viasna on patreon

Абарона правоў чалавека патрабуе супрацы адвакатаў, праваабаронцаў і журналістаў

2015 2015-04-14T17:17:48+0300 2015-04-14T17:18:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/alena_valachaj_12_4_15.jpg
Алёна Валачай

Алёна Валачай

Да такой высновы прышлі ўдзельнікі тэматычнай сустрэчы “Адвакат-праваабаронца-журналіст: прафесійныя магчымасці і асаблівасці, узаемадзеянне і ўзмацненне патэнцыялу”, якая з 10 па 12 красавіка адбылася ў Беларускім доме правоў чалавека імя Барыса Звозскага ў Вільнюсе (Літва) у рамках адукацыйнай праграмы “Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў”.

Як падкрэсліла спецыяліст у галіне праваабарончай адукацыі, псіхолаг Алена Валачай (Украіна), менавіта супраца адвакатаў, праваабаронцаў і журналістаў спрыяе выхаванню каштоўнасных якасцяў удзельнікаў праваабарончага працэсу, бо фармаванне гэтых важных для кожнага чалавека якасцяў забяспечваецца не слоўным настаўленнем, а выключна працэсам асэнсаванай дзейнасці асобы.

Падчас сустрэчы яе ўдзельнікі выказалі шэраг прапановаў па супрацы адвакатаў, праваабаронцаў і журналістаў дзеля абароны правоў чалавека і грамадскіх інтарэсаў. Сярод гэтых прапаноў — азнаямленне з юрыдычнымі асновамі дзейнасці кожнай з прафесійных груп, падключэнне журналістаў да навучання ў рамках адукацыйнай праграмы “Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў”, падрыхтоўка прафесійных журналістаў з асяродку адвакатаў і праваабаронцаў, выпрацоўка агульных падыходаў для супрацы прадстаўнікоў названых прафесійных груп, а таксама знаёмства з беларускай спадчынай ў Літве, у тым ліку з славутымі мясцінамі беларускага нацыянальнага адраджэння ў Вільне.

Апроч таго, праваабаронцы лічаць неабходным стварыць камісію па этыцы для вырашэння канфліктных сітуацый у гэтай прафесійнай групе, узяўшы за ўзор камісію такога кшталту, што дзейнічае ў складзе Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У інтэрв'ю карэспандэнту НЧ Алена Валачай зазначыла, што дзейнасць адвакатаў, праваабаронцаў і журналістаў мае вельмі вялікае значэнне для грамадства. “Аднак дзеля таго, каб разумець сваё месца ў справе абароны грамадскіх інтарэсаў, прадстаўнікі трох названых прафесійных груп павінны добра ведаць этычныя стандарты дзейнасці калег з іншых груп, а таксама адпаведныя юрыдычныя нормы на нацыянальным і міжнародным узроўнях. І тут узнікае добрае поле для ўзаемадзеяння, бо праваабаронцы могуць падзяліцца ведамі ў галіне прававой інфармацыі, адвакаты — арганізаваць прафесійныя юрыдычныя дыскусіі і навучанне, а журналісты — сваімі публікацыямі данесці да грамадства праблемы дзейнасці першых двух прафесійных груп. Такім чынам, супраца адвакатаў, праваабаронцаў і журналістаў акумулюе такую моцную сінэргію, якая дазволіць грамадству зрабіць значныя крокі ў справе абароны правоў чалавека”, — падкрэсліла спадарыня Алена.

На яе думку, кожнаму адвакату, праваабаронцу і журналісту важна папрацаваць і над удасканаленнем сваіх чалавечых якасцяў. “Гаворка ідзе пра неабходнасць паменшыць падазронасць, адрэгуляваць агрэсіўнасць, прывесці ў норму і на карысць грамадству сваю дамінантнасць, падвысіць культуру ўзаемадзеяння, навучыцца прафесійна слухаць адзін аднаго, праяўляць больш цярпімасці да поглядаў іншых. Такая праца над сабой абавязкова прывядзе да паразумення і кансалідацыі паміж адвакатамі, праваабаронцамі і журналістамі дзеля абароны правоў чалавека і інтарэсаў грамадства, а таксама пашырыць кола аднадумцаў дзеля больш годнага жыцця”, — сказала Алёна Валачай.

На яе меркаванне, супраца адвакатаў, праваабаронцаў і журналістаў спрыяе выхаванню грамадскіх лідэраў — добрых арганізатараў і адважных першапраходцаў, натхнёных прагай пазнання, а таксама жаданнем дзяліцца сваімі ведамі і вопытам з іншымі. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства