Урад Беларусі спыніў перапіску з КПЧ наконт паведамлення жыхара Віцебска Міхаіла Жураўлёва

2015 2015-05-18T11:18:21+0300 2015-05-18T11:18:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zurauleu-mihail-vicebsk.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жураўлёў.

Міхаіл Жураўлёў.

Падставай для такога радыкальнага рашэння беларускіх уладаў стала тая акалічнасць, што  індывідуальнае паведамленне спадару Жураўлёву падрыхтаваў і ад яго імя накіраваў у Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ) праваабаронца Павал Левінаў.

З камэнтара ўраду вынікае тое, што беларуская дзяржава дужа пакрыўдзілася на Камітэт за рэгістрацыю скаргі Жураўлёва, дасланую Левінавым. Да таго ж незадаволенасць дзяржавы выклікала тое, што Камітэт не зрабіў ласку паведаміць уладам пра прычыны, па якіх ахвяра – М. Жураўлёў – ня змог падаць сваю скаргу самастойна. Такім чынам, беларускія ўлады мяркуюць, што была парушаная працэдура падачы скаргі ў КПЧ.

Акрамя таго, дзяржава – меркаваны парушальнік Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах настойвае на тым, што КПЧ не павінен разглядаць ніякіх паведамленняў ад асобы, пакуль не пераканаецца ў тым, што гэтая асоба вычарпала ўсе даступныя ўнутраныя сродкі прававой абароны.

Абгрунтоўваючы сваё патрабаванне, беларуская дзяржава ў сваім камэнтары на скаргу Жураўлёва піша: «Інфармацыя, якая змяшчаецца ў паведамленні, сьведчыць пра тое, што асобаю, ад імя якой прадстаўленае паведамленне, не былі вычарпаныя ўсе даступныя ў Рэспубліцы Беларусь сродкі прававой абароны. Міхаіл Жураўлёў не скарыстаўся правам звароту ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь».

Угледзеўшы ў названых фактах працэсуальныя парушэнні, беларускія ўлады адхілілі скаргу Жураўлёва і паведамілі Камітэту, што далейшы разгляд КПЧ скаргі Жураўлёва будзе расцэньвацца дзяржавай як заахвочванне аўтара, Паўла Левінава, да дзеянняў, якiя не прадугледжаныя працэдурнымі дакументамі Камітэта, і злоўжываньня правам звароту ў міжнародныя органы.

У апошнім сказе свайго камэнтара ад 26 сакавіка 2015 году ўрад Беларусі паведамляе Камітэту пра спыненне далейшага ліставання з ім наконт скаргі Міхаіла Жураўлёва.

У сваім зваротным каментары праваабаронца Павал Левінаў рашуча адпрэчвае ўсе аргумэнты дзяржавы Рэспублікі Беларусь, на падставе якіх яно спыніла ліставанне з КПЧ ААН, і ацэньвае іх як безгрунтоўныя і ў працэсуальным, і ў фактычным сэнсе.

Праваабаронца сцьвярджае, што права накіраваць зварот у КПЧ ад імя Міхаіла Жураўлёва ён атрымаў пасля афармлення афіцыйнага дакумэнту – даверанасці ад апошняга на вядзенне справы ў Камітэце. У самым паведамленні адзначана, што Міхаіл Жураўлёў з'яўляецца пенсіянерам-інвалідам і ня можа сам паўнавартасна падрыхтаваць скаргу ў КПЧ.

Варта адзначыць, што ў міжнароднай практыцы такія адносіны паміж заяўнікам і яго падапечным прызнаюцца законнымі і абгрунтаванымі і з'яўляюцца дастатковымі для абароны асоб ва ўсіх інстанцыях аж да міжнародных.

Левінаў таксама паведамляе, што пастанова судзьдзі суду Першамайскага раёну Віцебску Наталлі Карабліной, якой у кастрычніку 2012 году Міхаіл Жураўлёў быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд газэты «Віцебскі Кур'ер», была абскарджаная і ў касацыйным, і ў наглядным парадку. Але ўсе беларускія судовыя інстанцыі адмовілі яму ў абароне яго грамадзянскіх правоў.

Што тычыцца аргумэнту дзяржавы, быццам бы Міхаіл Жураўлёў ня вычарпаў усе ўнутраныя сродкі прававой абароны, не падаўшы скаргу ў Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, дык насамрэч такая скарга была пададзеная ў красавіку 2013 году, і Генпракуратура даручыла яе разгляд пракурору горада Віцебска. Пракурор горада правам прынясення пратэсту на пастанову па справе аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненні да Міхаіла Жураўлёва не скарыстаўся. Такім чынам, выводзіць Левінаў, Жураўлёвым былі вычарпаныя ня толькі ўсе ўнутраныя эфэктыўныя, але і надзвычайныя сродкі прававой абароны.

Праваабаронца робіць выснову, што ў яго дзеяннях адсутнічаюць парушэнні працэдур ААН, на падставах якіх Камітэт па правах чалавека павінен завяршыць разгляд скаргі Жураўлёва, і настойвае на далейшым яе разглядзе.

Віцебская вясна

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international