Судовы працэс па ліквідацыі Магілёўскага праваабарончага цэнтра прыпынены па згодзе бакоў

2015 2015-03-17T14:03:00+0300 2015-03-18T09:54:12+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/krauchanka-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кіраўнік МПЦ Уладзімір Краўчанка

Кіраўнік МПЦ Уладзімір Краўчанка

У Магілёўскім абласным судзе 17 сакавіка працягнуўся разгляд пазову галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання "Магілёўскі праваабарончы цэнтр" (МПЦ). 

Упраўленне юстыцыі намагаецца ліквідаваць старэйшую праваабарончую няўрадавую арганізацыю вобласці з-за праблемаў з юрыдычным адрасам. Як указана ў пазове, МПЦ, ажыццяўляючы дзейнасць, парушыла заканадаўства - не прадаставіла ва ўпраўленне юстыцыі дакументы, якія неабходныя для дзяржаўнай рэгістрацыі змены юрыдычнага адрасу, што ўнесены ў Статут арганізацыі. Як сцвярджаецца ў пазове, МПЦ з 5 снежня 2014 г. не размяшчалася па адрасе, які ўказаны ў ягоным Статуце, паколькі дамова арэнды была разарваная арэндадаўцам "у аднабаковым парадку". Такім чынам, МПЦ фактычна з 05.12.2014 г. не мела памяшкання для размяшчэння свайго кіруючага органа, а ў галоўнае ўпраўленне юстыцыі не былі прадастаўленыя дакументы, неабходныя для рэгістрацыі новага адрасу.

Напрыканцы 2014 года абласное ўпраўленне юстыцыі ўжо спрабавала  прыпыніць дзейнасць арганізацыі ў судовым парадку, але праваабаронцам тады ўдалося вырашыць праблему: яны заключылі дамову арэнды, якая і была неўзабаве разарваная арэндадаўцам.

Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, кіраўнік МПЦ Уладзімір Краўчанка сёння прадставіць у судзе Гарантыйны ліст ад новага арэндадаўцы на згоду даць  арганізацыі юрыдычны адрас для ўнясення зменаў у статутныя дакументы арганізацыі, а таксама новую дамову аб арэндзе.

Уладзімір Краўчанка лічыць, што ўсе папярэднія ўласнікі памяшканняў, якія скасавалі дамову арэнды ў аднабаковым парадку, зрабілі гэта незаконна, пад ціскам мясцовай улады.

14-10. Падтрымаць калегаў у Магілёў прыехаў старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі. Перад пачаткам судовага паседжання ён зачытаў заяву ў падтрымку МПЦ.

 

14-35. У судовай залі каля 30 чалавек. Гэта грамадскія дзеячы, правабаронцы, журналісты. Адказчык Уладзімір Краўчанка заявіў адвод суддзі Аляксандру Раманаву. Суддзя разглядае гэтае пытанне. Абвешчаны перапынак.

15-00. Суддзя не задаволіў хадайніцтва аб адводзе суддзі, але дазволіў выклікаць у суд сведкаў. Наступнае хадайніцтва аб далучэнні да справы заявы МПЦ аб зменах у Статут юрыдычнага адраса арганізацыі. Суддзя далучае матэрыялы да справы.

15-10. Уладзімір Краўчанка хадайнічае аб выкліку сведак: Панамарэнку -арэндадаўца, Грэкава - сябра праўлення, Гаўрылава - супрацоўніка абласнога аддзялення КДБ, дадзеныя сведкі могуць пацвердзіць, што юрыдычны адрас ёсць і зараз няма ніякіх парушэнняў. 

Суддзя пытаецца, ці ёсць сэнс працягваць разгляд дадзенай справа да разгляду абласным упраўленнем юстыцыі зменаў ў статуте МПЦ.

15-15. Па ўзаемнай згодзе бакоў вырашаецца пытанне аб прыпыненні разгляду справы. Адказчык афармляе хадайніцтва. І пазоўнік, і пракурор не пярэчаць супраць прыпынення разгляду. 

Хадайніцтва аб выкліку сведак на дадзены момант адклікана. Суддзя выйшаў ў дарадчы пакой для прыняцця рашэння.

15-45.  Суд вынес вызначэнне аб прыпыненні разглядаемай справы па ўзаемнай дамове бакоў.

 

 

***

17 сакавіка, калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суду мелася разгледзець па-сутнасці пазоў галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання "Магілёўскі праваабарончы цэнтр".

Аднак да разгляду справы не дайшло, бо ў судовым працэсе з'явіўся дакумент, які сведчыў аб тым, што ГА "МПЦ" 17.03.2015 г. падало ўва ўпраўленне юстыцыі камплект дакументаў па рэгістрацыі зменаў у Статуце арганізацыі ў сувязі са зменай юрыдычнага адрасу.

Цікава, што хадайніцтва аб далучэнні гэтага дакументу да справы падала сама прадстаўніца ўпраўлення юстыцыі Аліна Хмялеўская.

Суддзя Аляксандр Раманаў прапанаваў бакам падаць хадайніцтва аб прыпыненні разгляду справы да вынясення ўпраўленнем юстыцыі рашэння што да пададзеных дакументаў аб рэгістрацыі ці не рэгістрацыі адпаведных зменаў у Статуце ГА "МПЦ", што і было зроблена прадстаўнікамі пазоўніка і адказчыка. Звычайна разгляд пакету дакументаў упраўленнем юстыцыі займае каля месяцу.

Працэс выклікаў вялікую ўвагу грамадскасці і прайшоў пры запоўненай залі. Учора беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі выступілі з адмысловай заявай аб сітуацыі з МПЦ.

 

ГА "Магілёўскі праваабарончы цэнтр" (МПЦ) дзейнічае з 1998 года. Дзесяць актывістаў з розных грамадскіх структур аб'ядналі намаганні, каб разам адстойваць правы чалавека. На сёння МПЦ застаецца адзінай афіцыйна зарэгістраванай у Беларусі рэгіянальнай праваабарончай арганізацыяй. Кіруе арганізацыяй Уладзімір Краўчанка.

МПЦ 17 год гадоў актыўна займаецца праваабарончай дзейнасцю ў Магілёўскай вобласці і на сённяшні дзень з'яўляецца адзінай праваабарончай арганізацыяй, прадстаўнік якой уваходзіць у склад грамадскіх назіральных камісій, што ажыццяўляюць кантроль за дзейнасцю пенітэнцыярных устаноў вобласці. За ўсе гэтыя гады Магілёўскі праваабарончы цэнтр неаднаразова трапляў пад пільную ўвагу мясцовых органаў улады, незадаволеных крытыкай праваабаронцаў у свой адрас.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, Праваабарончы цэнтр "Вясна" і РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт выступілі з сумеснай заявай з нагоды судовага працэсу па ліквідацыі МПЦ.

 

 

Алесь Бяляцкі зачытвае заяву ў падтрымку МПЦ.
Суд па ліквідацыі Магілёўскага праваабарончага цэнтра
Суддзя Магілёўскага абласнога суда А. Раманаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international