viasna on patreon

Брэст: сацыял-дэмакраты падалі заяўку на правядзенне першамайскай дэманстрацыі

2015 2015-04-09T17:38:25+0300 2015-04-09T17:38:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bsdpg-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі адзначае, што за апошнія чатырнаццаць гадоў гарвыканкам толькі аднойчы (у 2013 годзе) не забараніў падобнае масавае мерапрыемства.

Адпаведная заяўка на правядзенне дэманстрацыі, якую сёлета плануецца ладзіць пад лозунгам “Дзяржава не выконвае абавязкі перад уласным народам”, пададзена гарадскім уладам. Паводле словаў Ігара Маслоўскага, акцыя будзе наўпрост звязана з пытаннямі абароны працоўных, сацыяльных і палітычных правоў грамадзян Беларусі.

“У першую чаргу мы хочам прыцягнуць ўвагу грамадскасці і органаў дзяржаўнай улады да сістэматычнага невыканання дзяржавай абавязкаў перад уласным народам, - патлумачыў мэту акцыі лідэр брэсцкіх сацыял-дэмакратаў. - Дзяржава не стварыла і не стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва, не гарантавала і не гарантуе людзям наёмнай працы ўзровень даходаў, які забяспечвае ім і іх сем'ям свабоднае і годнае існаванне. У той жа час уведзены “падатак на беспрацоўных”. Ва ўсім свеце ёсць практыка ўвядзення “падатку на багатых”, але ніяк не наадварот. Таму падчас дэманстрацыі мы маем намер выказаць пратэст у сувязі з прыняццем Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” і будзем патрабаваць яго адмены”.

Акрамя таго, удзельнікі дэманстрацыі хочуць нагадаць мясцовым уладам пра шэраг нявырашаных гарадскіх праблем, звязаных з неабходнасцю будаўніцтва школ, дзіцячых садкоў і ўстаноў аховы здароўя ў мікрараёнах Брэста, сваечасовым і якасным рамонтам дарог, добраўпарадкаваннем дваровых тэрыторый, будаўніцтвам дзіцячых пляцовак.

Паводле заяўкі арганізатараў, удзел у дэманстрацыі возьмуць 500 чалавек. Ініцыятары акцыі адзначаюць, што заяўка пададзена ў адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, Міжнародным пактам “Аб грамадзянскіх і палітычных правах”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства