viasna on patreon

Мiкалай Статкевіч застанецца ў турме да канца тэрміну зняволення

2015 2015-05-04T22:55:00+0300 2015-05-05T08:51:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/statkievicz-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікола Статкевіч. Фота: euroradio.fm

Мікола Статкевіч. Фота: euroradio.fm

Суд над палітвязнем Мікалаем Статкевічам па змене рэжыму адбыцця пакарання – з заменай яго на турэмны, адбываецца ў панядзелак, 4 траўня ў Шклоўскай папраўчай калоніі №17.

Падставаю для змены рэжыму сталі шматлікія парушэнні правілаў унутранага распарадку калоніі і непадпарадкаванне патрабаванням кіраўніцтва.

У лісце сваёй жонцы Марыне Адамовіч ён пісаў пра тое, што змешчаны ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Улічваючы, што суд будзе адбывацца на тэрыторыі калоніі, хутчэй за ўсё разгляд справы пройдзе за зачыненымі дзвярыма.

14-40.  На суд да Мікалая Статкевіча хацелі патрапіць старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, юрыст Павел Сапелка, прадстаўнік Еўрапейскага саюзу ў Беларусі, журналісты, аднак  супрацоўнік Шклоўскай папраўчай калоніі ў чыне маёра паведаміў, што працэс будзе закрыты, і папрасіў усіх адыйсці ад будынку калоніі далей. Каля самой калоніі дадаткова дзяжураць супрацоўнікі міліцыі. Пакуль што не пускаюць на суд і жонку палітвязня Марыну Адамовіч.

"Пенітэнцыярнае правасуддзе ва ўсёй красе. А у Мінску у гасцях мiнiстр замежных спрау Аўстрыi i нямецкiя дэпутаты, сацыял-дэмакраты, дарэчы.. I пра што яны будуць размаўляць з уладамi…», — напісаў Бяляцкі ў сваім Facebook.

15-00. Марыну Адамовiч запусцiлi па заяве на суд.

 

19-50. Суддзя Шклоўскага раённага суда Святлана Баранцава прызнала Мікалая Статкевіча вінаватым у парушэнні правілаў унутранага распарадку калоніі, задаволіла хадайніцтва Шклоўскай калёніі № 17  і прыняла рашэння накіраваць палітвязня да сканчэння тэрміну зняволення ў "крытую" турму, а гэта 1 год, 7 месяцаў і 15 дзён. Пра гэта паведаміў праваабаронца Барыс Бухель.

Мікола Статкевіч вырак сустрэў спакойна, паколькі ён не стаў для яго нечаканасцю і заявіў, што прашэнне аб памілаванні на імя Прэзідэнта Беларусі пісаць не будзе.

 ***

Як паведамляе Радыё Свабода,  напярэдадні адвакат пазнаёміўся з крымінальнай справай, заведзенай па Мікалая Статкевіча. Асабістая справа палітвязьня складаецца з 5 тамоў.

Што вядома пра доказы выстаўленых Статкевічу абвінавачаньняў?

«Справа складаецца з прадстаўленьня на яго аб замене ўтрыманьня ў калёніі на турэмны рэжым плюс рапарты аб парушэньнях, якія нібыта ён дапусьціў. Першы рапарт, што ён як прыехаў, быў апрануты неадпаведна патрабаваньням, і з-за гэтага ўзьнікла спрэчная сытуацыя. Потым яго запрасілі піць чай, і ён затрымаўся на 5 хвілін пасьля адбою, і гэта таксама палічылі за парушэньне, хоць зразумела, што сытуацыю стварылі невыпадкова. 

А далей усе парушэньні зьвязаныя з тым, што яго нагружалі вялікімі аб’ёмамі працы па прыбіраньні тэрыторыі. Паводле закону могуць прымусіць гэтым займацца ня больш як 2 гадзіны на тыдзень, а яго нагружалі па 42–45 гадзінаў — такая была пабудаваная схема. З размоваў зь іншымі вязьнямі выявілася, што гэта рабілася адмыслова супроць Статкевіча. Ён гэта палічыў парушэньнем закону і зьвяртаўся да адміністрацыі з гэтай нагоды, але да яго не прыслухаліся, і тады ён адмовіўся ад працы. А паколькі ён адмовіўся працаваць, дык на яго сталі складаць пратаколы штодня. Такіх актаў набралася больш за 5–6, і гэта стала падставай да накіраваньня на яго прадстаўленьня аб турэмным рэжыме. То бок, без высьвятленьня прычын адмовы Статкевіча ад працы яго сталі караць. Пазбавілі кароткатэрміновых, доўгатэрміновых спатканьняў, перадач, сталі выносіць вымовы. Вось якая была схема».

Мікалай Статкевіч — адзіны з былых кандыдатаў у прэзыдэнты, які ўтрывмліваецца  дагэтуль у турме пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 году. Суд прызнаў апазыцыйнага палітыка вінаватым у арганізацыі вулічных беспарадкаў і асудзіў на 6 гадоў зняволення. Мікалай Стактевіч не прызнаў сябе вінаватым і адмовіўся падаваць на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні. Мікалай Статкевіч адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі, затым рашэннем суду ад 12 студзеня 2012 г. умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія,  яго перавялі з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 г. Магілёва.

12 студзеня 2015 года быў этапаваны для далейшага адбыцця пакарання ў Шклоўскую папраўчую калонію №17.

Алесь Бяляцкі і Павел Сапелка каля Шклоўскай калоніі 4 траўня 2015 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства