viasna on patreon

У Магілёўскай вобласці ўлады прызнаюць існаванне праблем з карупцыяй

2015 2015-04-30T15:57:13+0300 2015-04-30T15:57:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karupcyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Магілёўскай вобласці недастаткова эфектыўна выкарыстоўваецца патэнцыял у сферы папярэджання карупцыі. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі круглага стала на тэму “Супрацьдзеянне карупцыі ў сферы дзяржаўнага кіравання”, які быў праведзены ў Магілёўскім райвыканкаме пракуратурай Магілёўскай вобласці.

Як паведамляе інтэрнэт-сайт prokuratura.gov.by, правядзенне круглага стала стала сродкам прыцягнення ўвагі кіраўнікоў прадпрыемстваў і дзяржаўных служачых да праблем, звязаных з карупцыйнымі злачынствамі.

У сваім выступе на мерапрыемстве начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Магілёўскай вобласці А. Волкаў адзначыў, што ў студзені-лютым 2015 г. на тэрыторыі Магілёўскай вобласці зарэгістравана 46 карупцыйных злачынстваў, з іх 20 – у адносінах службовых асоб органаў улады і кіравання.

Праблемы і вастрыня пытанняў барацьбы з карупцыяй па-ранейшаму актуальныя. Патэнцыял, які маецца ў сферы папярэджання карупцыі, выкарыстоўваецца недастаткова эфектыўна, а праводзімая праца ў недастатковай меры адказвае прад’яўляемым патрабаванням.

Таксама падчас круглага стала была абмеркаваная роля органаў выканаўчай улады па супрацьдзеянні карупцыі, прычыны і ўмовы здзяйснення карупцыйных злачынстваў і меры пакарання за іх здзяйсненне.

Удзельнікі мерапрыемства падкрэслілі, што абавязковая ўмова дасягнення станоўчых вынікаў у супрацьдзейнічанні карупцыйным злачынствам – забеспячэнне высокага ўзроўню ўзаемадзеяння паміж дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі, грамадскімі фармаваннямі і грамадзянамі.

Неабходна адзначыць, што ў другой палове 2014 года і ў пачатку 2015 г. грамадскія актывісты Магілёўшчыны правялі тры круглыя сталы, прысвечаныя абмеркаванню праблемы карупцыі ў вобласці, удзел у якіх прынялі адмыслоўцы ў галіне сельскай гаспадаркі, незалежныя журналісты, праваабаронцы і грамадскія актывісты з розных рэгіёнаў вобласці. На жаль, прадстаўнікі мясцовай улады ў гэтых мерапрыемствах не ўдзельнічалі. Зараз жа да высновы, што ў вобласці недастаткова эфектыўна выкарыстоўваецца патэнцыял у сферы папярэджання карупцыі, прыйшлі і прадстаўнікі ўладных структур, дзяржаўных арганізацый і прадпрыемстваў.

Нагадаем, што на працягу апошняга часу ў Магілёўскай вобласці было раскрыта шэраг гучных карупцыйных злачынстваў – у снежні 2014 года 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці атрымаў першы намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама Дзмітрый Мінянкоў, зараз праходзіць судовы працэс над былым генеральным дырэктарам “Крычаўцэменташыфера” Леанідам Скоцкім, знаходзіцца пад следствам кіраючая справамі Шклоўскага райвыканкама Людміла Глякава, узбуджаны і расследуюцца крымінальныя справы супраць намеснікаў старшынь некалькі райвыканкамаў Магілёўскай вобласці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства