viasna on patreon

Еўрапарламентарый: Без вызвалення палітвязняў прарыў у адносінах паміж Беларуссю і ЕС немагчымы

2015 2015-03-06T15:43:19+0300 2015-03-06T15:43:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/euraparlament.jpg

Без вызвалення палітвязняў рэальны прарыў у адносінах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам немагчымы, заявіла  намеснік старшыні групы Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце Сандра Калніетэ, якая наведала Мінск на мінулым тыдні.

Візіт быў выкліканы неабходнасцю на месцы азнаёміцца і ацаніць цяперашні стан і перспектывы развіцця адносінаў паміж ЕС і Беларуссю, бо, паводле слоў Калніетэ, "ёсць геапалітычныя змены ў рэгіёне, а Беларусь адыгрывала канструктыўную ролю як пляцоўка для мірных перамоў" па Украіне.

Падчас візіту адбыліся сустрэчы з афіцыйнымі асобамі, прадстаўнікамі апазіцыі, праваабаронцамі і сваякамі палітвязняў.

Калніетэ, у прыватнасці, сустракалася з намеснікам міністра замежных спраў Аленай Купчыной, памочнікам прэзідэнта Валерыем Брылёвым, старшынёй пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Святланай Герасімовіч і кіраўніком пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Мікалаем Самасейкам. "На гэтых сустрэчах мы гаварылі пра тое, што рэальны прарыў у адносінах паміж Беларуссю і ЕС магчымы толькі пасля вызвалення палітвязняў. Для нас гэта пытанне прынцыпу. Ніякі кампраміс па гэтым пытанні немагчымы", — сказала еўрадэпутат.

Паводле яе слоў, прадстаўнікі ўлады давалі "звычайныя тлумачэнні" аб тым, што ў Беларусі няма палітвязняў, а тыя людзі, якіх ЕС называе палітвязнямі, асуджаныя на падставе крымінальных артыкулаў.

Апрача таго, абмяркоўвалася тэма прэзідэнцкіх выбараў, што павінны адбыцца ў Беларусі сёлета, і парламенцкіх — у 2016 годзе. "Мы падкрэслілі, што падчас выбараў усе міжнародныя выбарчыя стандарты павінны выконвацца, а голас апазіцыі павінен быць чутны. Мы чакаем, што не будзе прымененае насілле ў дачыненні да пратэстантаў, як гэта здарылася пасля выбараў 2010 года", — падкрэсліла Калніетэ.

Распавядаючы пра сустрэчу са сваякамі палітвязняў, еўрадэпутат зазначыла: "Там мы больш слухалі расказы пра тое, як цяжка быць зняволеным у Беларусі, праз што ім даводзіцца праходзіць у турме. І, вядома, мы выказалі ім словы нашай падтрымкі".

З беларускімі апазіцыйнымі палітыкамі Калніетэ гутарыла пра тое, што адзінства апазіцыі з'яўляецца вельмі важным як для выбаршчыкаў, так і для самой апазіцыі.

 "Вынікамі візіту я задаволеная, — зазначыла Калніетэ. — Мы атрымалі яснае разуменне аб даволі цяжкай геапалітычнай сітуацыі, у якой Беларусь, зразумеўшы, што яна заціснутая паміж пуцінскім націскам з Расіі і цяжкай эканамічнай сітуацыяй, шукае шляхі наладжвання дыялогу з ЕС".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства