Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства “Дзень Волі – 2015”

2015 2015-03-26T13:53:27+0300 2016-07-25T12:27:30+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/den_voli_2015_13.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Супрацоўнікі праваахоўных органаў падчас Дню волі - 2015 ў Мінску

Супрацоўнікі праваахоўных органаў падчас Дню волі - 2015 ў Мінску

25 сакавіка 2015 года ў Мінску адбылося санкцыянаванае масавае мерапрыемства (дэманстрацыя) з 15 па 18 гадзін. Дадзенае мерапрыемства з’яўляецца традыцыйным для беларускіх апазіцыйных рухаў і адбываецца штогод з нагоды гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.

Першапачаткова заяўка была пададзеная на правядзенне шэсці і мітынга з 17.00 па 20.00 ад імя 4-х заяўнікаў: Янукевіч А.А., Семяненка М.А., Казлоў М.Г., Хоміч М.У. Але 18.03.2015 г. Мінгарвыканкам “з улікам вопыту правядзення аналагічных мерапрыемстваў у мінулыя гады” дазволіў правядзенне дэманстрацыі у наступным парадку: збор удзельнікаў з 15.00 па 16.00 на пляцоўцы каля ўваходу ў кінатэатр “Кастрычнік”; дэманстрацыя па маршруце па тратуарах пр.Незалежнасці – вул.Сурганава-Парк імя Дружбы народаў з 16.00 па 17.00; 17.00-18.00 – мітынг на цэнтральнай сцэнічнай пляцоўцы Парка імя Дружбы народаў. Вызначаны час супадае з працоўным і вучэбным часам значнай часткі грамадзян. Ад арганізатараў патрабавалі таксама заключэнне дамовы з ГУУС Мінгарвыканкамам, УАЗ “Гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска” і КУП “Мінскзелянбуд” агульнай сумай больш за 21 мільён беларускіх рублёў. У выніку арганізатары адмовіліся ад правядзення мітынгу (канцэрту) і правялі толькі дэманстрацыю.

Таксама мела месца публічная інфармацыя аб забароне тэматычных пікетаў у Гродна і Віцебску, мітынгу ў Кіеўскім скверы ў Мінску. Дадзеныя прыклады сведчаць аб абмежавальным і выбарачным падыходзе да дазволаў на правядзенне масавых мерапрыемстваў.

Падчас дадзенай акцыі ажыццяўлялася грамадскае назіранне па ініцыятыве РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончага цэнтра “Вясна” ў складзе 15 назіральнікаў, якія запаўнялі ўніфікаваныя карты з мэтай аб’ектыўнай ацэнкі характару сходу, а таксама фіксацыі магчымых парушэнняў правоў чалавека ў ходзе мерапрыемства. Паводле інфармацыі з картаў (пазначаных там фактаў) быў зафіксаваны ход масавага мерапрыемства, дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў і ўдзельнікаў. У дадзенай справаздачы абазначаныя асобныя аспекты вынікаў назірання, аналіз адпаведнасці масавага мерапрыемства міжнародным стандартам у галіне свабоды мірных сходаў, а таксама рэкамендацыі для прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і арганізатараў.

І. Высновы:

  1. Можна адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства цягам усёй акцыі (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”).
  2. Не зважаючы на выкананне арганізатарамі патрабаванняў заканадаўства пры падачы заяўкі і адказ выканкама за 7 дзён да даты правядзення дэманстрацыі, мелі месца факты абмежавання права на мірныя сходы ў выніку адвольнай змены часу масавага мерапрыемства. Таксама зафіксаваны факт абавязку аплаціць і празмерна вялікі кошт для арганізатараў паслугаў па ахове грамадскага парадку, працы санітарнай і медычнай службаў, калі згодна Кіруючым прынцыпам АБСЕ па свабодзе мірных сходаў дадзеныя паўнамоцтвы належыць да пазітыўных абавязкаў дзяржавы (якія яна павінны выконваць самастойна і аўтаматычна без дадатковых умоў з боку арганізатараў). Сама працэдура атрымання дазволу на права мірнага сходу супярэчыць міжнародным стандартам (рэкамендацыя 98.11 Даклада Рабочай групы па ўніверсальным перыядычным аглядзе Савета па правах чалавека ААН за 2010 год) і дэвальвуе права на мірны сход.
  3. Асаблівую занепакоенасць выклікаюць факты адвольных затрыманняў падчас і пасля мерапрыемства ўдзельнікаў. Вядома пра затрыманне пяці чалавек. Затрыманні ўдзельнікаў масавага мерапрыемства насілі, на наш погляд, незаконны характар, і былі скіраваныя на запалохванне грамадзян, а таксама як працяг практыкі адвольных рэпрэсій у дачыненні да палітычнай апазіцыі і грамадскіх актывістаў.
  4. Станоўчым фактара з’яўляецца адсутнасць прэтэнзіі з боку супрацоўнікаў міліцыі і выканкама да больш вялікай колькасці ўдзельнікаў дэманстрацыі адносна заяўленай.
  5. Трэба адзначыць немагчымасць ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве супрацоўнікаў праваахоўных органаў праз адсутнасць у значнай часткі форменнай вопраткі, а таксама адсутнасць ідэнтыфікацыйных нумарных знакаў на пераважнай большасці супрацоўнікаў у форме.
  6. Станоўчым фактарам можна адзначыць папярэднюю згоду арганізатараў мерапрыемства на камунікацыю з групай назіральнікаў і прадстаўленне ўсёй неабходнай інфармацыі і дакументаў. У той жа час вызначыць адказнага ад ГУУС Мінгарвыканкама за захаваннем грамадскага парадку было немагчыма.

ІІ. Ход масавага мерапрыемства

Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:

- пры заяўленай колькасці ўдзельнікаў да 950 чалавек на месцы збору колькасць ўдзельнікаў складала каля 1425 чалавек. Каля 1200 чалавек бралі ўдзел на сярэдзіне маршруту дэманстрацыі. На падыходзе да Парку Дружбы народаў было зафіксавана 700 чалавек і 500 чалавек знаходзіліся ў межах Парку. Пасля 16.40 колькасць удзельнікаў зніжалася;

- колькасць супрацоўнікаў вызначаецца больш складана праз адсутнасць апазнавальных знакаў на значнай частцы супрацоўнікаў. Так, у форме з надпісам “ОМОН” было зафіксавана каля 50 чалавек, каля 60 – у грамадзянскай вопратцы з адметнымі прыкметамі (навушнікі, рацыі). У тым ліку прадстаўнікі кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама і РУУСаў былі ў грамадзянскай вопратцы без апазнавальных знакаў. Пры сабе супрацоўнікі міліцыі мелі: кайданкі, гумовыя палкі, светагукавыя прылады адцягваючага ўздзеяння;

- адсутнічалі перашкоды з патрапленнем на месца збору, металашукальнікі вакол канцэртнай пляцоўкі Парка Дружбы народаў засталіся незапатрабаванымі;

- у цэлым адсутнічалі перашкоды ў працы СМІ, але на вуліцы Багдановіча відэа-аператарам забаранялі здымаць афіцэраў міліцыі ў форме пры складанні пратаколу за парушэнне правілаў дарожнага руху на аднаго з удзельнікаў;

- перашкоды ў працы назіральнікаў мелі месца ў двух выпадках: на месцы збору назіральнікаў з функцыяй падліку ўдзельнікаў дэманстрацыі не пусцілі на прыступкі кінатэатра “Кастрычнік”, а таксама пасля сканчэння мерапрыемства з камеры адной назіральніцы супрацоўнікі міліцыі выдалілі відэа, на якім было зафіксаванае затрыманне аднаго ўдзельніка. У выпадку адмовы выдалення відэа супрацоўнікі міліцыі пагражалі канфіскацыяй камеры, фарматаваннем карткі, затрыманнем;

- таксама варта адзначыць нізкую інфармацыйнасць ад супрацоўнікаў міліцыі пры зваротах назіральнікаў адносна іх колькасці і парадку аховы грамадскага парадку;

- арганізатары масавага мерапрыемства былі абазначаныя бэйджамі, дружына адсутнічала;

-  заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку ўдзельнікаў не зафіксавана;

- удзельнікі выкарыстоўвалі наступныя плакаты і транспаранты: “Дзень Волі”, "Пуціна ў Гаагу!!!”, “Якая бульба без укропу?", “За нашу і вашу свабоду”, “За незалежную Беларусь”, “Крым Украіне - шчасце краіне”, “Очнись!”, “Беларуская мова - адзіная дзяржаўная”, “Захаваем незалежную Беларусь”, “Беларусь у Еўропу”, “Мы – еўрапейцы”, “Расія - гэта вайна”, фотаздымкі палітвязняў;

- выкарыстоўвалася наступная сімволіка: бела-чырвона-белыя сцягі, сцягі Украіны, сцяг Азербайджану, сцягі кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, БХД, сцяг РЭП;

- ужываліся лозунгі: “Жыве Беларусь”, “Слава Украіне – героям слава”, “Хто не скача - той маскаль”, “Верым, можам, пераможам”;

- патрабаванняў да ўдзельнікаў з боку арганізатараў не паступала, з боку праваахоўных органаў усе патрабаванні ўдзельнікі выконвалі;

- падчас масавага мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі фізічную сілу, але назіральнік зафіксаваў факты выкарыстання сілы пры затрыманні аднаго з удзельнікаў пасля завяршэння акцыі;

- часам у бачным месцы для ўдзельнікаў з’яўлялася 1 машына хуткай дапамогі;

- супрацоўнікі міліцыі часта рабілі заўвагу ўдзельнікам, каб не адыходзілі далёка ад асноўнай калоны, а таксама патрабавалі зняць ўсю сімволіку і нават дробныя стужкі пры выхадзе з тэрыторыі Парку пасля заканчэння шэсця;

- супрацоўнікі міліцыі затрымалі 5 асобаў падчас і пасля дэманстрацыі: Цімура Сідорыка, які спрачаўся з супрацоўнікамі АМАПу адносна згортвання сцягу на выхадзе з Бангалору і каля вул. Калініна яго схапілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным пры выхадзе з тралейбусу і пасадзілі ў сіні мікрааўтобус Volkswagen. Таксама быў затрыманы мужчына са сцягам Азербайджану і двое 17-цігадовых хлопцаў, што прыйшлі на акцыю ў чорных балаклавах і з нацыянальнай сімволікай. Пасля папярэджання супрацоўнікаў міліцыі апошнія безвынікова спрабавалі пакінуць масавае мерапрыемства. Вядома толькі, што затрыманых даставілі ў Савецкі РУУС, пратрымалі тры гадзіны і вызвалілі. Таксама да затрыманых ужываліся хлапкі па твары і пагрозы. Акрамя таго, для высвятлення асобы быў затрыманы былы палітвязень Эдуард Лобаў, якога адпусцілі праз 10 хвілін без складання пратаколу.

ІІІ. Рэкамендацыі

Арганізатарам:

* Ажыццяўляць больш актыўную камунікацыю з праваахоўнымі органамі і ўдзельнікамі, асабліва звярнуць увагу на забеспячэнне бесперашкоднага руху праз перакрыжаванні і пры патрапленні на месца правядзення мітынгу. Па магчымасці арганізоўваць дружыну.

Мінгарвыканкаму:

* Не абмяжоўваць беспадстаўна права на мірныя сходы, не дэвальваваць права адвольнымі зменамі часу правядзення масавага мерапрыемства і накладаннем вялікіх абавязкаў на арганізатараў па аплаце грамадскага парадку, працы санітарных і медычных службаў;

* спыніць практыку беспадстаўных адмоў у правядзенні мірных сходаў.

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

*спыніць паслядоўную практыку адвольных затрыманняў удзельнікаў падчас і пасля мірных сходаў;

* у адпаведнасці з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў" "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, прапануем, каб усе супрацоўнікі ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама былі пазначаныя ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі);

* абазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;

* забяспечыць бесперашкодны рух калоны ўдзельнікаў праз перакрыжаванні са спыненнем руху транспартных сродкаў.

Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

* ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Дзень волі - 2015 ў Мінску
Дзень волі - 2015 ў Мінску
Дзень волі - 2015 ў Мінску
Дзень волі - 2015 ў Мінску
Дзень волі - 2015 ў Мінску
Дзень волі - 2015 ў Мінску

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international