viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2015

2015 2015-04-30T12:41:16+0300 2015-04-30T13:08:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/human_rights_violations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі

Красавік 2015

1. Высновы

  • Нягледзячы на працяг працэсу інтэнсіфікацыі знешнепалітычных сувязяў МЗС Беларусі з ЕС і ЗША, ніякіх пазітыўных зменаў у галіне правоў чалавека ўнутры краіны ў красавіку не назіралася.
  • Крымінальны пераслед Юрыя Рубцова, адмова ў памілаванні Арцёму Пракапенку і новы суд па замене рэжыму зняволення на больш жорсткі ў дачыненні да Мікалая Статкевіча, з улікам папярэдняга павелічэння на адзін год тэрміну зняволення Мікалаю Дзядку, сведчаць пра пагаршэнне становішча палітзняволеных і нежаданне ўладаў Беларусі вызваляць іх.
  • Працягвалася практыка прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці незалежных журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, на працягу месяца зафіксавана восем такіх выпадкаў.
  • У некаторых рэгіёнах Беларусі зафіксаваныя факты ціску і запалохвання праваабаронцаў. У прыватнасці былі праведзеныя ператрусы і сканфіскаваная тэхніка ў офісе праваабаронцаў у Магілёве, здзейсненая чарговая спроба ліквідацыі ў судовым парадку Магілёўскага праваабарончага цэнтру, а таксама праведзены ператрус у прыватнай кватэры праваабаронцы Леаніда Судаленкі ў Гомелі.
  • Нягледзячы на тое, што Мінгарвыканкамам было дазволенае традыцыйнае шэсце апазіцыі “Чарнобыльскі шлях” 26 красавіка ў Мінску, у цэлым па краіне працягнулася тэндэнцыя забароны мясцовымі органамі ўлады правядзення масавых мерапрыемстваў.
  • Маці растраляных Паўла Селюна і Андрэя Грунова атрымалі адмовы ў прадстаўленні інфармацыі аб пахаванні целаў, дзяржаўныя органы ўлады працягваюць ігнараваць меркаванні КПЧ ААН аб зменах працэдур прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў у часцы нявыдачы целаў расстраляных сем’ям і неўказання месцаў іх пахавання.
  • 2 красавіка быў прыняты Дэкрэт прэзідэнта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, які прадугледжвае прымусовую працу для асобаў, якія нідзе не працуюць, пад пагрозай уплаты адмысловага збору ў дзяржаўны бюджэт альбо адміністратыўнай адказнасці ў выглядзе штрафу ці арышту.

2. Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадска-палітычных актывістаў

У красавіку працягвалася тэндэнцыя пагаршэння становішча палітвязняў.

Вялікую занепакоенасць выклікае сітуацыя з асуджаным на 6 гадоў зняволення Мікалаем Статкевічам. Ён пазбаўлены атрымання чарговай харчовай перадачы, яму забаронены кароткатэрміновае і доўгатэрміновае спатканні са сваякамі.  1 красавіка 2015 года ён быў змешчаны на 2 месяцы ў памяшканне камернага тыпу. Таксама стала вядома, што 4 мая М. Статкевіча чакае суд, які можа прыняць рашэнне пра замену рэжыму ўтрымання ў калоніі на турэмны рэжым да заканчэння ўсяго тэрміну зняволення.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend прынялі зварот з гэтай нагоды, а таксама заклікалі прадстаўнікоў міжурадавых арганізацый наведаць М. Статкевіча і правесці маніторынг будучага судовага паседжання. Зварот быў перададзены ў прадстаўніцтвы ААН і Еўрапейскага саюза ў Мінску.[1]

ПЦ «Вясна» стала вядома аб узбуджэнні 18 сакавіка 2015 г. крымінальнай справы па арт. 415 (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі) супраць Юрыя Рубцова, які адбывае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі ў в. Куплін Брэсцкай вобласці.  Пад варту яго ўзялі толькі 6 красавіка. Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы паслужылі чатыры аформленыя адміністрацыяй папраўчай установы адмовы ад працы.

На дадзены момант Ю. Рубцоў утрымліваецца пад вартай у СІЗА горада Баранавічы і ўжо скончыў азнаямленне з матэрыяламі справы. Судовы працэс па справе пакуль не прызначаны.[2]

17 красавіка 2015 г. палітычны вязень Арцём Пракапенка патэлефанаваў родным з магілёўскай калоніі і паведаміў, што яму паказалі адказ камісіі аб памілаванні, дзе ўтрымлівалася адмова ў прашэнні без тлумачэння прычын. Сам дакумент Арцёму не выдалі, далі толькі азнаёміцца на кароткі час.

Нагадаем, Арцём Пракапенка падаў прашэнне аб памілаванні прэзідэнту краіны яшчэ ў лютым 2015 года. У 2012 годзе прашэнне аб памілаванні, напісанае асуджаным па гэтай жа справе Паўлам Сырамалотавым, было задаволенае і ён быў вызвалены з месцаў пазбаўлення волі.[3]

30 красавіка 2015 года Магілёўскі абласны суд, разгледзеўшы касацыйную скаргу Мікалая Дзядка, пакінуў у сіле прысуд суда Ленінскага раёна г. Магілёва (ад 26 лютага 2015 г.), паводле якога палітвязень атрымаў дадатковы тэрмін – 1 год і 3 дні турмы.    

Паводле меркавання ПЦ “Вясна”, дадзеная сітуацыя, у сукупнасці з ранейшым павелічэннем тэрміну зняволення Мікалаю Дзядку, сведчыць аб узмацненні ціску на палітвязняў і нежаданні беларускіх уладаў вызваляць іх, прынамсі перад пачаткам прэзідэнцкіх выбараў у лістападзе бягучага году.

3. Пераслед журналістаў

У красавіку працягвалася практыка прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці журналістаў, якія супрачоўнічаюць са сродкамі масавай інфармацыі і не маюць акрэдытацыі ў Беларусі. Варта адзначыць, што беларускае заканадаўства не прадугледжвае адказнасці за гэта, аднак улады адвольна выкарыстоўваюць частку 2 артыкула 22.9 КаАП, якая прадугледжвае адказнасць за незаконны выраб і (ці) распаўсюд прадукцыі  сродка масавай інфармацыі. Гэта юрыдычна заганная практыка, паколькі журналісты прадукцыю СМІ не вырабляюць і не распаўсюджваюць – гэтым займаюцца рэдакцыі СМІ. Дзеянні ўладаў неабгрунтавана абмяжоўваюць права на выказванне меркаванняў і распаўсюд інфармацыі. Гэтую ж пазіцыю падзяляе і Беларуская асацыяцыя журналістаў.[4]

За красавік да адміністратыўнай адказнасці з накладаннем штрафаў былі прыцягнутыя, па звестках ПЦ “Вясна”, сямёра жуналістаў, адзін з іх двойчы.

На Іну Хоміч за супрацоўніцтва з Беларускім Радыё Рацыя накладзены адміністратыўны штраф у памеры 5 400 000 рублёў.[5]

Канстанцін Жукоўскі з Гомеля, чый аматарскі відэаматэрыял з’явіўся на сайце тэлеканала “Белсат”, прызнаны вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ па ч. 2 арт. 22.9 КаАП і пакараны штрафам у памеры 5 400 000 рублёў.[6]

Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова на аналагічных падставах падвергнута штрафу ў памеры 4 500 000 рублёў за размешчаны на сайце тэлеканала «Белсат» відэасюжэт.[7]  

За сюжэт, паказаны на тэлеканале «Белсат», яго аўтары, Аляксандр Дзянісаў і Аляксандр Кіркевіч, пакараныя штрафамі ў памеры 3 600 000 рублёў кожны.[8]

У Гомелі падергнуты штрафам па 5 400 000 рублёў журналісты Наталля Крывашэй і Канстанцін Жукоўскі (паўторна) за интерв’ю, якое было паказана  на тэлеканале «Белсат».[9]

Тамара Шчапёткіна пакараная штрафам у памеры 7 200 000 рублёў за падрыхтоўку матэрыяла для Беларускага Радыё Рацыя.[10]

Спробы некаторых журналістаў атрымаць акрэдытацыю ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі ў якасці журналіста замежнага СМІ застаюцца беспаспяховымі. Так, ў акрэдытацыі ў якасці карэспандэнта Беларускага Радыё Рацыя было адмоўлена гродзенскаму журналісту Віктару Парфёненку, у разглядзе адпаведнай скаргі судамі яму адмоўлена.

4. Смяротнае пакаранне

Працягваецца практыка вынясення судамі Беларусі смяротных прысудаў. У сакавіку 2015 года быў асуджаны да смяротнага пакарання Сяргей Іваноў. Абвінавачаны абскардзіў прысуд у касацыйным парадку ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, таксама рыхтуюцца дадаткі да скаргі з указаннем на парушэнні ягоных правоў, замацаваных Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Сваякі расстраляных з дапамогай праваабаронцаў аспрэчваюць замацаваную ў законе практыку нявыдачы целаў і непаведамлення аб месцы іх пахавання, што, па меркаванні родных, з’яўляецца актам жорсткага абыходжання.

У прыватнасці, Вользе Груновай – маці пакаранага паводле смяротнага прысуду Аляксандра Грунова – адмоўлена ў паведамленні пра месца пахавання цела сына. У разглядзе дадзенай справы суд ёй адмовіў.[11]

Аналагічная скарга Тамары Сялюн, маці расстралянага Паўла Селюна, таксама пакінутая без разгляду.[12]

Тамара Сялюн звярнулася да ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў, якія маюць права звароту ў Канстытуцыйны суд, з прапановай аб змяненні закона ў часцы забароны на выдачу цела расстралянага і паведамлення пра месца яго пахавання.[13]

У адказе на яе зварот Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты Прадстаўнікоў і Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь указана, што падставаў для зменаў указанай нормы закона няма і яна адпавядае Канстытуцыі і міжнародным абавязальніцтвам Беларусі.[14]

5. Адвольныя затрыманні

Працягваюцца выпадкі адвольных затрыманняў і асудджэння да адміністратыўнага арышту грамадскіх актывістаў па надуманых абвінавачваннях у парушэнні грамадскага парадку і непадпарадкавання законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

Актывіст экалагічнага руху Станіслаў Рамановіч затрыманы і пакараны арыштам тэрмінам на 15 сутак.[15]

6. Парушэнні свабоды асацыяцый, ціск на праваабарончыя арганізацыі і праваабаронцаў

Часовая адсутнасць юрыдычнага адрасу ў грамадскага аб’яднання “Магілёўскі праваабарончы цэнтр” – адзінага зарэгістраванага рэгіянальнага праваабарончага аб’яднання – стала для Упраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама фармальнай падставай звярнуцца ў суд з пазовам аб ліквідацыі арганізацыі.[16]

У сувязі з рэгістрацыяй новага юрыдычнага адрасу, падчас судовага разбіральніцтва, пазоў аб ліквідацыі быў адазваны абласным упраленнем юстыцыі, грамадзянская справа спыненая.[17] Варта адзначыць, што гэта ўжо другая спроба забароны дзейнасці  дадзенага аб’яднання ў судовым парадку за апошнія восем месяцаў.

8 красавіка ў памяшканні грамадска-палітычнага цэнтра ў г. Гомелі, дзе знаходзяцца офісы некалькіх грамадскіх аб’яднанняў, быў праведзены ператрус, вынятыя чатыры сістэмныя блокі. Ператрус праведзены таксама і ў кватэры праваабронцы Леніда Судаленкі, вынятыя сістэмны блок кампутара і ноўтбук. Фармальнай падставай для ператрусу стаў нібыта распаўсюджаны с ІР адраса цэнтра ролік парнаграфічнага зместу.[18]

Па факце распаўсюду парнаграфічных матэрыялаў з электроннага паштовага адрасу Леаніда Судаленкі, кантроль над якім ён страціў яшчэ ў снежні 2014 года, узбуджана крымінальная справа. Судаленка заявіў, што гэта правакацыя, скіраваная на стварэнне перашкодаў у ягонай праваабарончай дзейнасці.[19]

У сакавіку 2015 г. у Магілёве былі вынятыя кампутары ў галоўнага рэдактара  інтэрнэт-выдання “Наш Магілёў” Ігара Барысава - у межах праверкі па заяве аб прыцягненні да адказнасці аўтара аднога з артыкулаў, апублікаваных указаным выданнем. Тры кампутары былі вынятыя і ў офісе мясцовых праваабронцаў, які наведваў І. Барысаў. Усе кампутары падвергаліся экспертызе, якая дазваляе ўстанавіць змест дакументаў на жорсткім дыску. Пералік словаў, зададзеных для пошуку дакументаў, дазваляе сцвярджаць, што сапраўднай мэтай выняцця кампутараў было атрыманне інфармацыі аб дзейнасці Праваабарончага цэнтру “Вясна”.[20]

7. Парушэнне права на свабоду мірных сходаў

На працягу красавіка ніякіх станоўчых зменаў у галіне свабоды сходаў не адбылося, назіраліся тэндэнцыі папярэдняга перыяду.

26 красавіка ў Мінску адбылася адна з чатырох дэманстрацый, правядзенне якіх традыцыйна дазваляецца Мінгарвыканкамам – “Чарнобыльскі шлях”. Акцыя ў цэлым праходзіла мірна, без перашкодаў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Назіральнікамі былі зафіксаваныя затрыманні двух удзельнікаў, якія пазней былі вызваленыя з пастарунку без складання пратаколаў аб адміністратыўным правапарушэнні.[21] Як і пасля шэсця 25 сакавіка, арганізатары “Чарнобыльскага шляху” абавязаныя сплаціць каля 13,5 млн. рублёў выдаткаў па правядзенні акцыі (аплата паслугаў па ахове грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўванні і прыборцы тэрыторыі).

У іншых гарадах краіны масавыя мерапрыемствы не былі дазволеныя мясцовымі выканаўчымі органамі ўлады.

Так, у Віцебску не была задаволена заяўка партыі КХП-БНФ на правядзенне шэсця да ўгодкаў Чарнобыльскай катастрофы. Прычына забароны традыцыйная: адсутнасць дамоў на абслугоўванне акцыі камунальнікамі, медыкамі і міліцыяй.[22]

Таксама зафіксаваныя шматлікія адмовы на правядзенне масавых мерапрыемстваў з нагоды святкавання 1 траўня – Міжнароднага дня салідарнасці працоўных. Так, мясцовыя органы ўлады не далі дазволу на правядзенне мерапрыемстваў у Баранавічах, Брэсце, Мінску і іншых гарадах.

8. Парушэнні сацыяльных і эканамічных правоў

Нягледзячы на рэкамендацыі Камітэта ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах Ураду Беларусі аб ліквідацыі элементаў прымусовай працы ў краіне, пасля працяглай дыскусіі, 2 красавіка прэзідэнт падпісаў Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заявілі, што гэты дэкрэт супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным нормам у галіне правоў чалавека, паколькі прадугледжвае стымуляванне занятасці насельніцтва праз пагрозу ўплаты адмысловага збору і адміністратыўнай адказнасці ў выглядзе штрафу ці арышту.[23] Трэба адзначыць, што кіраўнік краіны не хавае мэтаў прыняцця дэкрэту. Падчас свайго візіту ў г. Слаўгарад Магілёўскай вобласці А. Лукашэнка заявіў, што “ўсіх гультаёў прымусім працаваць”.[24]

[1] http://spring96.org/be/news/76807

[2] http://spring96.org/be/news/76643

[3] http://spring96.org/be/news/76844

[4] http://baj.by/ru/node/26451

[5] http://spring96.org/be/news/76493

[6] http://spring96.org/be/news/76525

[7] http://spring96.org/be/news/76667

[8] http://spring96.org/be/news/76871

[9] http://spring96.org/be/news/76923

[10] http://spring96.org/be/news/76962

[11] http://spring96.org/be/news/76514

[12] http://spring96.org/be/news/76752

[13] http://spring96.org/be/news/76540

[14] http://spring96.org/be/news/76898

[15] http://spring96.org/be/news/76572

[16] http://spring96.org/be/news/76616

[17] https://spring96.org/ru/news/76660

[18] http://spring96.org/be/news/76612

[19] http://spring96.org/be/news/76737 http://spring96.org/be/news/76778

[20] https://spring96.org/be/news/76529

[21] http://spring96.org/be/news/76947

[22] http://spring96.org/be/news/76863

[23] http://spring96.org/be/news/76735

[24] http://www.charter97.org/ru/news/2015/4/26/149109/

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства