viasna on patreon

Выдаўца газеты “Вольны горад” абвінавачваюць у паклёпе на супрацоўніка міліцыі

2015 2015-04-26T08:30:36+0300 2015-04-26T23:33:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kudraucau-uladzimir-krychau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Кудраўцаў.

Уладзімір Кудраўцаў.

Выдаўца крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава 23 красавіка выклікалі ў мясцовы РАУС і там склалі на яго пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

У прыватнасці, начальні ААПП Крычаўскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Вусік І. В. напісаў у складзеным пратаколе, што “5.04.2015 г ў 13.00 гадзін Кудраўцаў У. В., з’яўляючыся выдаўцом газеты “Вольны горад”, распаўсюдзіў заведама ілжывую ганьбячую выдумку ў адносінах оперупаўнаважанага ГБЭЗ Крычаўскага РАУС Дзямешка А. В., які пагражаў яму ўзбуджэннем крымінальнай справы за паклёп пры разбіральніцтве па яго заяве ў адносінах начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага РАУС Максімавай М.М.”.

Пратакол на выдаўца складзены па арт. 9.2. КаАП ("Паклёп"), які прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. Сам Уладзімір Кудраўцаў са складзеным адміністрацыйным пратаколам не пагадзіўся.

Па меркаванні журналіста, падставай для складання пратакола паслужылі матэрыялы, якія перыядычна з’яўляюцца на розных інтэрнэт-рэсурсах, аб яго спробах прыцягнуць да адказнасці па фактах супрацьпраўных дзеянняў начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыну Максімаву.

Абсалютна незразумела, чаму крычаўскія міліцыянеры вырашылі прыцягнуць Уладзіміра Кудраўцава за “паклёп” у адносінах да Аляксандра Дземешкі толькі зараз. Справа ў тым, што сваю заяву ў пракуратуру Крычаўскага раёна з патрабаваннем прыняць меры пракурорскага рэагавання з мэтай неперадузятага і аб’ектыўнага правядзення праверкі АБЭЗ РАУС і просьбай абараніць яго ад намёкаў і пагроз з боку старэйшага оперупаўнаважанага АБЭЗ РАУС А. Дзямешкі Уладзімір Кудраўцаў накіраваў яшчэ 16 снежня 2014 г.

У заяве ў пракуратуру Уладзімір Кудраўцаў, у прыватнасці, напісаў пра тое, што “21 лістапада 2014 г., рэалізуючы сваё канстытуцыйнае права, я звярнуўся у пракуратуру Крычаўсккага раёна з заявай, у якой прасіў правесці праверку ў адносінах начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі М. М. Максімавай згодна інфармацыі, атрыманай рэдакцыяй газеты “Вольны горад” ад сваіх чытачоў. У той жа дзень пракурор Крычаўскага раёна Трывайла У. М. накіраваў зварот на адрас Крычаўскага РАУС аб правядзенні праверкі ў парадку артыкула 174 КПК Рэспублікі Беларусь. Пасля гэтага я некалькі разоў прадстаўляў старэйшаму оперупаўнаважанаму АБЭЗ РАУС Аляксандру Дзямешка дадатковую інфармацыю, якая датычылася маёй заявы, у пісьмовай форме. Там былі ўказаныя эпізоды, прозвішчы асоб, адзначаліся спробы М. Максімавай перадухіліць негатыўныя для сябе вынікі праверкі. Аднак замест таго, каб падзякаваць мне за выкананне свайго грамадзянскага абавязка з мэтай абароны правоў і законных інтарэсаў многіх грамадзян, ён стаў пагражаць мне крымінальнай справай нібыта за паклёп. Лічу такія паводзіны міліцыянера недапушчальнымі.

З дапамогай неабыякавых, ініцыятыўных грамадзян у краіне раскрываецца нямала правапарушэнняў і злачынстваў. Лічу, што такіх людзей патрэбна заахвочваць, а не запалохваць”, - пісаў у пракуратуру Крычаўскага раёна Уладзімір Кудраўцаў.

Як бачым, крычаўскія міліцыянеры лічаць абсалютна па-іншаму…

Журналісты газеты “Вольны горад” перакананыя, што пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за паклёп складзены ў адносінах выдаўца газеты Уладзіміра Кудраўцава ў мэтах запалохвання з тым, каб газета перастала размяшчаць на сваіх старонках крытычныя матэрыялы ў адносінах супрацоўнікаў крычаўскіх праваахоўных органаў і мясцовай улады.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства