Светлагорск: шэсць месяцаў інвалід-вазочнік даказвае, што яго незаконна затрымала «хуткая» на пікеце

2015 2015-05-07T23:25:43+0300 2015-05-07T23:25:43+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/liashenka-jury-svetlagorsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юры Ляшэнка.

Юры Ляшэнка.

З лістапада 2014 года светлагорскі грамадскі актывіст, інвалід першай групы Юрый Ляшэнка аспрэчвае ў розных інстанцыях сваё затрыманне на пікеце ў райцэнтры медыкамі хуткай дапамогі. Скаргі ў Гомельскае абласное ўпраўленне аховы здароўя і профільнае міністэрства не прынеслі плёну. Скарга ў судзе разглядаецца з красавіка, і рашэнне пакуль не прынятае.

Заяўнік просіць суд прызнаць дзеянні медыкаў, якія затрымалі яго на пікеце, незаконнымі. 25 лістапада мінулага года Юрый Ляшэнка праводзіў каля райвыканкама адзіночны пікет у абарону правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Не паспеў ён разгарнуць плакат, як на плошчу выехала карэта хуткай дапамогі, супрацоўнікі якой схапілі грамадскага актывіста разам з вазком, на якім ён перамяшчаўся, і завезлі супраць яго волі ў шпіталь. Прычым медыкі пераконвалі Юрыя Ляшэнку, што яму нібыта блага, і яны яго ратуюць.

У шпіталі жыхару райцэнтра зрабілі некалькі ўколаў, і тут жа «матэрыялізаваўся» міліцыянер, які склаў на яго адміністрацыйны пратакол за несанкцыянаваны пікет.

Актывіст лічыць, што ў дадзеным выпадку ідзе размова пра выкарыстанне медыцынскіх работнікаў у палітычным пераследзе грамадзян.

У заяве жыхар райцэнтра ставіў пытанні: хто і на якой падставе выклікаў да яго «хуткую», хто даў загад медыкам везці яго ў стацыянар і калоць там невядомыя ўколы.

Некалькі паседжанняў суд слухае сведкаў як з боку заяўніка, так і адказчыка. Так, сведкамі выступілі гомельскія журналісты Кастусь Жукоўскі і Ларыса Шчыракова. Па іх словах, Юрый Ляшэнка ў дзень пікету выглядаў бадзёра і спакойна, на здароўе не скардзіўся. Знянацку на плошчы з'явілася «хуткая», і ўжо праз 15 секунд інваліда-вазочніка «упакавалі» і павезлі ў шпіталь. Прычым, па словах актывіста, у яго нават не спыталіся прозвішча, не памацалі пульс, не памералі ціск, не слухалі яго пярэчанняў, што ён здаровы і не мае патрэбы ў медыцынскай дапамозе. Кастусь Жукоўскі паказаў на судзе, што затрыманне інваліда-вазочніка было падобнае на выкраданне чалавека, і прывёў прыклады, як у Беларусі бясследна знікалі людзі.

Медыкі ж сцвярджалі, што вельмі спяшаліся ратаваць чалавека. Намеснік галоўнага ўрача, якая прысутнічала на судзе, даводзіла, што «хуткая» мела права забіраць чалавека таму, што ён знаходзіўся ў грамадскім месцы.

Па патрабаванню заяўніка ў судзе быў праслуханы запіс тэлефоннага званку незнаёмага мужчыны, па выкліку якога медыкі забралі Юрыя Ляшэнка. Дакладна на запісе гучала так: «На цэнтральнай плошчы блага інваліду-вазочніку, выязджайце!». Хуткая дапамога выехала, не ўдакладняючы ні дадзеныя таго, хто званіў, ні таго, хто нібыта «раптам захварэў». Прычым на выклік паехаў і загадчык аддзялення хуткай дапамогі. 7 траўня на судзе ён патлумачыў, што гэта быў важны выклік, таму ён таксама прысутнічаў.

«Медыцынскія работнікі не спыталіся ў мяне – ці сапраўды мне блага, ці даю я сваю згоду на шпіталізацыю. У карэце хуткай дапамогі яны, як самі прызналіся на судзе, трымалі вазок за калёсы і ручкі, то бок канечне я не мог вырвацца ад іх, прычым аўтамабіль ішоў на вялікай хуткасці. Згодна медыцынскаму клінічнаму пратаколу, мне павінны былі растлумачыць наступствы пры маёй магчымай адмове ад паслуг медыкаў. Дыягназ паставілі за 30 секунд, прычым і ціск нават не вымяралі. Хоць на судзе медыкі гавораць, што вымяралі – толькі не памятаюць, у якім менавіта моманце паездкі, якая цягнулася каля паўтары-дзве хвіліны», - дадаў Юрый Ляшэнка.

Суддзю Уладзіміра Сцяпанава цікавіла: як медыкі вызначылі, што чалавек мае патрэбу ў шпіталізацыі, што ён хворы? “Ён што – млеў, быў у крыві, выпадаў з вазку, ці былі яшчэ нейкія прыкметы, што чалавек патрабуе неадкладнай дапамогі?» - запытаўся суддзя. Медыкі пакінулі яго пытанне без адказу.

7 траўня на судзе загадчык аддзялення хуткай дапамогі Сяргей Пятрэнка патлумачыў гэта так: выпадковы мінак паказаў медыкам на інваліда-вазочніка і сказаў: «Паглядзіце, які ён бледны!». І на гэтай падставе яго вырашылі «ратаваць».

Юрый Ляшэнка звяртае ўвагу, што згодна пастановы Пленума Вярхоўнага Савета «Аб прымяненні судамі заканадаўства, якое рэгулюе абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян пры разглядзе скаргаў на неправамоцныя дзеянні дзяржаўных органаў і службовых асоб» даказваць законнасць і абгрунтаванасць здзейсненых дзеянняў павінны дзяржаўныя органы і службовыя асобы. Яны ж абавязаны прадставіць суду матэрыялы, якія паслужылі падставай для такіх дзеянняў.

У дадзеным выпадку атрымліваецца, што даказваць павінен Юрый Ляшэнка. Ніякіх дакументаў, якія б пацвердзілі, што медыкі мелі рацыю, калі хапалі на вуліцы чалавека і везлі ў шпіталь, работнікі «хуткай» не прадставілі.

«Прычым фельчар дае адны паказанні, урач – другія, а загадчык аддзялення – трэція. Дзе тут можна знайсці праўду?», - падкрэслівае актывіст.

Слуханні справы працягваюцца.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international