Паўгады за кратамі ў Гомельскім СІЗА

2015 2015-04-27T16:28:00+0300 2015-04-28T12:29:16+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sizo-3-v-gomele.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
СІЗА №3 ў Гомелі.

СІЗА №3 ў Гомелі.

Ізалятары часовага ўтрымання, следчыя ізалятары, турмы, зоны - месцы найбольш закрытыя для грамадскага кантролю. Туды вельмі неахвотна пускаюць журналістаў ды праваабаронцаў. У пенітэнцыярных установах, між тым, пануюць старыя правілы, прынятыя яшчэ за часамі Сталіна, нярэдкія выпадкі парушэння правоў чалавека. Людзі, якія прайшлі гэтыя ўстановы, як толькі адтуль выходзяць, імкнуцца адразу забыцца на тое, што тамака адбывалася, нехта баіцца казаць.

Мая суразмоўца гамяльчанка Ірына (імя зменена) правяла паўгады ў СІЗА №3 па вул.Кніжная, 1а г.Гомеля падчас следства і судовага разгляду яе справы.

Карэспандэнт: Ірына распавядзіце калі ласка агульныя ўражанні ад СІЗА № 3?

Ірына: У прынцыпе нічога асаблівага страшнага там не было. У побытавым сэнсе было даволі добра. Камеры адрамантаваныя, чыстыя і ахайныя. Няма аніякай заразы.

К. Ірына, распавядзіце калі ласка пра распарадак дня ў СІЗА?

Ірына: Пад'ём у 6 гадзіны раніцы. У гэтычас карыдорныя (прадольныя) пачынаюць грукаць у дзверы.  Метады пабудкі розныя: адныя прадольныя запальваюць святло, другія нагамі грукаюць у камеры, кажуць каб уставалі.  Справядлівасці дзеля трэба сказаць, што большасць зняволеных пабудку ігнаруюць і  не падымаюцца а 6-й, бо насамрэч у гэтым няма аніякай патрэбы. Сняданак можа атрымаць адзін дзяжурны па камеры, праверка з 8.00 да 8.30. Дык навошта зняволеным уставаць так рана? Што рабіць? Яны ж не ходзяць на працу, яны цэлы дзень анічога не робяць. Бывае прадольныя пагражаюць, што складуць рапарт аб невыкананні турэмнага рэжыму. Тры рапарты і будзе пакаранне для зняволенага.

Былі выпадкі мо разы тры -  прыходзіць праверка, у камеру уваходзяць некалькі афіцэраў, а мы спім. Імгненна паўсхопліваліся з ложкаў заспаныя, кудлатыя, у начных сарочках, пачынаем прасіць прабачэння. Яны, праўда, даволі дабрадушна падакаралі, што, маўляў, бабы зусім страх згубілі.

з 8.00 да 8.30 па камерам ходзяць правяраюшчыя: карпусны, афіцэры, якісь начальнік ці псіхолаг можа быць. У гэты момант мы мусім зашпіліць усе гузікі, устаць і хорам сказаць: "Здравствуйте, гражданин начальник, в камере № такой то - 6 человек". Пачынаюць правяраць ці ўсё ў парадку. Праверка адбываецца раніцою і ўвечары.

Удзень зняволеным забараняецца ляжаць. Зняволены мусіць сядзень і не абы як. Так, забараняецца сядзень з паднятымі каленкамі, падагнуўшы пад сябе ногі.  Вязень мусіць сядзець свесіўшы з нар ногі. Праўда, на такія парушэнні глядзелі скрозь пальцы і асабліва не чапляліся.

Тое, што не даюць ляжаць, гэта канешне здзек нейкі. Я сяджу дзень, мне магло стаць кепска, закружыцца галава, забалець жывот ці яшчэ нешта і я не маю праву легчы. Гэта вельмі зняважае і людзі  абураліся.

К. Ірына распавядзіце калі ласка пра харчаванне?

Ірына: Ну натаўкацца канешне можна. Яно абсалютна пустое, для здароў'я у ім абсалютна нічога няма. Напрыклад, макароны на вадзе шэрыя. Проста шэрыя макароны на вадзе без усяго і чай. Праўда пэўны час давалі бурак з капустай, селядзец. Бывала і мясное нешта было, некалькі разоў бачыла шмандэлкі сапраўднага мяса, тушаніны смашнай. Ва усіх ад такога харчавання баляць страўнікі, вельмі багата кладуць тлушчу ў стравы. Дарэчы, у лютым адміністрацыя дазволіла з волі перадаваць на 5 кг. фруктаў звышнормы, каб зняволеныя хоць якія-небудзь вітаміны атрымлівалі і меньш хварэлі.

Але тамака глядзяць каб зняволены нічым не атруціўся. Не таму, на мой погляд, што клапоцяцца пра нас, а свае азадкі прыкрываюць каб чаго не выйшла. Ім жа ш ня трэба каб, напрыклад, усё СІЗА атруцілася. У іх будзе гара праблемаў. Бо людзі самі лекавацца ня могуць і ўсе праблемы лягуць на адміністрацыю.

К: Ірына, апішы калі ласка сярэднестатыстычны снядак, абед і вячэру.

Ірына: Сняданак - кашы.  Я нават не ведаю як дакладна яны называюцца, але на волі я цвёрда ведала, што яны для жывёлаў: якаясь сечка, пшонка, авёс. Такім чынам, каша на вадзе без масла і чай. Абед - суп ці борш у якім нешта плавае: якісь зноў такі авёс ці яшчэ нейкая экзатычная крупа з фрагментамі гародніны. Можна зрэдку сустрэць моркву, капусту, бывае зрэдку мяса. Быў іншым разам расольнік на адных кіслых гурках. Не было ні крупы, анічога, адныя кіслыя гуркі. Бывалі рэшткі курыцы, косткі, якісь тлушч. Бурда на бурдзе , што было тое і кінулі. І нават зрэдку бывала і смашна.

На другое ў абед зноўку нішчымная каша. Я, шчыра кажучы, гэтае зусім не ела, бо мне з волі перадавалі перадачы і я магла больш меньш нармальна харчавацца. Маю порцыю ела нехта з маіх сукамерніц, бо ад такога харчавання яны былі заўжды галодныя. На абед піць нічога не давалі. На вячэру  - зноў такі каша ці квашаная капуста з тлушчам. Цяжка вызначыць ці яна тушаная, ці вараная. Карацей, калі не атрымліваць прадукты з волі, дык гэта - сапсаваны страўнік.  Бульбу давалі на муке. З мукой перамешаная, якаясь смердзючая. Хлеб быў абсалютны сыры, адныя дрожжы, можна было статуэткі ляпіць. Карацей, харчаванне каб проста не здохлі, натаптываесся, пэўны час пачуццё сытасці, а потым пастаяннае жаданне жэрці.

К. Які быў посуд? Не сакрэт, што сярод зняволеных багата хворых людзей на ВІЧ і гепатыт, напрыклад. Ці быў аднаразавы посуд?

Ірына: Аднаразавага посуду не было, былі жалезныя міскі, часта даволі тлустыя, кепска памытыя. Атрымлівалі лыжкі, заўжды мылі пад сваім кранам. Можна лёгка падхапіць любую заразу. Чалавечы фактар - кепска памылі. Ніякага посуду ў камеры захоўваць не дазвалялася: ні жалезнага, ні папяровага, ні шклянога, ні пластмасавага. Калі забіралі ў нас аднаразавыя шклянкі тлумачылі, што нельга карыстацца аднаразавым посудам шмат разоў, гэта не гігіенічна, маўляў.

К. Ці былі прагулкі ці можна было дыхаць свежым паветрам у камеры?

Ірына: Наконт праветрыванія, былі камеры дзе вокны, праўда, шчыльна закратаваныя, цалкам адчыняліся. Паводле правілаў, можна было тры разы на дзень перад праверкай праветрываць, але на практыцы праветрывалі нашмат часцей, бо  ў камеры багата курцоў, якія паляць ўвесь час. Таму, вакно было адчынена даволі часта. Калі не праветрыць тамака канешне можна задыхнуцца. Ацяпленне працуе, працуе добра. 

Наконт прагулак, паводле турэмных правіл, зняволеныя маюць права штодня 2 гадзіны гуляць у турэмным дворыку. Штодня кожная камера павінна гуляць па дзве гадзіны, а на практыцы ёсць камеры, якія па месяцу не выходзяць на свежае паветра, але не таму, што іх не водзяць, а таму, што зняволеныя папросту не хочуць, а адміністрацыя і рада, ім клопату меней. Супрацоўнікі СІЗА штодня прапаноўваюць прагулку, а камера, калі не хоча ісці, мусіць адказаць, што яны ўжо гулялі. Тыя, хто выгульвае, пазначаюць, што камера гуляла (хаця насамрэч не гуляла) для справаздачы.  Яшчэ ў СІЗА склалася практыка, што па аднаму на  прагулку не водзяць, альбо ўся камера ідзе, альбо ніхто не ідзе. Я сядзела з дзеўкамі, якія катэгарычна адмаўляліся ісці гуляць. У нас у камеры пачалася з-за гэтага сапраўдная вайна. Я катэгарычна сказала дзеўкам, што наша камера будзе гуляць і кропка. Паскардзілася адміністрацыі  і дзевак супрацоўнікі пачалі ледзьве не гвалтам цягнуць на прагулку, не гледзячы на ўсе іх хітрыкі. Так, яны мылі галовы ці мачылі курткі перад прагулкай, хавалі абутак, клаліся на ложак, казалі, што паміраюць.  Але гэта ім не дапамагала, супрацоўнікі іх і з мокрай галавой і ў мокрай куртцы валаклі на прагулку. Дзевак прыніжалі, абражалі, сцэны  былі жудасныя.  Мяне канешне сукамерніцы ненавідзелі за тое, што з-за мяне іх гвалтам валакуць, нават пагражалі фізічнай расправай. Але нічога не зрабілі. Калі я паскардзілася адміністрацыі на дзевак, тыя адразу прыціхлі. Так я сабе адваявала права гуляць. Адміністрацыя, праўда, парушала правіла і замест 2 гадзін выгульвалі гадзіну ці нават меней. 2 гадзіны мяне ні разу не выгульвалі.

Круглыя суткі гарэла электрычнае святло, гэта канешне вельмі раздражняла і перашкаджала, але нам казалі, што гэтая норма існуе каб увесь час трымаць пад кантролем камеры, каб нічога не здарылася са зняволенымі, ці сам зняволены з сабой нічога не зрабіў.

К. Ці была магчымасць паскардзіцца на ўмовы ўтрымання, на сукамерніц?

Ірына: Так, можна было паскардзіцца вусна падчас праверак і ў пісьмовай форме на імя начальнака СІЗА напісаць заяву. Часта падчас праверкі прыходзіў пракурор па нагляду. Быў перыяд, што кожны тыдзень прыходзіў пракурор. Можна рэальна паскардзіцца і сітуацыя магла памяняцца. Напрыклад, зняволены хоча каб яго перавялі ў іншую камеру, дастаткова сказаць слова "канфлікт" і яго перавядуць у іншую камеру. Усе канфлікты, дарэчы, вельмі адсочваюцца адміністрацыяй, бо, паўтаруся, вельмі баяцца каб ў СІЗА нешта не здарылася са зняволеным. Але скаргаў  адміністрацыя не любіць і некаторыя зняволеныя часта не скардзіліся бо баяліся, што будуць прэсаваць пасля таго як паскардзішся.

К: Ці можна атрымаць медычную дапамогу?

Ірына: Калі чалавек сапраўды хворы, а не робіць выгляд, яму акажуць стопрацэнтна кваліфікаваную дапамогу. Я бачыла, што давалі нават даволі дарагія лекі. Можна і з волі атрымліваць лекі, калі сваякі абгрунтуюць іх перадачу ў СІЗА.

К: Што было самым абуральным падчас зняволення?

Ірына: Аднойчы па турме прайшла інфармацыя, што будуць забіраць з камер тэлевізары, хаця па жыцці яны ў камерах дазваляліся. Тэлевізары, дарэчы, маёмасць зняволеных, іх перадаюць вязням з волі сваякі ці знаёмыя. Праз некалькі дзён да мяне завітаў супрацоўнік СІЗА і прапанаваў падарыць СІЗА мой новы тэлевізар. У выпадку калі я адмоўлюся гэта рабіць,  супрацоўнік паведаміў, што тэлевізар з камеры забяруць і адправяць на склад. Я канешне была вельмі раз'юшана такім нахабным вымагальніцтвам з боку адміністрацыі, але мусіла пагадзіцца, бо без тэлевізара ў камеры зусім цяжка. Мне далі падпісаць надрукаваную ад майго імя заяву, дзе я прашу турэмную адміністрацыю прыняць у падарунак мой тэлевізар.

К: Дзякуй сп.Ірына за цікавае інтэрв'ю, жадаю каб гэта быў ваш першы і апошні турэмны досвед.

Інтэрв'ю запісала Ларыса Шчыракова, "Гомельская Вясна".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international