На медыйным фронце Салігоршчыны станоўчых тэндэнцый не назіраецца

2015 2015-04-26T23:15:00+0300 2015-04-27T00:17:16+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/smi1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Чарговыя вынікі маніторныгу рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі салігорскімі праваабаронцамі не даюць нагодаў для аптымізму. Новы 2015 год не толькі не прынес у гэтую сферу больш свабоды, але і ўскладніў і без таго цяжкае існаванне незалежных медыяў Салігоршчыны.

Дзяржаўныя і падкантрольныя ўладам прыватныя СМІ рэгіёну працягваюць палітыку самацэнзуры, а часам нават непрыхаванай дзяржпрапаганды. Пералік гэтых медыяў не змяняецца ўжо доўгія гады і ўключае ў сябе газету “Шахцёр”, сайт “Электронны Салігорск”, тэлеканал “СТК” і газету “Лідэр-Прэс”. Пры адсутнасці рэальнай канкурэнцыі млявыя спробы гэтых гульцоў медыйнага рынку нешта змяніць у сваёй працы заканчваюцца касметычным рэдызайнам сайтаў ды вокладак, але практычна не закранаюць інфармацыйнага складніку. Варта адзначыць, што няразвітасць гэтага рынку абумоўлена ў большай ступені не эканамічнымі ўмовамі, а штучнымі перашкодамі з боку дзяржавы з мэтай захавання поўнага кантролю над медыйнай прасторай. І хоць апошняя вядомая праваабаронцам спроба афіцыйнай рэгістрацыі незалежнага салігорскага выдання датуецца 2009 годам, няма аніякіх прыкметаў таго, што новая такая спроба мае хоць нейкі шанец на паспяховы вынік.

Адзіным свабодным гульцом медыярынку рэгіёну, які мае афіцыйную рэгістрацыю Міністэрства інфармацыі, па-ранейшаму застаецца слуцкая газета “Інфа-Кур’ер”. Але, здавалася б, даволі актыўнае развіццё гэтага інфармацыйнага рэсурсу, па меркаванні мясцовых праваабаронцаў, таксама ўпіраецца ў крыху вышэйшую столь самацэнзуры. Новы 2015 год гэтую столь пакуль аніяк не падвысіў.

Па сапраўднаму свабоднымі застаюцца толькі медыі, якія існуюць без афіцыйнай рэгістрацыі і выключна ў сетцы Інтэрнэт. У гэтым годзе найбольш актыўнымі і стабільнымі ў гэтай нішы зноўку з’яўляюцца сайты САЛІГОРСК.org і “Салігорск Інфа”. Даведацца пра грамадска-палітычнае жыццё, сацыяльныя праблемы, правы чалавека і незалежную культуру Салігоршчыны можна, як і раней, хіба толькі тут. Зрэшты, адсутнасць легальнага статусу і рэсурсаў дагэтуль не дазваляюць гэтым усё ж такі саматужным медыям ператварыцца ў паўнавартасныя СМІ. Нягледзячы на не самы высокі прафесійны ўзровень гэтых незалежных сайтаў, менавіта яны прымаюць на сябе галоўны ўдар з боку дзяржавы. Перыядычныя блакіроўкі і масіраваныя набегі інтэрнэт-троляў падчас публікацыі матэрыялаў з крытыкай уладаў сталі ўжо перманентнымі ўмовамі дзейнасці гэтых рэсурсаў. І гэты год, на жаль, таксама не стаў выключэннем у гэтых пытаннях.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international