адмовіўся разглядаць зварот грамадзянаў наконт калізій паміж нормамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (ГПК), што вызначаюць прадстаўніцтва ў грамадзянскім судаводстве. Пра гэта паведаміла карэспандэнту НЧ жыхарка гораду Бабруйск Валянціна Каваленка.

Яна распавяла, што разам з зямлячкай Любоўю Санкевіч яны двойчы звярталіся ў Канстытуцыйны суд з просьбай узбудзіць вытворчасць наконт устаранення калізій паміж нормай Канстытуцыі, што дае грамадзяніну права на выбар свайго прадстаўніка ў судзе, і нормай ГПК, які ўтрымлівае абмежаваны пералік тых, хто можа прадстаўляць інтарэсы грамадзянаў у судзе.   Свой зварот жанчыны матывавалі тым, што згодна ГПК менавіта грамадзяне абавязаны прадстаўляць у судзе доказы сваёй пазіцыі і могуць вольна распараджацца сваімі правамі. Гэта азначае, што грамадзяне маюць права выбіраць сваім судовым прадстаўніком любую давераную асобу. Дарэчы, такое права прадастаўляе грамадзянам і Канстытуцыя. Аднак артыкул 72 ГПК абмяжоўвае гэтае права грамадзянаў вычарпальным спісам прадстаўнікоў, у які ўваходзяць, у тым ліку, і адвакаты.   У выніку суддзі Канстытуцыйнага суду не разгледзелі па сутнасці зварот грамадзянаў і ён не пайшоў далей сакратарыяту ўстановы, які даў заяўніцам фармальную адпіску. Хоць на сустрэчы з грамадзянкамі старшыня Канстытуцыйнага суду Пётр Міклашэвіч абяцаў разгледзець зварот і прызнаў, што доказы жанчын маюць рацыю. Дарэчы, зварот выкліканы тым, што пры разглядзе справаў заяўніцаў у судзе Бабруйскага раёну і горада Бабруйск суддзі не дапусцілі ў працэс прадстаўніка грамадзянак, які не ўваходзіў у пералік, прадугледжаны нормай ГПК.   У сваім каментары юрыстка Тамара Сяргей зазначыла, што новы закон пра канстытуцыйнае судаводства, які ўступіў у сілу ў мінулым годзе, прыадчыніў дзверы для грамадзянаў. “Цяпер і яны могуць звяртацца ў Канстытуцыйны суд дзеля ўстаранення з нарматыўных актаў прабелаў, выключэння з іх калізій і прававой нявызначанасці. Аднак на справе зрабіць гэта аказалася немажліва. Прычына ў тым, што праблема адпісак з дзяржаўных структураў на звароты грамадзянаў стала ўсеагульнай і захапіла, у тым ліку, і Канстытуцыйны суд”, -- заявіла юрыстка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства