Беларускія НКА падрыхтуюць сумесныя прапановы ў заканадаўства аб замежнай дапамозе

2015 2015-03-10T10:03:05+0300 2015-03-10T10:03:05+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/lawtrend_asambleya.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Асамблея НДА і Цэнтр прававой трансфармацыі рыхтуюць сумесны зварот, які прадставіць кансалідаваную пазіцыю беларускай грамадзянскай супольнасці ў пытанні замежнага фінансавання.

 

2 сакавіка 2015 году Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь абвясціў аб падрыхтоўцы новага прававога акта, скіраванага на ўдасканаленне парадку атрымання, выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі, яе вызвалення ад падаткаў і мытных плацяжоў, які рэгулюецца Дэкрэтам ад 28 лістапада 2003 г. № 24 «Аб атрыманні і выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі».

Прапановы па ўдасканаленні заканадаўства ў гэтай сферы будуць прымацца да 30 сакавіка 2015 года на электронны адрас departinfo@tut.by.

Дазволены парадак атрымання замежнай бязвыплатнай дапамогі, які дзейнічае ў Беларусі з 2001 году, быў прадметам працяглай крытыкі з боку некамерцыйных арганізацыяў (НКА) і міжнародных экспертаў. Ён істотна абмяжоўвае магчымасць НКА атрымліваць фінансаванне з-за мяжы, абмяжоўвае мэты, на якія можа быць атрыманая замежная дапамога, прыраўноўвае да замежнай дапамогі ананімныя ахвяраванні, і наагул не спрыяе фінансавай устойлівасці арганізацыяў грамадзянскай супольнасці.

Юрысты адзначаюць абвастрэнне праблемы рэгулявання замежнай бязвыплатнай дапамогі з восені 2011 г., калі за парушэнні ў гэтай сферы была ўведзеная крымінальная адказнасць.

Асамблея НДА Беларусі і Цэнтр прававой трансфармацыі прапаноўваюць выпрацаваць сумесную пазіцыю некамерцыйных арганізацыяў адносна неабходных зменаў парадку атрымання і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі.

Арганізацыі выступілі з ініцыятывай падрыхтоўкі сумеснага звароту, які прадставіць кансалідаваную пазіцыю беларускай грамадзянскай супольнасці ў пытанні атрымання і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі. Праект агульнай пазіцыі плануецца апублікаваць і прапанаваць для падпісання да 20 сакавіка 2015 года, каб ва ўстаноўлены тэрмін накіраваць яго ў Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці. Ідэі і прапановы беларускіх некамерцыйных арганізацыяў, якія датычацца зместу будучага сумеснага дакументу, прапануецца дасылаць на электронны адрас Цэнтру прававой трансфармацыі infolawtrend@gmail.com да 16 сакавіка 2015 года (у тэме просьба пазначаць: “Заканадаўства аб замежнай дапамозе”).

Паралельна ініцыятары прапановы звяртаюцца да міжнароднай донарскай супольнасці, суб'ектам прадастаўлення замежнай бязвыплатнай дапамогі і профільным міжнародным экспертным арганізацыям з заклікам накіроўваць свае прапановы ў Дэпартамент, каб максімальна наблізіць працэс рэфармавання беларускага заканадаўства аб фінансаванні НКА да лепшых сусветных практык.
Кантакты:

Дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі
Вольга Смалянка,+375296550667
Юрыст Асамблеі НДА
Юрый Чавусаў, +375296414347

Паводле прэс-службы Асамблеі НДА

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international