viasna on patreon

Светлагорскі следчы ва ўпор не бачыць самаўпраўнасці мясцовай міліцыі

2015 2015-04-02T12:33:01+0300 2015-04-02T12:34:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/izaliatar00.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

«Для каго я пішу скаргі?» - пытаецца ў абласнога пракурора маці Аляксандра Акуліча, які загінуў у ІЧУ Светлагорскага РАУС. Ад праверкі да праверкі супярэчнасці ў паказаннях супрацоўнікаў міліцыі, на якія паказваюць і праваабаронцы і суд, застаюцца па-за ўвагай следчага Вячаслава Петачэнкі.

Валянціна Акуліч накіравала пракурору Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці скаргу на чарговую пастанову (ад 7 лютага 2015 г.) следчага аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці яе сына ў ізалятары часовага ўтрымання Светлагорскага РАУС у траўні 2012 года. У гэтай скарзе падрабязна выкладаюцца недахопы праверак следчага Светлагорскага раённага аддзела Следчага камітэта, на якія нястомна паказваюць маці загінулага і праваабаронцы "Вясны", але якія сам Вячаслаў Петачэнка, праводзячы чарговую праверку, чамусьці абмінае.

Акцэнтуем увагу на некаторых абставінах, якія даводзяцца ў скарзе раённаму пракурору.

Як адзначаюць праваабаронцы, "следчы мяркуе, са спасылкай на п. 75 і п.76 Правілаў унутранага распарадку спецыяльных устаноў органаў унутраных спраў, якія выконваюць адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе адміністратыўнага арышту, зацверджаных пастановай ад 08.08.2007 № 194 Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, што абавязак выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу ў выпадку скаргаў каго-небудзь з дастаўленых адміністратыўна арыштаваных (адміністратыўна затрыманых) на дрэнны стан здароўя або пры відавочных прыкметах захворвання ў дзяжурнага ўзнікае пры прыёме арыштаванага і тады ж сканчаецца.

Гэтае тлумачэнне супярэчыць не толькі сэнсу, але і арт.23 Закона «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь» ад 17.07.2007 № 263-З, у адпаведнасці з якім «Супрацоўнік органаў унутраных спраў павінен прыняць меры па неадкладным аказанні медыцынскай і іншай неабходнай дапамогі асобам, якія пацярпелі ад злачынстваў, адміністрацтыўных правапарушэнняў і няшчасных выпадкаў, асобам, якія знаходзяцца ў бездапаможным або небяспечным для жыцця або здароўя стане»".

Але з тлумачэнняў дзяжурнага ІЧУ Р. Сцешанкова, якія ёсць у матэрыялах праверкі, вынікае, што ён ігнаруе свой абавязак выклікаць «Хуткую дапамогу» неадкладна і паводзіць сябе ў адпаведнасці з уласным разуменнем сваіх службовых абавязкаў. «Так, названы супрацоўнік адкрыта прызнаецца ў тым, што яму вядома аб наяўнасці прычынаў для выкліку медыцынскіх работнікаў - зняволены паводзіць сябе неадэкватна, выяўляе прыкметы псіхічнага разладу, але ў парушэнне названых вышэй патрабаванняў вырашае самастойна пераканацца ў тым, што такія паводзіны зняволенага - не сімуляцыя захворвання. Якой інструкцыяй гэта загадана? Якімі медыцынскімі ведамі валодае гэты супрацоўнік?», - ставіцца заканамернае пытанне ў скарзе.

На думку праваабаронцаў, следчаму Петачэнку варта было б крытычна паставіцца да спробаў супрацоўнікаў АУС, у прыватнасці, Сцешанкова, сысці ад адказнасці. «Указаны супрацоўнік выключна ў тых абставінах, якія сведчаць аб яго супрацьпраўных паводзінах, забыўся пра тое, што здарылася. Начыста. Нават забыўся пра тое, чаму ўнёс, паводле яго слоў, загадзя ўжо цяпер для яго недакладны запіс у журнал прымянення спецсродкаў. Або запіс ўсё ж дакладная? Бо ён супрацоўнік выключна прафесійны і пісьменны, калі верыць характарыстыцы. Забыўся, як доўга і куды біў арыштаванага - чалавека, які цалкам знаходзіўсяпад яго ўладай. Толькі дробныя дэталі выдаюць няшчырасць дзяжурнага па ІЧУ: у яго не хапіла часу на тое, каб выклікаць «Хуткую дапамогу» паміраючаму, але быў заняты ён у гэты час не толькі утрымліваннем Акуліча, але і праверкай камераў. Гэта важней за жыццё чалавека?»

У скарзе падкрэсліваецца, што пакуль дакладна не ўстаноўлена іншае і не абвергнуты аб'ектыўныя доказы, ёсць усе падставы сцвярджаць: збіццё Аляксандра Акуліча і непрафесійныя, адкрыта асуджаныя на няўдачу спробы зафіксаваць аганізуючага хворага кайданкамі з доўгім ланцужком на кратах працягвалася з 00:30 да яго гібелі пасля 01:00; на працягу гэтага часу тры супрацоўнікі органа ўнутраных спраў свядома ігнаравалі свае абавязкі па аказанні медыцынскай дапамогі чалавеку з вострым разладам здароўя - таму што не лічаць гэта (у адпаведнасці са сваім разуменнем заканадаўства, якое вызначае парадак ўтрымання арыштаваных) сваім абавязкам.

Па-ранейшаму застаецца недаследаваным механізм утварэння цялесных пашкоджанняў на нагах. У пастанове неаднаразова ўказана, што гэтыя пашкоджанні ўтварыліся ў сувязі з тым, што Акуліч ўдараўся босымі нагамі аб розныя паверхні. Але нагадаем, што згодна з заключэннем эксперта, даследаванне трупа пачыналася з таго, што з яго ўслед за адзеннем былі знятыя чаравікі. «І сапраўды, апытанне санітаркі знялоўсе пытанні адносна гэтай акалічнасці. Яна, санітарка, а не эксперт, які ажыццяўляў даследаванне, «супакоіла» следчага, заявіўшы, што звесткі пра чаравікі - гэта проста апіска. Колькі яшчэ апісак засталося ў заключэнні?»- адзначаецца на гэты конт у скарзе на новую пастанову Петачэнкі.

Па-за ўвагай працягвае заставацца і тая акалічнасць, што фельчар «Хуткай дапамогі», якая прыбыла ў ІЧУ, убачыла Акуліча, які ляжаў на жываце з рукой, закінутай за спіну. У такой позе штучнае дыханне і масаж сэрца не робіцца, а звестак аб тым, што поза Акуліча змянялася пасля таго, як яму, нібыта, рабілася штучнае дыханне і масаж сэрца, няма. Гэтая акалічнасць абвяргае тлумачэнні супрацоўнікаў ІЧУ і павінна ўлічвацца пры ацэнцы гэтых тлумачэнняў і законнасці іх дзеянняў у цэлым, настойваюць праваабаронцы. «Чаму гэтая акалічнасць зноў не даследаваная? Вядома, лягчэй паўторна апытаць фельчара, якая проста зменіць свае тлумачэнні, не патлумачыўшы прычыны такіх зменаў. Пратакол апытання, дзе сведка паказвала на такія акалічнасці, быў кароткім. Не ўбачыць тое, што следчы няправільна выклаў тлумачэнні сведкі, сказіў іх, няправільна зразумеў, было немагчыма»- гаворыцца ў скарзе.

Таксама пракурору паведамляецца, што следчы няправільна ацаніў тэарэтычныя тлумачэнні урача-нарколага адносна захворвання Аляксандра Акуліча, роўна як і лекар быў «празмерна хуткі на высновы». «Лекар прыйшоў да высновы аб тым, што ацёк мозгу ўзнік і развіўся ў Акуліча«хутка», паколькі той не скардзіўся на болі і т.п., таму дапамагчы яму было немагчыма нават у выпадку медыцынскага ўмяшання». На думку праваабаронцаў, такое сцверджанне няслушнае, у першую чаргу, таму, што ў яго аснову пакладзены няслушныя звесткі, якія следчы, відавочна, паведаміў лекару. «У адпаведнасці з тлумачэннямі адміністратыўна арыштаванага Дзікуна ад 22.05.2012 г.,«у камеры ён (Акуліч) паводзіў сябе спакойна, але было відаць, што яму дрэнна пасля працяглага ўжывання спіртнога... Ён шмат піў вады, пацеў». У 22:00 у Акуліча пачаліся галюцынацыі. Дык можа ацёк развіваўся не "хутка", а так, што своечасовая медыцынская дапамога выратавала б яму жыццё?».

Ці стане пракурор Светлагорскага раёна разбірацца ў пытаннях, пастаўленых у скарзе Валянціны Акуліч? Упраўленне ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама, куды яна накіроўвала аналагічную скаргу, ужо адмахнулася - берагуць гонар мундзіру.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства