viasna on patreon

Міліцыя не дала паставіць крыжы ля віцебскіх Курапат

2015 2015-04-16T17:10:04+0300 2015-04-16T17:10:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ian_diarzhaucau.jpg

Каля вёскі Хайсы пад Віцебскам затрыманы актывіст КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў, які плянаваў усталяваць крыжы на месцы сталінскіх расстрэлаў.

Як паведаміў Ян Дзяржаўцаў Радыё Свабода, актывісты КХП-БНФ зьбіраліся ўсталяваць крыжы ў памяць забітых там людзей — актывісты лічаць, што там пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў. Першым да вёскі Дрыкольле прыехаў сам Ян Дзяржаўцаў, ён і прывез крыжы.

Паводле слоў актывіста, на стаянцы яго ўжо чакалі супрацоўнікі міліцыі і КДБ, старшыня сельсавету і прадстаўнік лясгасу. Яны заявілі Дзяржаўцаву, што ён ня мае права тут нічога ставіць. Дзяржаўцава затрымалі і павязлі ў РАУС Віцебскага раёну.

Яну Дзяржаўцаву нават не патлумачылі прычыну затрыманьня:

"Учора разам зь сябрамі мы хадзілі да старшыні Мазалаўскага сельсавету Андрэя Дубіны з просьбай паспрыяць, каб гэтае месца, Хайсы, было добраўпарадкаванае: каб была пракладзеная дарога, прыбраны хмызьняк, каб там можна было ўсталяваць памятны знак. Аднак старшыня з намі не пагадзіўся, пачаў спрачацца і заявіў, што няма доказаў таго, што ў гэтым месцы пахаваныя ахвяры сталінізму. Ён усчаў сварку, і ў выніку мы мусілі сысьці. А сёньня дамовіліся, каб перад Радаўніцай уласнымі сіламі прыбраць гэтае месца і ўсталяваць два новыя крыжы да тых, якія былі ўсталяваныя раней. Але калі прыехалі на месца, неўзабаве зьявілася машына ДАІ, яшчэ дзьве міліцэйскія машыны, а таксама зьявіўся сам старшыня Дубіна. Кіроўцу грузавіка загадалі загрузіць крыжы, і цяпер мы накіроўваемся ў міліцыю".

Паводле Яна Дзяржаўцава, гэткім чынам мясцовыя ўлады хочуць схаваць праўду пра месца згубы бязьвінных ахвяраў савецкага рэжыму:

"Гэта вялікая небясьпека для ўладаў — яны ня хочуць, каб людзі прыходзілі на гэтае месца, каб узгадвалі злачынствы ўладаў. Раней забівалі людзей і рабілі таямніцу, а цяпер робяць таямніцу вакол сьлядоў злачынства".

Паводле Яна Дзяржаўцава, некалькі актывістаў засталіся ў Хайсах. Але памятная талака была сарваная і перапыненая яшчэ да таго, як пасьпелі сабрацца ўсе яе ўдзельнікі.

Па стане на 14 гадзін актывіста КХП-БНФ Яна Дзяржаўцава, які плянаваў усталяваць крыжы на месцы сталінскіх расстрэлаў пад Віцебскам, адпусьцілі зь міліцыі. Як паведаміў Ян Дзяржаўцаў Радыё Свабода, у міліцыі з затрыманых узялі тлумачэньні наконт іх дзеяньняў і праз тры гадзіны адпусьцілі. Акрамя пратакола апытаньня іншых пратаколаў не складалася.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства