Сяргей Кавалёў пра знішчэнне музея “Перм-26”: Уладам не патрэбная тэрыторыя свабоды

2015 2015-03-10T10:52:37+0300 2015-03-10T11:14:06+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kavaliou-cafp.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Кавалёў. Фота: Юрый Кадобнаў / AFP, архіў

Сяргей Кавалёў. Фота: Юрый Кадобнаў / AFP, архіў

Музей «Перм-36», які існаваў на месцы калоніі для палітвязняў, спыніў сваё існаванне з-за канфлікту з адміністрацыяй Пермскага краю. Некамерцыйная арганізацыя «Перм-36» 3 сакавіка абвясціла пра сваю ліквідацыю, а новае кіраўніцтва мемарыяльнага комплексу радыкальна перафарматавала музейную палітыку, на месцы лагера будзе адкрыты "Музей лагернай гісторыі і работнікаў ГУЛАГу”.
Праваабаронца, сябра праўлення НКА «Перм-36» Сяргей Кавалёў, які ў савецкі час некалькі гадоў адседзеў у гэтым лагеры, распавёў Адкрытай Расіі пра мінулае пермскай спецзоны і прычыны, па якіх улады вырашылі ліквідаваць легендарны музей.

- Лагер «Перм-36» вядомы найперш як частка савецкай рэпрэсіўнай сістэмы часоў Брэжнева. Пры Сталіне ён не быў так знакаміты, чаму?

- «Перм-36» у сталінскі час быў невялікім лагерком. Пазней ён стаў лагерам спецыяльнага прызначэння. На зэкаўскім жаргоне такія зоны называліся «Чырвоны капялюшык», гэта быў лагер для былых суддзяў, пракурораў, міліцыянтаў, якія ўчынілі крымінальныя злачынствы. А ў 1972 годзе «Перм-36» стала палітычнай зонай. Арыштанцкі кантынгент туды перавезлі з лагераў Мардовіі. Вельмі цяжкім было этапаванне ў гэты лагер - стаяла спякотнае лета, зняволеных везлі ў сталыпінскіх вагонах, у цеснаце.

Ні ў якое параўнанне палітычны лагер брэжнеўскага часу са сталінскімі зонамі, вядома, не ідзе. У сталінскіх зонах рэжым быў істотна больш жорсткі, але былі і плюсы. Сталінскія зоны былі велізарнымі, у кожнай змяшчалася шмат зняволеных - узгадайце «Адзін дзень Івана Дзянісавіча», там у галоўнага героя быў нумар «Щ-854». Так, у такой велізарнай зоне лягчэй праводзіць масавыя рэпрэсіі, але, разам з тым, немагчыма ажыццявіць строгі кантроль за кожным чалавекам, які сядзіць там. А калі я прыехаў у «Перм-36», там сядзела каля 140 чалавек. Тут кожны з нас кожную хвіліну быў навідавоку.

Не, у нас не было збіцця ці чаго-небудзь падобнага. Але «перавыхаванне» ішло пры дапамозе іншых спосабаў. Нас змяшчалі ў штрафны ізалятар, ШІЗА, дзе было вельмі халодна. Там цябе садзяць на асаблівую норму харчавання, «9-Б» - гарачым кормяць толькі праз дзень, і тое па зніжаных нормах. У дні без гарачай ежы ты можаш атрымаць толькі кіпень, хлеб і сем грамаў солі. Арганізм фактычна ў такіх умовах вымушаны есці сам сябе. Спачатку ён спажывае ўласныя тлушчы - у зоне яны даволі хутка сканчаюцца. Потым падтрымлівае свае жыццёвыя функцыі за кошт бялкоў, з'яўляецца пах ацэтону з рота. Вы паступова «з'ядаеце» ўласныя мышцы. Тое ж самае адбываецца з чалавекам падчас працяглай галадоўкі. Калі на норме «9-Б» вас пратрымалі два поўныя тэрміны, то бок месяц, вы пачынаеце адчувальна пахнуць ацэтонам.

- А ў якіх умовах утрымліваліся астатнія арыштанты? Якое ў іх было харчаванне?

- Харчаванне было беднае і кепскай якасці. Асабіста я, як мне здавалася, не адчуваў голаду. Калі ты атрымліваеш поўную, а не зрэзаную норму, ды яшчэ і перадачу, ці табе ўдалося штосьці вынесці з доўгага спаткання, то жыць неяк можна. Але калі я паглядзеў на сваё фота на даведцы аб вызваленні, я сябе не пазнаў - гэта быў чэрап, абцягнуты скурай. Адзінае больш-менш ядомае ў зонаўскай пайцы - гэта абедзенны суп. Там мусілі быць мяса, але яго там не было, хоць 50 грамаў мяса на дзень нам належыла. Там адварваюць косткі, але яны зняволеным таксама не даставаліся - з супу іх вымалі. Але ўсё ж гэта быў нармальны наварысты суп. Усё астатняе чалавек з волі есці не стаў бы.

- Якія віды работ былі ў лагеры?

- Работы былі самыя разнастайныя. Была такарня - у нас у цэху былі такарныя станкі. Але месцаў на такой працы было няшмат, мяне, нягледзячы на ​​ўсё маё жаданне стаяць каля такарнага станку, да гэтай працы не дапускалі. Я працаваў качагарам, працаваў на пілараме, зняволеныя таксама збіралі дэталі для прасаў.

Самае цяжкае з таго, з чым мы сутыкаліся ў гэтым лагеры, - гэта, зразумела, не фізічныя цяжкасці, а сам факт пазбаўлення волі, які падкрэсліваўся самаўпраўнасцю адміністрацыі - нахабнай, цынічнай, часта дэманстратыўнай, якая зневажае людскую годнасць.

 

- І вось памяць пра гэтыя часы і пра злачынствы дзяржавы знішчаецца сёння. Прычына ліквідацыі музея «Перм-36» менавіта ў тым, каб знішчыць памяць...

- Ды не толькі! Галоўная прычына ліквідацыі музея, як я думаю, зусім не ў тым, што там паказвалі барак, дзе жылі зэкі, прамзону і да таго падобнае, расказвалі пра жыццё ў гэтым брэжнеўскім варыянце ГУЛАГу.

Гэта ўсё, вядома, важна, але значна больш важным было тое, што пра гэты музей казалі: «Перм-36» - тэрыторыя свабоды». Бо ў апошнія гады гэта сапраўды была тэрыторыя свабоды. Там кожны год праводзіўся фестываль пад назвай «Піларама». Там збіралася па некалькі тысяч гледачоў, а калі выступаў Юрый Шаўчук, было больш за дзесяць тысяч гледачоў. Былі канцэрты, выставы мастакоў, рэгулярна прыязджалі «Міцькі» з Піцера і іншыя прадстаўнікі мастацтва, сучаснага і класічнага. Рэгулярна праводзіліся семінары, на якіх ніхто не саромеўся казаць праўду аб тым, што адбываецца ў Расіі.
Туды ж, на гэты фестываль, прыходзілі групы моладзі з арганізацыі Сяргея Кургіняна - у чырвоных майках з савецкай сімволікай. Сам Кургінян там ні разу не з'явіўся, але гэтыя юнакі і дзяўчаты дзейнічалі цалкам у яго духу, імкнуліся сарваць нашыя мерапрыемствы рознымі праўладнымі выступамі. Трэба сказаць, што хоць гэтыя групы былі іншародным целам на нашых фестывалях, але іх ніколі ніхто не чапаў - ніхто не клікаў міліцыю, не выдаляў сілай.

- Калі стала зразумела, што ў музея пачаліся сапраўдныя праблемы?

- Спярша пачалі з'яўляцца публікацыі ў мясцовай прэсе, цалкам агідныя, паклёпніцкія ў дачыненні да былых палітвязняў. Пісалі, што ніякіх галадовак не было, што зняволеныя сілкаваліся ўпотай, усхвалялі лагерную адміністрацыю. Уся гэтая ментоўская пісаніна - некаторыя аўтары публікацый сцвярджалі, што служылі ў ахове лагера - праехалася і па мне. Пра мяне пісалі, быццам «гэты Кавалёў сам адводзіў людзей у ШІЗА» і падобную няпраўду.
Затым ужо ціск на нас пачала аказваць краёвая адміністрацыя.
Трэба прызнаць, што на пачатку існавання музея пермскія ўлады вельмі моцна дапамагалі. Памяшканні музея патрабавалі рамонту, бо пасля заканчэння лагернага перыяду на гэтай тэрыторыі наступіў перыяд разрухі. Патрэбны былі грошы на прывядзенне ўсяго гэтага ў парадак. Будынкі лагера лічыліся за пермскай адміністрацыяй, але здаваліся музею ў бясплатную арэнду. Сякія-такія грошы ўлады выдзялялі, пастаянна вяліся нейкія рэстаўрацыйныя працы.
Акрамя таго, гэта ж музей: там былі экскурсаводы, навуковыя супрацоўнікі, якім трэба было плаціць заробак. Увогуле, у фінансаванне ўнёсак пермскай адміністрацыі быў немаленькі. Вядома, гэтага ўсё адно было недастаткова, і мы атрымлівалі гранты.

Але ў далейшым да прапагандысцкага накату, сцверджанняў, што ў нас там антыдзяржаўнае зборышча, што асновы заканадаўства трашчаць па швах, далучыўся і ціск уладаў. З нашага боку былі спробы, часам, па-мойму, нават залішнія, дамовіцца з губернатарам, у тым ліку і з дапамога Адміністрацыі прэзідэнта. У АП прымалі нашых таварышаў з Грамадскага савета музея, вяліся ўсялякія размовы аб тым, што патрэбны кампраміс, чыноўнікі намякалі, што не трэба займаць такую ​​крытычную пазіцыю, а трэба скараціць лекцыйныя праграмы на фестывалі.

У рэшце рэшт, урад Пермскага краю пажадаў вярнуць пад свой кантроль зямлю і будынкі музея. Звольнілі значную частку супрацоўнікаў, стаў арганізоўвацца «Музей супрацоўнікаў ГУЛАГу». Стала зразумела, што нашую «Тэрыторыю свабоды» хочуць скасаваць, што і адбылося.

- Цяпер там будзе «Музей супрацоўнікаў ГУЛАГу». Цікава, а што яны там будуць экспанаваць, пра што там будуць распавядаць экскурсаводы?

- Гэтага я не ведаю. Самая вялікая наша бяда ў тым, што яны наклалі руку і на нашыя калекцыі, на дакументы. Гэта велізарная колькасць экспанатаў, велізарны архіў, да якога ніякая пермская адміністрацыя ніколі не мела дачынення.

Самаліквідацыя «Пермі-36» была ж звязана з тым, што нам намалявалі вялізны доўг: каля 600 тысяч рублёў. І не было іншага шляху, акрамя самаліквідацыі, абвяшчэння банкруцтва і ўсіх законных наступстваў, якія вынікаюць з банкруцтва, а таксама далейшых судовых разглядаў. Ведаючы пра тое, што такое нашае расійскае правасуддзе, я не думаю, што вынік гэтых судовых разглядаў будзе для на нашай НКА спрыяльным.

«Тэрыторыя свабоды» праіснавала больш за 10 гадоў. Але мы бачым, што эвалюцыя нашай дзяржавы вядзе зусім не да свабоды. Музей «Перм-36» скончыўся. Трэба толькі ўсім разумець: тое, што будзе на яго месцы, - гэта зусім не музей ГУЛАГу. Узнікае штосьці, зусім супрацьлеглае па духу музею «Перм-36». Гэта будзе адаптацыя ўяўленняў аб гісторыі савецкіх рэпрэсій да цяперашняй ўнутранай і знешняй палітыкі.
Нас закрылі, нас знішчылі па палітычных прычынах. Ім не патрэбная «Тэрыторыя свабоды», такая палітыка цяперашніх уладаў. Яны сцвярджаюць, што нейкія антырускія сілы з-за мяжы зацікаўленыя ў знішчэнні краіны. Ліквідацыя музея «Перм-36» - частка барацьбы з гэтымі выдуманымі пагрозамі.

Фота: eotperm.ru

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international