viasna on patreon

Гомельскіх журналістаў-фрылансераў пакаралі штрафамі за «незаконны ўдзел у вырабе прадукцыі СМІ»

2015 2015-04-24T22:37:58+0300 2015-04-24T22:37:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudy-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 24 красавіка былі разгледжаны дзве адміністрацыйныя справы ў дачыненні журналістаў-фрылансераў Наталлі Крывашэй і Кастуся Жукоўскага. Яны былі прызнаныя вінаватымі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ) і пакараныя штрафам у памеры 5,4 мільёна кожны (30 базавых велічынь). Прычым Кастусь Жукоўскі ўжо другі раз за красавік пакараны штрафам па гэтым жа артыкуле на такую ж суму.

Справы разглядала суддзя Марына Домненка. Яна адхіліла хадайніцтвы журналістаў-фрылансераў весці працэс на беларускай мове, праігнараваўшы спасылкі на Канстытуцыю, законы «Аб мовах», «Аб дзяржаўнай службе», згодна якім дзяржаўныя служачыя павінны валодаць дзяржаўнымі мовамі – рускай і беларускай. Адхіліла суддзя і іншыя хадайніцтвы, у прыватнасці, Кастусь Жукоўскі хадайнічаў аб адводзе суддзі. Таксама ён хадайнічаў, калі ўжо ўсе іншыя хадайніцтвы былі адхіленыя, аб тым, каб памаліцца перад паседжаннем. Але Марына Домненка не дазволіла, заўважыўшы, што «тут не цырк і не тэатр». Фрылансер заўважыў, што такімі дзеяннямі суддзя зневажае яго рэлігійную годнасць.

Журналістам прад'явілі аднолькавы склад правапарушэння. Згодна пратаколу, яны 12 сакавіка, «не маючы адпаведнай акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў на вытворчасць дзейнасці журналіста, незаконна інтэрв'юіравалі жыхароў вёскі Буда-Галоўчыцкая Нараўлянскага раёну, тым самым незаконна ўдзельнічалі ў вырабе прадукцыі СМІ, а менавіта сюжэту «Пажылыя людзі вымушаны плаціць за свае дамы ў чатыры разы больш, чым за калгасныя», які быў прадэманстраваны ў эфіры тэлеканалу «Белсат».

Наталля Крывашэй адзначыла на судзе, што Канстытуцыя гарантуе ёй права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. «Я, як чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, падымала розныя праблемы, якія хвалююць грамадзян. Я маю права размаўляць з людзьмі і даносіць іх праблемы да шырокай грамадскасці. Я вяду блог, і маімі матэрыяламі карыстаюцца розныя выданні, у тым ліку і «СБ – Беларусь Сегодня». Тады чаму мяне судзяць за «Белсат», які выкарыстаў мае матэрыялы, а не за «СБ – Беларусь Сегодня?», - паставіла на судзе пытанні журналіст-фрылансер.

Кастусь Жукоўскі намагаўся дабіцца ад суду: у чым менавіта быў склад правапарушэння - «незаконнае інтэрв'юіраванне», але атрымаў толькі адказ, што ён працаваў без акрэдытацыі ад МЗС.

«Віна мая ў тым, што я тут жыву і гавару праўду. Я быў у Нараўлянскім раёне, там пенсіянеркі маюць праблему – вымушаны плаціць за свае дамы ў чатыры разы больш, чым за калгасныя. У нас адзін прэзідэнт, а чыноўнікаў вельмі шмат, і ён не можа адзін за усім прасачыць, таму я яму, можна сказаць, дапамагаў. Бо выходзіць, што мясцовыя чыноўнікі сваімі дзеяннямі дыскрэдытуюць прэзідэнта перад яго электаратам – пенсіянерамі, і адпаведна, нашу краіну агулам – на міжнароднай арэне», - даў тлумачэнні на судзе фрылансер.

Па яго словах, зняты матэрыял ён разаслаў па розных выданнях, каб «дастукацца да ўлады наверсе і паказаць, што мясцовыя чыноўнікі такімі сваімі дзеяннямі, магчыма, рыхтуюць «Русский мир».

З пастановай суда журналісты-фрылансеры не згодныя і будуць яе абскарджваць.

«На судзе яскрава былі прадэманстраваны старыя тэндэнцыі – забарона на выказванне сваёй думкі, распаўсюд інфармацыі. Працэс пачаўся прадузята – у залу выклікалі міліцыю, суддзя адхіліла ўсе хадайніцтвы. Гэта парушэнне, бо хадайніцтвы былі правамерныя: весці працэс на роднай мове, мець абаронцу. Гэта ўсе характарызуе Беларусь як таталітарную краіну», - пракаментаваў пастанову суда праваабаронца Алесь Яўсеенка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства