viasna on patreon

Салігорскаму праваабаронцу прапанавалі заплаціць за азнаямленне з выканкамаўскім рашэннем

2015 2015-04-26T07:52:32+0300 2015-04-26T07:52:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/svab-shod.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Новы абарот набылі шматмесячныя намаганні салігорскага прадстаўніка БХК Леаніда Мархоткі па атрыманні копіі “таямнічага” рашэння Салігорскага выканкаму, што абмяжоўвае свабоду мірных сходаў у рэгіёне. За азнаямленне з дакументам праваабаронцу прапанавалі аплаціць паслугі ў памеры 133300 рублёў.

Як ужо паведамляў сайт ПЦ “Вясна”, выканкамаўскія ідэолагі адмовіліся надаць галоснасці свайму рашэнню, на падставе якога 10 снежня мінулага года яны забаранілі пікет да Дня правоў чалавека ў беларускай сталіцы шахцёраў. Чыноўнікі адфутболілі мясцовых праваабаронцаў на адпаведныя пошукі ў “Занальны дзяржаўны архіў у г.Слуцку”. Напрыканцы лютага прадстаўнік БХК Леанід Мархотка накіраваў адпаведны запыт у слуцкі архіў, але адказу на свой афіцыйны зварот сваечасова не атрымаў. Накіраваны праваабаронцам у архіў паўторны зварот з папярэджаннямі аб недапушчальнасці парушэння закона “Аб зваротах грамадзян” урэшце прымусіў кіраўніцтва дзяржаўнай установы адрэагаваць на патрабаванне. Чыноўнікі занальнага архіва аднеслі законную просьбу спадара Мархоткі да тэматычнага запыту, які нібыта выконваецца на платнай аснове. За копію рашэння на двух аркушах паперы салігорскаму праваабаронцу выставілі рахунак у 133300 рублёў.

Сам Леанід Мархотка законнасць дзеянняў чыноўнікаў дзяржархіву аспрэчываць пакуль не бярэцца, але сітуацыю што склалася называе абсурднай. На яго думку, публічныя рашэнні выканаўчай улады, тым больш якімі рэгулююцца грамадзянскія і палітычныя правы грамадзян, мусяць быць агульнадаступнымі. Шматмесячныя пошукі і кошт у 133300 рублёў не дазваляюць назваць такім рашэнне Салігорскага выканкаму ад 07.10.2004г. №700 “Аб мерах па папярэджанні надзвычайных здарэнняў і захаванні законнасці пры правядзенні масавых мерапрыемстваў”. Аб сваіх далейшых кроках па гэтай справе прадстаўнік БХК паабяцаў праінфармаваць пазней.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства