Смяротнае пакаранне ў тэорыі і на практыцы. Каментары да Нацыянальнага дакладу

2015 2015-03-05T12:13:34+0300 2015-03-05T12:15:17+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/argument_smiarotnae-ablazhei-1-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Трэці аргумент супраць смяротнага пакарання – Невыдача цел пакарных сваякам – з’яўляецца жорсткім абыходжаннем

Трэці аргумент супраць смяротнага пакарання – Невыдача цел пакарных сваякам – з’яўляецца жорсткім абыходжаннем

Апублікаваны падрыхтаваны Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь Нацыянальны даклад да ўніверсальнага перыядычнага агляду* (другі цыкл).

Агулам даклад прысвечаны пытанням выканання рэкамендацый, адобраных Рэспублікай Беларусь па выніках першага цыкла УПА, на працягу 2010-2014 гг. Сярод іншых пунктаў дакладу асаблівую ўвагу прыцягваюць пп. 157-164 раздзела “Права на жыццё, свабоду і асабістую недатыкальнасць”, якія тычацца і праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі.

Сваім меркаваннем датычна адпаведнасці палажэнняў дакладу рэальнай сітуацыі са смяротным пакараннем у РБ дзеліцца каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда.

“Давайце разгледзім канкрэтныя пункты, асветленыя ў дакладзе. Напрыклад, у п. 159 напісана: “Усе асуджаныя да смяротнага пакарання маюць права звярнуцца з хадайніцтвам да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб памілаванні. У парадку памілавання смяротнае пакаранне можа быць заменена пажыццёвым зняволеннем”.

Сапраўды, магчымасць звароту да Прэзідэнта з хадайніцтвам аб памілаванні заканадаўствам прадугледжаная. Аднак, варта адзначыць, што паводле статыстыкі, за ўвесь час незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт толькі адзін раз памілаваў чалавека, асуджанага да смяротнага пакарання. У сувязі з гэтым можна з упэўненасцю казаць пра тое, што дадзеная мера з'яўляецца неэфектыўнай.

Асобна я б адзначыў, што ў выпадку разгляду справы Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь у парадку першай інстанцыі, дзеючым заканадаўствам не прадугледжана магчымасць касацыйнага абскарджвання вынесенага прысуду. Ён уступае ў сілу адразу пасля яго вынясення. Напрыклад, як гэта было пры разглядзе справы У. Кавалёва і Д. Канавалава па факце тэракта ў метро. Таксама варта ўлічваць, што наглядная інстанцыя ў дадзеным выпадку не з'яўляецца эфэктыўнага механізмам абароны, бо не прадугледжвае магчымасці калегіяльнага разгляду скаргі ў судовым працэсе.

Трэба адзначыць, што па справе А. Грунова ўпершыню за перыяд незалежнасці РБ быў адменены прысуд суда першай інстанцыі, і справа была накіравана на перагляд. Аднак, падчас сустрэчы з генпракурорам кіраўнік дзяржавы заявіў: “Калі ты, нягоднік і падонак, ідзеш і не ў першы раз ужо робіш злачынства, забіваеш чалавека, то якое права ты маеш жыць на гэтай зямлі? Цяжкія, асабліва цяжкія злачынствы: вінаваты - адказвай на ўсю катушку”. Пасля гэтага ў дачыненні да А. Грунова ізноў быў вынесены смяротны прысуд. Ён быў пацьверджаны і судом другой інстанцыі. Дадзены факт з'яўляецца яркім прыкладам ўмяшальніцтва кіраўніка дзяржавы ў разгляды судовых спраў і ставіць пад сумнеў бесстароннасць і незалежнасць суда пры вынясенні прысуду.

Разглядаючы п. 160 Нацыянальнага дакладу ўзнікае пытанне, што менавіта значыць выраз: "парадак выканання смяротнага пакарання адпавядае міжнародным стандартам"?

Калі аўтары мелі на ўвазе абмежаванні прымянення смяротнага пакарання ў РБ, у прыватнасці ўзрост, пол, выключнасць меры пакарання, то яны гэты момант ужо агучылі ў п. 157 дакладу. Калі ж гаворка ідзе аб парадку прывядзення ў выкананне пакарання як самога працэсу, то ён не вытрымлівае абсалютна ніякай крытыкі. Так, варта звярнуць увагу на той факт, што смяротнае пакаранне ў РБ па-ранейшаму знаходзіцца пад завесай сакрэтнасці. Колькасць прыведзеных у выкананне смяротных прысудаў за час незалежнасці РБ не агучана. Час і месца прывядзенне ў выкананне прысуду не паведамляецца, месца пахавання не агаворваецца, цела сваякам для пахавання ў адпаведнасці з традыцыямі сям'і не выдаецца. Гэтыя факты ўжо кваліфікаваліся Камітэтам правоў чалавека ААН (КПЧ) як жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне ў дачыненні да саміх асуджаных і іх блізкіх сваякоў (справа Бандарэнка супраць Беларусі, Ляшкевіч супраць Беларусі і іншыя).

Апошнія тэндэнцыі - перасылка маці расстраляных спецадзення з надпісамі "выключная мера пакараньня", у якой ўтрымліваліся іх сыны. Гэта значыць адзення, якое фактычна не з'яўляецца іх асабістымі рэчамі - яшчэ адзін факт, які пацвярджае вышэй сказаныя словы.

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах утрымлівае стандарты прымянення смяротнага пакарання ў краінах, дзе яно не адменена, але не стандарты прывядзення ў выкананне прысудаў. З упэўненасцю можна казаць, што няма ніякіх міжнародных стандартаў парадку прывядзення ў выкананне смяротнага пакарання.

Яшчэ адзін важны момант - пастаяннае парушэнне Рэспублікай Беларусь міжнародных стандартаў і дамоваў адносна зваротаў у КПЧ. Асуджаных расстрэльваюць, не гледзячы на уключаныя меры тэрміновага парадку, згодна з якімі прысуд не павінен быць прыведзены ў выкананне, пакуль не будзе разгледжаны зварот у КПЧ. Так, у сямі выпадках смяротныя прысуды былі прыведзены ў выкананне да разгляду КПЧ індывідуальных зваротаў па сутнасці і ў парушэнне Беларуссю спецыяльных працэдур (Жук супраць Беларусі, Грышкаўцоў супраць Беларусі, Бурдыка супраць Беларусі, Кавалёў супраць Беларусі, Юзэпчук супраць Беларусі, Сялюн супраць Беларусі, Груноў супраць Беларусі).

Варта адзначыць, што РБ не выконвае свае абавязальніцтвы і па разгледжаных паведамленнях. У прыватнасці, адносна пытання публікацый меркаванняў КПЧ і забеспячэння іх шырокага распаўсюджвання ў дзяржаве (напрыклад, Кавалёва і Казяр супраць Беларусі, Жук супраць Беларусі)”.

*Універсальны перыядычны агляд (УПА) - механізм Рады ААН па правах чалавека, агляд сітуацыі з правамі чалавека ва ўсіх краінах свету. Беларусь прайшла першы цыкл УПА ў Радзе ААН па правах чалавека ў 2010 годзе. З дзевяноста трох выказаных у працэсе УПА рэкамендацый Беларусь прыняла семдзесят чатыры; у 2012 годзе Беларусь прадставіла ва Упраўленне Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека прамежкавую справаздачу аб рэалізацыі рэкамендацый першага цыкла УПА. У верасні 2014 беларускія праваабаронцы накіравалі ў Савет свае матэрыялы для працэдуры УПА, у якіх было рэкамендавана Беларусі ратыфікаваць Другі факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, такім чынам узяўшы на сябе абавязацельствы па ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне, а таксама – змяніць крымінальнае заканадаўства ў частцы працэдур выканання смяротнага прысуда да моманту ўвядзення мараторыя ці поўнай адмены смяротнага пакарання.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international