Алесь Бяляцкі: правы чалавека маюць універсальны характар

2015 2015-03-05T23:59:00+0300 2015-03-06T10:42:34+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_zheneva_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі пасьля выступу на Радзе ААН па правах чалавека

Алесь Бяляцкі пасьля выступу на Радзе ААН па правах чалавека

Пасля выступу на 28-ай сэсіі Рады па правах чалавека ААН ў Жэневе Алесь Бяляцкі дадаткова пракаментаваў для ПЦ “Вясна” тое, што раскрываў у сваім дакладзе за тры хвіліны.

Я выступаў ад імя ўсіх праваабаронцаў света і таму пазначаў найбольш важныя праблемы, якія існуюць для нас. У сваім дакладзе я зрабіў некалькі акцэнтаў.

Па-першае, звярнуў увагу на карысць так званых краінавых мандатаў, г. зн. калі прызначаны спецдакладчыкі па асобных краінах, напрыклад, як зараз па Беларусі спадар Міклаш Харашці. Гэта пытанне - прадмет жорсткіх спрэчак, што цягнуцца ўжо не першы год. Краіны, дзе перманентна парушаюцца правы чалавека, выступаюць катэгарычна супраць выкарыстання гэтага інструмента. А дэмакратычныя краіны і праваабаронцы выступаюць “за”. Таму што, на маю думку, гэта ёсць выдатная магчымасць міжнароднай ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека ў асобных краінах і правядзенне своеасаблівага маніторынгу. Напрыклад, для Беларусі такі спецдакладчык на працягу года фактычна сочыць за тым, што адбываецца ў краіне, і гэта з’яўляецца пэўным абмежавальнікам узроўня рэпрэсій.

Афіцыйны прадстаўнік ад Беларусі ў сваім выступе завуалявана выказваўся супраць краінавых спецдакладчыкаў, гаворачы пра суб’ектыўны падыход да некаторых пытанняў. Фактычна гэта было накіравана супраць спецдакладчыка па Беларусі. Бачна, што пытанне гэта турбуе ўладу. А значыць пасада працуе. Таму я выказаўся за тое, што пасаду такіх дакладчыкаў ААН неабходна заахвочваць і абараняць.

Па-другое, значную частку выступа надзяліў пераследам, якім падвяргаюцца праваабаронцы ў розных краінах свету. Часта пераследы маюць псеўдазаконны характар, таму што выкарыстоўваюцца такія законы, якія абмяжоўваюць дзейнасць праваабаронцаў, крыміналізуюць яе, абмяжоўваюць фінансаванне. У Расіі, да прыкладу, зараз багата праваабарончых арганізацыяў запісваюць у “замежныя агенты”, што надае ім скрайне негатыўнае адценне. Усё гэта робіцца для дыскрэдытацыі праваабаронцаў. Відавочна, што ўлада гэтых краінаў такім чынам спрабуе змагацца з імі ўсімі магчымымі сродкамі і метадамі. Турэмным заключэннем таксама. Вось я сказаў і пару радкоў пра тое, што маё затрыманне і заключэнне было незаконным. Камітэт па правах чалавека прызнаў гэтую незаконнасць і парушэнне майго права на свабоду аб’яднанняў. Але такога кшталту маніпуляцыі ўладам дастаткова цяжка схаваць, калі ўмешваюцца міжнародныя праваабарончыя механізмы.

І па-трэцяе, вельмі часта ўлады тых краінаў, дзе парушаюцца правы чалавека, прыкрываюць гэтыя парушэнні, спасылаючыся на традыцыі, рэлігію, нейкія нацыянальныя каштоўнасці. І гэта абсалютна неправільна. Таму што правы чалавека маюць універсальны характар. У рэшце рэшт гэта стала асновай для падпісання Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і прыняцце іншых праваабарончых міжнародных дакументаў. Да прыкладу, у Расіі зараз актыўна ставіцца пад сумнеў ўніверсальнасць правоў чалавека. Багата гаворыцца пра свой, асобны расійскі шлях, дзе няма месца для правоў чалавека. Я заклікаў Раду па правах чалавека ААН абараняць грамадзянскія супольнасці ў краінах, дзе яны пераследуюцца, і выкарыстоўваць для гэтага ўсе сродкі і магчымасці, якія ёсць у Рады.

Усе гэтыя тэмы вельмі аб’ёмныя, хаця казаць пра іх давялося дастаткова лаканічна. Але было вельмі важна ўсё гэта сказаць”.

Нагадаем, 5 сакавіка віцэ-прэзідэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі выступіў на паседжанні 28 сэсіі Рады па правах чалавека ААН, што праходзіць зараз у Жэневе.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international