Драздоўскі: Мы настойваем, каб Беларусь далучылася да Міжнароднай канвэнцыі аб правах інвалідаў

2015 2015-05-05T14:53:46+0300 2015-05-05T14:54:47+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/drazdouski-2.jpg
Сяргей Драздоўскі

Сяргей Драздоўскі

5 траўня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за правы інвалідаў. Свабода пагутарыла з гэтай нагоды з каардынатарам арганізацыі «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю» Сяргеем Драздоўскім.

Інваліды-вазочнікі — адна з найбольш актыўных у Беларусі групаў, якія бароняць свае правы. Іхні лідэр — Сяргей Драздоўскі, каардынатар грамадзкай праваабарончай арганізацыі «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю».

Карэспандэнтка: «Яшчэ тры гады таму — у траўні 2012 году — інваліды-вазочнікі ладзілі вулічную акцыю, каб прыцягнуць увагу ўладаў і грамадзкасьці да праблемаў людзей з інваліднасьцю. Цяпер такія акцыі не праводзяцца. Чаму: зьніклі праблемы ці зьніклі людзі, гатовыя змагацца за вырашэньне гэтых праблемаў?»

Драздоўскі: «Выхад на Бангалор — ня той выпадак, каб вырашыць праблемы. Гэты факт выхаду хутчэй прыніжае, чым падвышае значнасьць гэтай падзеі. Гэта стала звыклым і звычайным: ну вось вазочнікі — яны гэткія асаблівыя, раз на год выходзяць на вазках на плошчу. Да гэтага прывыклі, і самае галоўнае — прывыклі ўлады. А рэальна ўплываць на сытуацыю гэтая акцыя перастала. Мы думалі, што з гэтым рабіць, але на больш сур’ёзныя дзеяньні не наважыліся. І сёньня я ведаю, што Менская гарадзкая арганізацыя выяжджае не на Бангалор, а за горад на такую своеасаблівую „маёўку“, каб абмеркаваць свае справы. Можна сказаць — гэта нейкае падабенства тых маёвак працаўнікоў, які калісьці адбываліся — для вазочнікаў гэта зноў сталася актуальным».

Карэспандэнтка: «І якія пытаньні абмяркоўваюцца на такіх сустрэчах?»

Драздоўскі: «Абмяркоўваюць зьмены, якія адбываюцца — палепшылася сытуацыя ці пагоршылася, чаму і як з гэтым жыць далей і чаго чакаць у будучыні. Людзі не разважаюць маштабнымі катэгорыямі, а думаюць на ўзроўні сваіх жыцьцёвых патрэбаў: як лёгка трапіць у паліклініку, у шпіталь ці вылечыцца, як працаўладкавацца і гэтак далей. А сёньняшні, міжнародны дзень надае значнасьці такім сустрэчам. Яны вельмі важныя. Я хачу сказаць, што ня толькі вазочнікі, але таксама і іншыя групы інвалідаў памятаюць пра гэты дзень, але ня ўсе здольныя ўголас заявіць, што гэты дзень — Дзень барацьбы супраць дыскрымінацыі, за раўнапраўе. І шмат хто гэтага ня робіць з прычыны самацэнзуры. Бо ўсе цудоўна разумеюць, што дыскрымінацыя ёсьць, але заявіць пра гэта ўголас могуць далёка ня ўсе».

Карэспандэнтка: «Пра якія факты дыскрымінацыі заяўляеце вы?»

Драздоўскі: «Насамрэч нават вызначэньне самога статусу інваліднасьці сьведчыць пра тое, што дзяржава і грамадзтва кажуць: так, мы згодныя, што ты гэткі асаблівы чалавек і адносна цябе ўвесь час адбываецца дыскрымінацыя.

Чаму? Бо існаваньне і працяг дзеяньня бар’ераў, пачынаючы ад фізычных і заканчваючы адносінамі, — гэта і ёсьць дыскрымінацыя. Гэта калі агулам.

А калі ў прыватнасьці, то інваліднасьць — яна вельмі разнастайная. І мы падыходзім да пытаньня так, што калі нават адзін чалавек з інваліднасьцю трывае цяжкасьці і страты ад няроўнага да яго стаўленьня, то мы кажам пра ўсіх людзей з інваліднасьцю.

Калі сёньня мноства людзей з інваліднасьцю хуткая дапамога не забірае ў шпіталь, то, канечне, гэта дыскрымінацыя. Калі сёньня чалавеку з-за ягонай інваліднасьці трэба даказваць, што ў яго няма супрацьпаказаньняў для адпачынку ў санаторыі, то, канечне, гэта дыскрымінацыя. Калі чалавек з інваліднасьцю ня можа застрахаваць сваё жыцьцё ў страхавой кампаніі — ну як жа гэта не дыскрымінацыя?

І такія факты ў нас ва ўсіх галінах жыцьця, пачынаючы ад працы і заканчваючы ўдзелам у грамадзка-культурным жыцьці. Нават у спорце, які нібыта прадугледжвае ўдзел роўных, — параўнайце ўзнагароды спартоўцам алімпійскіх і паралімпійскіх гульняў: яны ўдвая розьняцца. Гэта значыць, чалавечая годнасьць паралімпійца ўдвая меншая?

Вычварнасьць сытуацыі ў тым, што наша дзяржава год ад году адмаўляецца прызнаваць, што ёсьць такая зьява — дыскрымінацыя. Летась мы спрабавалі адстойваць сваю пазыцыю і пачулі ад чыноўніка Міністэрства сацыяльнай абароны, што дыскрымінацыі ў нашай краіне ўвогуле няма і няма чаго пра гэта гаварыць.

Гэта сьведчыць пра тое, што ахвяры гэтай дыскрымінацыі і застануцца ахвярамі. У іх няма і ня будзе ніводнага шансу адбараніцца і аднавіць свае правы. Вось гэта самае жахлівае. Таму сёньня неабходная прававая абарона ад гэтай зьявы».

Карэспандэнтка: «Якой вам бачыцца гэтая абарона — празь якія нарматыўныя акты альбо законы?»

Драздоўскі: «Перадусім — гэта павінен быць агульны закон аб забароне дыскрымінацыі. Спробы распрацаваць такі закон цяпер робяцца шэрагам праваабарончых арганізацыяў і ініцыятываў. Мы пэўна заяўляем, што сёньня неабходны закон, які ня толькі пазначыць, які ёсьць сам панятак дыскрымінацыі, але і прапануе мэханізмы абароны чалавека ад дыскрымінацыі, а таксама прадухіленьня дыскрымінацыі.

Бяз гэтага нельга казаць пра паляпшэньне сытуацыі, бо практычна ўсе выпадкі парушэньня правоў інвалідаў зьвязаныя з дыскрымінацыйным стаўленьнем да інвалідаў. Каля дзесятка гадоў таму ў законе аб сацыяльнай абароне была такая пазнака, што дыскрымінацыя інвалідаў забароненая і перасьледуецца паводле закону. Але нашы заканадаўцы выдалілі гэтую норму з закону. Замест таго каб распрацаваць мэханізм выкананьня закону, яны проста пазбавіліся ад гэтага абавязку.

Перадусім мы настойваем на тым, каб Беларусь далучылася да Міжнароднай канвэнцыі аб правах інвалідаў, да якой далучылася каля 160 краін сьвету. Гэта той пачатак, які дае магчымасьці далейшай працы ў гэтым кірунку адносна інвалідаў. Мы бясконца на гэтым настойваем, але і дагэтуль так не адбылося, бо канвэнцыя якраз і абараняе інвалідаў ад дыскрымінацыі. Гэта самае простае з боку дзяржавы, што яна магла б зрабіць для інвалідаў. А ўсе астатнія дзеяньні будуць вынікаць з гэтага асноўнага. І гэткім чынам дзяржава прадэманстравала б сваю ўвагу і павагу да інвалідаў.

Грамадзтва ж стараецца выявіць сваю падтрымку і дапамогу, але не клапоціцца пра тое, што ўсім варта забясьпечваць роўныя правы. А інваліднасьць — гэта адсутнасьць доступу да правоў чалавека».

Карэспандэнтка: «У межах дзейнасьці праваабарончай арганізацыі „Офіс па правах людзей з інваліднасьцю“ як выяўляюцца гэтыя праблемы, пра якія вы кажаце?»

Драздоўскі: «Кожны зварот мы разглядаем праз прызму парушэньня правоў чалавека. Да нас зьвяртаюцца людзі перадусім з інваліднасьцю, бо іхнія правы парушаюцца найперш і больш за ўсё. У выніку гэтых зваротаў мы робім такія высновы, што адна з найважнейшых праблемаў — немагчымасьць і няздольнасьць чалавека атрымаць патрэбную інфармацыю ў даступнай форме і даступным выглядзе і скарыстацца ёю. Таму найчасьцей да нас зьвяртаюцца хаця бы дзеля таго, каб даведацца, якія чалавек мае правы і наколькі яны парушаныя.

Мы таксама праводзім дасьледаваньні сыстэмных парушэньняў. Да прыкладу, прызнаньне чалавека недзеяздольным пазбаўляе яго ўсіх правоў, і ў чалавека няма ніякіх магчымасьцяў абараніць сябе, бо заканадаўства не прадугледжвае такіх мэханізмаў.

У судах свае правы інваліды таксама адстойваюць у адзінкавых выпадках. Да прыкладу, калі аспрэчваюцца рашэньні дзяржаўных мэдычных органаў і рашэньні прымаюцца на падставе высноваў экспэртаў той жа сыстэмы аховы здароўя, бо незалежных экспэртаў проста няма, то зразумела, які будзе судовы вырак. Здараюцца выпадкі, калі суд прымае рашэньне і на карысьць інваліда, але гэтыя рашэньні не выконваюцца адказчыкам.

Ёсьць самыя розныя выпадкі — і адносна кіраваньня аўтамабілем, і пазбаўленьня дзеяздольнасьці і бацькоўства — самых розных выпадкаў, якімі пранізанае ўсё наша жыцьцё. Таму многія інваліды не зьвяртаюцца ў суды, бо ня вераць, што могуць чагосьці дамагчыся.

А афіцыйны статус інваліда ў нашай краіне маюць 540 тысяч чалавек».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international