Алесь Бяляцкі ў Еўрапарламенце: Адмяняць санкцыі супраць Беларусі няма рэзону, пакуль застаюцца палітвязні (відэа)

2015 2015-04-16T14:24:42+0300 2015-04-17T11:32:57+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ep-bialiatski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

16 красавіка кіраўнік ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнт FIDHАлесь Бяляцкі разам са спецдакладчыкам ААН па Беларусі Міклашам Харасці ўзяў удзел у паседжанні падкамітэта па правах чалавека Еўрапарламента. Праваабаронца заклікаў ЕС працягваць ціск на беларускія ўлады.

На пачатку свайго выступу Алесь Бяляцкі падзякаваў Еўрапарламент за падтрымку грамадскіх і палітычных актывістаў Беларусі і ў прыватнасці тых, хто патрапляў у апошнія гады пад кола рэпрэсій. “Рэзалюцыі Парламента Еўрапейскага Саюза, дзе таксама ўзгадвалася і маё імя, з’яўляюцца вельмі важнымі для абмежавання тых рэпрэсій, якія адбываюцца ў Беларусі”.

Праваабаронца пры гэтым прыгадаў, што апошні раз выступаў у Еўрапарламенце ў ліпені 2011 года, яго выступ быў прысвечаны крытычнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года (каля 50 чалавек сядзела ў турме за ўдзел у выбарах, у тым ліку некалькі кандыдатаў у прэзідэнты), пасля чаго літаральна праз два тыдні ён апынуўся ў турме. “І дастаткова жорсткая пазіцыя Еўрасаюза ў дачыненні да таго, што адбывалася ў Беларусі, прыняцце пакета найперш палітычных санкцый супраць тых, хто масава парушаў правы чалавека ў краіне, адыгралі сваю ролю, таму што літаральна ў жніўні 2011 года каля 40 чалавек былі вызваленыя”.

“Я лічу, што той пакет санкцый, які быў прыняты ў 2011-м годзе, застаецца актуальным да таго часу, пакуль у Беларусі застаюцца палітычныя зняволеныя”, - падкрэсліў Алесь Бяляцкі, асобна адзначыўшы, што ў турме па-ранейшаму знаходзіцца адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, маючы на ўвазе Міколу Статкевіча. “У лістападзе гэтага году ў нас чарговая выбарчая кампанія, а са старымі праблемамі беларускія ўлады не разабраліся. Таму я лічу, што няма рэзону адмяняць санкцыі”, - паўтарыў праваабаронца.

Кажучы пра бягучую сітуацыю, кіраўнік “Вясны” адзначыў пагаршэнне ў галіне правоў чалавека напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, распавёў пра выпадкі пераследу незалежных журналістаў і праваабаронцаў, адзначыў, што з прыняццем Дэкрэта №3 працягваецца наступ на сацыяльна-эканамічныя правы грамадзянаў, што праваабаронцы разглядаюць у агульным імкненні ўладаў кантраляваць грамадства.

Гэтую тэндэнцыю Алесь Бяляцкі назваў “рэсаветызацыяй” краіны і адзанчыў, што на гэтым змрочным фоне назіраецца “аптымістычная рыторыка” ўладаў у дачыненні да Еўрасаюза. “Нейкія раскланьванні, абяцанні, падміргванні - імітацыя наладжвання кантактаў. Відавочна, што Міністэрству замежных справаў дадзены загад наладжваць стасункі з Еўрасаюзам любым коштам – найперш, перад выбарамі, каб змякчыць ацэнку будучай прэзідэнцкай кампаніі, па-другое, у пошуках сродкаў (паколькі той эканамічнай дапамогі, якую Беларусь атрымлівала ад Расіі, зараз недастаткова), каб пазбегнуць эканамічнага краху”.

“Але - прывядзе такая дапамога да рэформаў у Беларусі ці пойдзе на ўмацаванне рэжыму? Гэтае пытанне нас непакоіць больш за ўсё, - падкрэсліў Алесь Бяляцкі. – Мы лічым, што без удзелу грамадзянскай супольнасці ў гэтым працэсе, без кантроля над зменамі, якія адбываюцца ў Беларусі, гэтыя сродкі будуць, канешне ж, скарыстаныя на ўмацаванне беларускага рэжыму”.

Праваабаронца звярнуў увагу еўрапарламентарыяў на тое, што з умацаваннем пазіцыі Лукашэнкі ўмацоўваецца і пазіцыя Пуціна, паколькі яны з’яўляюцца найбліжэйшымі саюзнікамі. “І ўсе саюзы, якія ствараліся Расіяй і Беларуссю, скіраваныя на стварэнне супрацьвагі Еўрапейскаму Саюзу. Таму мы прапаноўваем у гэтай сітуацыі не верыць словам беларускага рэжыму, больш зважаць на яго справы, і ва ў сіх кантактах, якія сталі больш частымі ў апошні час, уздымаць пытанні дэмакратызацыі, рэструктурызацыі, глыбінных зменаў, паколькі ў іншым выпадку гэтыя кантакты будуць на карысць беларускага рэжыму, але ніяк не на змены ў беларускім грамадстве”, - сказаў Бяляцкі.

Таксама ён падкрэсліў важнасць вырашэння візавага пытання - зніжэння кошту візаў, а ў далейшым і ўвядзення бязвізавага рэжыму для беларусаў.

Напрыканцы свайго выступу праваабаронца выказаў спадзяванне, што ўмацаванне кантактаў з афіцыйным Мінскам ні якім чынам не “паспрыяе” таму, што каштоўнасныя праблемы, праблемы правоў чалавека адыйдуць на задні план у стасунках паміж ЕС і Беларуссю.   

Алесь Бяляцкі ў Еўрапарламенце: Адмяняць санкцыі супраць Беларусі няма рэзону, пакуль застаюцца палітвязні (відэа)

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international