«Памятаю кожную хвіліну кожнага спатканьня»

2015 2015-05-18T11:09:52+0300 2015-05-18T11:21:45+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gadiny_za_kratami.jpg

МУС Беларусі прапануе ў выхаваўчых мэтах скараціць працягласьць кароткага спатканьня да дзьвюх гадзінаў. Што ёсьць для вязьня такі кароткі кантакт з роднымі, тым больш калі гэта, як на турэмным рэжыме, усяго адна-дзьве сустрэчы ў год праз тэлефон, шкло ды ў прысутнасьці кантралёраў?

Неабходнасьць ці прывілея?

Як лічаць псыхолягі, «турэмныя спатканьні — гэта больш, чым проста сувязь зьняволенага з сваякамі». Паводле адмыслоўцаў, вязень, які праз такія сустрэчы кантактуе з вонкавым сьветам, мае больш шанцаў вярнуцца назад у соцыюм, чым той, хто такіх сустрэчаў за кратамі ня мае.

Ці разглядае адміністрацыя пэнітэнцыярных установаў падобныя кантакты як прывілеі? Або наадварот — бачыць у іх рэчы самі сабой зразумелыя? У розных краінах стаўленьне да гэтага пытаньня рознае. Па-рознаму выглядаюць і самі спатканьні.

У турмах шмат якіх краін ЭЗ сувязь вязьня зь сям’ёй лічыцца асновай рэінтэграцыі. Тут трымаюцца думкі, што такімі сустрэчамі нельга ані караць, ані заахвочваць. Па магчымасьці, варта ўсяляк пазьбягаць як забаронаў на спатканьні, так і іх абмежаваньняў. Спатканьні ў турмах той жа Швэцыі дазволеныя некалькі разоў на месяц. Вязень мае права на дзьвюхгадзінную сустрэчу зь сям’ёй, жонкай, партнэркай або партнэрам у адным з турэмных гасьцявых пакояў. Тут можна і адпачыць, і згатаваць ежу, і прыняць душ... У Нямеччыне і шмат якіх іншых краінах, каб не гублялася сувязь зь сямейнікамі, вялікая частка асуджаных мае права схадзіць у водпуск працягласьцю два тыдні ці каля таго.

У Беларусі і шэрагу іншых былых рэспублік СССР як спадчына ад савецкай ды расейскай імпэрыяў засталіся так званыя кароткія і працяглыя спатканьні — ад некалькіх гадзінаў да некалькіх дзён. Сёлета ў красавіку стала вядома, што з ініцыятывы МУС РБ праз адпаведныя папраўкі да закону «Аб парадку і ўмовах утрыманьня асоб пад вартай» плянуецца скараціць працягласьць кароткіх спатканьняў «з трох да дзьвюх гадзінаў». Як заявіў журналістам міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, гэта зроблена «выключна дзеля выхаваўчых мэтаў, каб мець большы ўплыў на паводзіны асуджаных». Міністар мяркуе, што гэта істотна паўплывае на правы і свабоды тых, хто пад вартай, іншымі словамі — не абмяжуе іх. Хоць і сёньня такое спатканьне, як сьведчаць былыя зьняволеныя, не заўсёды працягваецца менавіта тры гадзіны, як гарантуе закон.

«На кароткім спатканьні прысутнічаў нават чалавек у масцы»

Муж Марыны Адамовіч — экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч —пад вартай ад сьнежня 2010 году. У траўні 2011-га быў асуджаны на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі. Сядзеў у Шклоўскай калёніі, на турэмным рэжыме ў Магілёве, ізноў у Шклове, зь нядаўняга часу ізноў у Магілёве. Як сьведчыць сп-ня Адамовіч, за гэтыя 1600 дзён яны бачыліся ўсяго толькі 36 гадзін.

«Я памятаю кожную хвіліну кожнага спатканьня, — кажа Марына Адамовіч. — Я іх мела дужа мала. Наша адзінае за чатыры гады доўгатэрміновае спатканьне, якое паводле закону мае працягвацца „ад сутак да трох“, але ня меней за 24 гадзіны, цягнулася нават ня суткі, а істотна менш. А ўсе астатнія нашы спатканьні (іх, здаецца, было сем) былі толькі кароткія. Праз падвойнае шкло, праз краты, са слухаўкай, якая пішчыць-вішчыць у вельмі кепска ізаляваных загародках. Хоць як яны ізаляваныя — гэта вельмі маленькія перагародачкі і пяць чалавек, якія адначасова спрабуюць дакрычацца да сваіх блізкіх.

На кароткіх спатканьнях, акрамя праслухоўваньняў, былі і дэманстратыўныя праходкі аховы за Міколавай сьпінай. Адзін раз гэта была нават пэрсона, даруйце, у масцы. Я ня ведаю, што гэта азначала. Або некаму дужа было цікава паглядзець, як мы сустракаемся, таму паспрабаваў схаваць свой твар. Але мне, даруйце, напляваць, што яны мяне слухаюць. У мяне гэта адзін ці максымум два шансы на год пабачыць Міколу».

Паводле жонкі палітвязьня, «прапанова МУС адносна скарачэньня працягласьці кароткіх спатканьняў, мякка кажучы, вельмі дзіўная. Яна сьведчыць пра тое, што даўно насьпела перадача пэнітэнцыярных устаноў у падпарадкаваньне Мін’юсту. Даруйце, але ўва ўсім сьвеце выпраўленьне людзей, якія аступіліся, скіравана на сацыялізацыю гэтых людзей. А сацыялізацыя без кантактаў са сваякамі, мякка кажучы, вельмі дзіўнай падаецца».

Адамовіч: «На жаль, яны ўжо даўно ў шмат якіх установах штучна скарачаюць працягласьць спатканьня, бо ў законе напісана: „да чатырох гадзін“. Але скараціць тое, чаго ня можа быць шмат, да дзьвюх гадзін — гэта або цынізм, або барбарства. Магу сказаць, што калі чалавек мае адно спатканьне кароткатэрміновае, то лічыш ня толькі хвіліны, але і сэкунды... Я б не адмовілася нізавошта ад ніводнай хвіліны спатканьня, нягледзячы на тое, што, сапраўды, пасьля іх дужа ўзрушаесься. Але гэта адначасова і мацуе і дае магчымасьць жыць далей да наступнага спатканьня».

«Дзьвюх гадзінаў для турэмнага рэжыму не хапае катэгарычна»

Асуджанаму на 18 гадоў няволі нібыта за ненаўмыснае забойства Пятру Кучуру праз пару месяцаў споўніцца 60. Гэта будзе ўжо адзінаццаты дзень народзінаў, які ён сустракае за кратамі: «Валадарка», Менская калёнія на Кальварыйскай, Магілёўская «пятнаццатка», Магілёўская «крытка». На турэмным рэжыме — ад восені 2013 году. За скаргі сям’і адносна ўмоваў утрыманьня ў ПК-15 быў залічаны да «асобаў, якія ня сталі на шлях выпраўленьня».

Жонка Пятра — Людміла ня так даўно разам з сынам езьдзіла ў Магілёў на кароткае спатканьне. Паводле яе словаў, «дзьвюх гадзін не хапае катэгарычна. Чэргі вялікія. Стаяць тут пераважна сваякі падсьледных (на тэрыторыі турмы знаходзіцца і СІЗА). Кабінак жа для размоваў толькі пяць. На кароткіх спатканьнях у калёніях нашмат спакайней ды свабадней. Для многіх сваякоў ехаць праз усю краіну на дзьвюхгадзінныя сустрэчы з асуджанымі задорага. Тым больш што ёсьць яшчэ і працяглыя спатканьні. Таму багата кабінак у пакоях для такіх перамоваў у калёніях пустуюць...»

«Мы бачымся праз шкло толькі два разы ў год...А мой муж — інвалід, мае групу. Кожны момант можа нешта здарыцца... Вельмі сумна... Думаеш, калі б ён насамрэч учыніў нешта такое... Хай нават ускосна», — кажа Людміла Кучура.

«Калі размову слухаюць іншыя, гэта як сэкс на людзях»

Былы палітвязень Мікола Аўтуховіч летась вызваліўся з гарадзенскай турмы № 1. У гэтую ўстанову як злоснага парушальніка рэжыму яго этапавалі з ПК-5 у Івацэвічах. Аўтуховіч расказвае, што ягоныя кароткія спатканьні ў Горадні працягваліся нават меней за дзьве гадзіны. Тэлефон, пра які вялася размова, быў сапсаваны ўшчэнт.

Аўтуховіч: «Мне не падабаецца, што там кабінкі — каб толькі сесьці аднаму чалавеку. Калі да цябе прыходзяць два-тры чалавекі, жонка, дзеці, то яны ня ўлазяць у гэтую кабінку: там вельмі цесна.

Памятаю, што ў калёніі ў Івацэвічах можна было прагаварыць дзьве гадзіны. У турме я меў магчымасьць раз на паўгода схадзіць на кароткае спатканьне. Мне там гадзіну давалі, можа, крыху болей, як атрымлівалася. Як яны самі захацелі. Ведаю, што ў турме былі вольныя кабінкі. А ў Івацэвічах я хадзіў некалькі разоў на кароткае спатканьне, дык увогуле толькі аднойчы сядзеў адзін там... У калёніі да большасьці зьняволеных ніхто не прыяжджаў. Мне казалі, што на аднаго там прыпадае ў сярэднім шэсьць судзімасьцяў. Калі я сядзеў два разы, а ў сярэднім шэсьць сядзяць, то нехта павінен быў мець і дзесяць судзімасьцяў. Збольшага гэта людзі самотныя, бязь сем’яў...

Што яшчэ напружвала падчас кароткіх спатканьняў? У тэлефоне, па якім размаўляў праз шкло ў Гарадзенскай турме, нейкі сталы фон быў ды шум у слухаўцы. Каб зразумець добра, што кажа жонка, трэба ўслухоўвацца. Я там нейк раз казаў: „Што ў вас за тэлефон, што не чутно? Так, вы запісваеце, слухаеце — але навошта, каб гэта перашкаджала размаўляць?“ Пасьля яны нешта там падкруцілі, і стала лепей. Там стары камутатар, калі „пальчыкі“ ўстаўляюць...

Напачатку вельмі няёмка сябе адчуваў, ведаючы, што тваю размову праслухоўваюць. Гэта як сэкс на людзях. Потым, разумеючы, што інакш не атрымліваецца, на гэта ўжо не зважаеш і размаўляеш пра ўсё... Калі б ад мяне залежала палепшыць кароткія спатканьні ў турмах і калёніях, я б зрабіў больш пільны агляд тых, хто сустракаецца, але каб сустрэчы праводзіліся ў пакоях бяз шкла. Каб не было шкла, каб блізкія маглі абняць адно аднаго, пацалавацца. Для мяне гэта дзікунства, калі чалавек ня можа абняць сваю жонку, дзяцей, калі яны за мэтар сядзяць. Гэта дзікунства нейкае, зьдзекі зь людзей».

«Некаторыя вязьні просяць родных не прыяжджаць на кароткія спатканьні»

Муж Леры Хоцінай, прыхільнік анархісцкага руху, палітвязень Мікалай Дзядок сёлета ў сакавіку меўся выйсьці на волю з Магілёўскай «чацьвёркі» пасьля 4,5 года за кратамі. Аднак замест гэтага суд прызнаў яго злосным парушальнікам, і Дзядок атрымаў дадатковы год калёніі. Ад пачатку 2013-га сужэнцы мелі толькі некалькі кароткіх спатканьняў праз шкло. Паводле Леры, яна ня любіць кароткіх спатканьняў, бо «пра ўсё, што варта і важна сказаць, сказаць нельга — праслухоўваюць, а таму іншым разам даводзіцца гаварыць пра нейкую лухту».

«Яшчэ, — працягвае жонка палітвязьня Дзядка, — кароткатэрміновыя спатканьні пераносяцца вельмі цяжка самімі вязьнямі. Мікалай расказваў, што некаторыя кажуць, каб маці, родныя не прыяжджалі на кароткія спатканьні, бо за тыя дзьве гадзіны яны потым покатам ляжаць на нарах, маўчаць і ня могуць агойтацца».

«Наша „кароткае“ цягнулася амаль сем гадзінаў»

Кіраўніца «Плятформы», удава асуджанага Алёна Красоўская-Касьпяровіч, чый муж памёр два гады таму пры загадкавых абставінах у папраўчай установе, узгадвае, як аднойчы яны з мужам нечакана атрымалі рэкорднае па сваёй працягласьці кароткатэрміновае спатканьне. Яно цягнулася амаль сем гадзінаў. Сёньня такое наўрад ці можа здарыцца. Той начальнік і тыя кантралёры ўжо на пэнсіі. Паводле Алёны, ім з мужам «было пра што гаварыць увесь гэты час, нават улічваючы, што іх размову слухалі іншыя».

Сужэнец Алёны Красоўскай-Касьпяровіч быў асуджаны на 18 гадоў. Паводле яе словаў, абодва ўсьведамлялі, што гэта было справядлівае пакараньне, а можа нават і замяккае. Абодва разумелі, што «стаць на шлях выпраўленьня» — гэта адзіная магчымасьць, каб у якасьці заахвочваньня атрымліваць дадатковыя спатканьні і каб час разлукі такім чынам праляцеў хутчэй».

Красоўская-Касьпяровіч: «Акрамя трох належных працяглых спатканьняў, у нас было некалькі заахвочвальных (за добрую працу, вучобу, удзел у спартовым жыцьці), а таму я езьдзіла далёка не на ўсе „кароткія“. Толькі, калі яны супадалі зь перадачамі. Ехаць  дзеля кароткай размовы шмат гадзінаў на аўтобусах, цягніках, бо сярод сваіх не было нікога з машынай — для мяне гэта было і цяжка, і вельмі накладна.

У той раз атрымалася так, што калі я прыехала ў калёнію, у пакоях для спатканьняў быў рамонт. Але ж мужу мабыць памылкова падпісалі дазвол на кароткае спатканьне. Каб прыбыць на месца раніцай, я ехала ўсю ноч. Я была не гатовая да таго, каб вяртацца назад, а таму з падпісанай заявай пайшла да начальніка і сказала: „Як так можна? Я прыехала зь Менску. Вы ж ведалі, што будзе рамонт!“ Дадам, што тая калёнія адрозьнівалася сваім гуманным стаўленьнем ня толькі ў дачыненьні да нас з мужам. Ва ўсялякім разе, ніхто там на скарачэньне спатканьняў ня скардзіўся. Карацей, начальнік даў распараджэньне дазволіць нам сустрэцца. Мы сядзелі сярод дошак, будаўнічага сьмецьця ды размаўлялі. Мы былі толькі ўдвох. Кантралёры, зразумела, прысутнічалі. Муж сядзеў за кратамі доўга, а таму яны ведалі нас, што  мы, напрыклад, не перадамо тыя ж наркотыкі ці нешта іншае. Але яны пільнавалі, каб не было нечага. Неяк непрыкметна прыкласьці цыдулку да шкла было немагчыма, але ж рабіць нейкія знакі вачыма(у нас з мужам былі свае патаемныя знакі) мы маглі. Некалькі разоў нас па чарзе выводзілі ў прыбіральню... Усе амаль сем гадзінаў нам было пра што размаўляць. Часам раздражняла шкло, бо хацелася абняцца ды дакрануцца.

Я выйшла з таго пакою толькі ўвечары. Аднак „такі ільготны рэжым“ магчымы толькі, калі вы нікога не цікавіце. Пазьней, калі я прыйшла працаваць у „Плятформу“ і калі адміністрацыя была запалоханая тым, што інфармацыя выйдзе з установы, былі спатканьні, калі ў мужа за сьпінай стаяў кантралёр і ў мяне, таксама былі выпадкі, калі нас пазбаўлялі спатканьняў».

«Велізарны маральны стымул і ня менш велізарны стрэс для арганізму»

«Турэмныя спатканьні — гэта, з аднаго боку, велізарны маральны стымул. А з другога — ня менш велізарны стрэс для арганізму, як у маральным, так і ў фізычным пляне», — напісаў у сваёй кніжцы «Турма і здароўе» былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі. Узгадваючы сваё самае першае кароткатэрміновае спатканьне з жонкай, прафэсар Бандажэўскі адзначае, што яно надало яму сілы, каб вытрымаць за кратамі ўсе наступныя гады.

«У маёй памяці, — піша аўтар, — усплывае такі эпізод. У першыя тыдні пасьля таго, як мяне этапавалі з Гомельскага СІЗА ў Менскую калёнію на Кальварыйскай, я быў пазбаўлены ўсялякіх кантактаў з вонкавым сьветам. Натуральна, мне было вельмі цяжка ў маральным пляне, і я быў на мяжы псыхалягічнага зрыву. Усё ўнутры дрыжала ад напругі. Мне здавалася, што блізкія мяне згубілі. Калі я прыйшоў на першае кароткае спатканьне (тэлефонная размова праз шкло), я меў вельмі прыгнечаны выгляд. Жонка Галіна, мая вучаніца ў навуцы, дзіцячы лекар па прафэсіі і выдатны псыхоляг па жыцьці, сказала мне словы, якіх я ніколі не забуду: „Не хвалюйся, я цябе знайду, дзе б ты ні быў!“

Гэта адразу мяне супакоіла. Прыйшоўшы ў атрад, я расказаў пра гэта сваім таварышам па няшчасьці. "Вось гэта жонка, вось гэта сапраўдны сябар!" — адразу адзначылі яны».

«Людзям, якія ідуць на спатканьне са зьняволеным, трэба дакладна разумець, што нават гадзіна кароткатэрміновага спатканьня можа стаць велізарнай падтрымкай для чалавека за кратамі. Трэба змагацца за роднага чалавека, нельга кідаць яго ў турме сам-насам зь ягонымі праблемамі», — піша ў сваёй кнізе колішні вязень сумленьня, прафэсар Юры Бандажэўскі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international