viasna on patreon

Ці былі ў супрацоўнікаў нясвіжскай міліцыі карупцыйныя дзеянні, будуць правяраць паўторна

2015 2015-04-26T08:54:54+0300 2015-04-26T08:54:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karupcyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прававы інспектар прафсаюза РЭП Аляксандр Вайцешык дамогся адмены пастановы Нясвіжскага раённага аддзела Следчага камітэта. Гэта стала вядома з ліста за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантроля Цэнтральнага апарата СК РБ палкоўніка юстыцыі І.В. Сніткова, які грамадскі актывіст атрымаў па пошце. Супрацоўнік СК паведаміў, што зварот Аляксандра Вайцешыка ў Цэнтральны аппарат СК з’яўляецца абгрунтаваным. Далей у лісце адзначаецца, што праверка карупцыйных праяваў у дзеяннях супрацоўнікаў Нясвіжскага РАУС, на думку Цэнтральнага апарата СК РБ, праведзена не ў поўным аб’ёме, таму адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы з’яўляецца заўчаснай.

– Па фактах карупцыі я неаднаразова звяртаўся ў пракуратуру Нясвіжскага раёна і раённы аддзел Следчага камітэта. Па маіх заявах былі праведзены адпаведныя праверкі. Аднак па выніках было адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць міліцыянераў Радчанкі С.А. і Старасціна А.Г. у сувязі з адсутнасцю грамадска небяспечнага дзеяння. Паколькі мае заявы па фактах карупцыі ў Нясвіжскім РАУС разглядаліся мясцовымі чыноўнікамі павярхоўна і следчыя “не заўважалі” карупцыі, я звярнуйся 2 красавіка ў Цэнтральны апарат Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. У сваёй заяве я прывёў доказы таго, што намеснік дырэктара нясвіжскай кавярні “Элардайс” І.Крыштаўчук па папярэдняй змове з супрацоўнікамі міліцыі Радчанка С.А. і Старасціным А.Г. сфальсіфікавалі адміністрацыйную справу супраць мяне па арт. 17.1 КаАП РБ. Менавіта гэты факт ігнаравалі нясвіжскія пракуроры і мясцовыя супрацоўнікі СК. Цяпер я спадзяюся, што прыведзеныя мною факты карупцыйных праяваў у дзеяннях супрацоўнікаў Нясвіжскага РАУС будуць разгледжаны па-новаму і больш аб’ектыўна, а адказныя ў парушэнні закона грамадзяне і супрацоўнікі міліцыі будуць прыцягнуты да адпаведнай закону адказнасці, – паведаміў Аляксандр Вайцешык.

Нагадаем, што напрыканцы 2014 года пасля таго, як Аляксандр Вайцешык папрасіў у Нясвіжскай кавярні выдаць яму кнігу скаргаў і прапаноў, супрацоўнікі РАУС абвінавацілі яго ў “дробным хуліганстве”, сцвярджаўшы, што ён нецэнзурна брыдкасловіў у грамадскім месцы. Суд па гэтай сфальсіфікаванай адміністрацыйнай справе быў перанесены з-за хваробы Аляксандра Вайцешыка, аднак судовае пасяджэнне ўсё ж адбылося пазней, але без ўдзелу грамадскага актывіста і, зразумела, не на яго карысць.

Аляксандр Вайцешык неаднаразова звяртаўся ў дзяржаўныя ўстановы па факту “праплачанасці” яго адміністрацыйнага затрымання 17 лістапада 2014 года і карупцыйных праяваў у дзеяннях супрацоўнікаў Нясвіжскага РАУС, але пакуль безвынікова.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства