Маці Ігара Пцічкіна забаронена разгалошваць дадзеныя папярэдняга следства

2015 2015-03-05T11:18:52+0300 2015-03-05T12:24:23+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pcichkin-igar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Пцічкін

Ігар Пцічкін

Маці Ігара Пцічкіна, які памёр у СІЗА на Валадарцы 4 жніўня 2013 года, атрымала адказ на свой зварот у Следчы камітэт Беларусі, у якім прасіла паведаміць вынікі папярэдняга расследвання прычын гібелі яе сына, выдаць даведку аб прычыне смерці, а таксама адказаць на пытанне, ці адхіляліся ад выканання сваіх абавязкаў у перыяд папярэдняга следства па крымінальнай справе службовыя асобы СІЗА №1.

Гэты зварот быў адпраўлены 15 студзеня, а ў Следчы камітэт чамусьці паступіў толькі 9 лютага, і толькі 12 лютага начальнік упраўлення па раследаванні злачынстваў супраць парадку выканання воінскага абавязку(!) Галоўнага упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь У. Грыц падрыхтаваў адказ.

Жанну Пцічкіну праінфармавалі, што пры жаданні яна можа атрымаць копію пастановы аб спыненні папярэдняга расследвання, пры гэтым нагадалі,  што  “Вы устаноўленым парадкам папярэджаны пра недапушчальнасць разгалошвання дадзеных папярэдняга следства. Разам з тым, законам не забараняецца абмеркаванне вядомых Вам дадзеных следства з Вашым прадстаўніком [адвакатам]”.

Такім чынам, ў жанчыны практычна не застаецца магчымасцей атрымаць кваліфікаваную прававую дапамогу пры складанні скаргаў па справе, паколькі для гэтага патрабуецца раскрыццё некаторых дадзеных папярэдняга расследвання. Не можа Жанна Пцічкіна азнаёміць з ходам расследавання і журналістаў, альбо іншых зацікаўленых асоб, каб прыдаць справе галоснасць і тым самым прымусіць следчыя органы правесці расследванне якасна і неперадузята. 

Наконт даведкі аб прычыне смерці Грыц адказаў, што копію пастановы аб спыненні папярэдняга расследвання з указаннем прычыны смерці можа запатрабаваць орган, які выдаваў пасведчанне аб смерці Ігара Пцічкіна.

У адказе таксама паведамляецца: “У перыяд папярэдняга следства па крымінальнай справе службовыя асобы СІЗА №1 ад выканання службовых абавязкаў не адхіляліся”. Дык пра якое усебаковае і неперадузятае расследаванне абставін здарэння можа ісці размова, калі для гэтага не было створана неабходных належных умоў, а асобы, якія ў той ці іншай ступені былі датычныя да гібелі чалавека, заставаліся на сваіх месцах!

Праверка па факце гібелі ў СІЗА г. Мінска зняволенага І.Пцічкіна цягнулася ад жніўня 2013 года. Нагадаем, хлопец мусіў адбыць трохмесячны арышт: ён сеў за руль аўтамабиля, хаця быў пазбаўлены правоў.

У смерці хлопца вінавацілі фельчара мінскага СІЗА № 1, які дзяжурыў у ноч смерці. Была распачатая крымінальная справа за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медработнікам, што пацягнула за сабой па неасцярожнасці смерць пацыента. Затым папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе ў дачыненні да медыцынскіх работнікаў СІЗА было спыненае.

Жанна Пцічкіна перакананая, што следства сканцэнтравалася толькі на доказе датычнасці загінулага да незаконнага абароту наркотыкаў і катэгарычна не згодная з высновамі следства. Вынікі паўторнай медыцынскай экспертызы, з якімі яна азнаёмілася, паказалі, што ў крыві сына ня знойдзена дадзеных аб спажыванні наркатычных альбо псіхатропных рэчываў, а таксама алкаголю. Аднак да гэтага часу ні яна, ні яе адвакат не дапускаюцца да азнаямлення з матэрыяламі завершанай па справе праверкі.

Жыхар Мінска Ігар Пцічкін памёр у Мінскім СІЗА 4 жніўня 2013 года ад спынення сэрца, але прычыны гэтага ў ходзе экспэртызы цела памёрлага ня выяўленыя.  Сваякі Ігара Пцічкіна выказвалі меркаванне, што ён памёр ад збіцця ахоўнікамі, і адзначалі шматлікія траўмы на целе нябожчыка, якія былі зафіксаваныя на фотаздымках.

Не пагадзіўшыся з адказам, атрыманым з Галоўнага ўпраўлення Следчага камітэта Беларусі, Жанна Пцічкіна падала скаргі на імя старшыні Следчага камітэта і Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь.

Памяць майго сына выкачалі ў гразі намаганнямі прэс-службы Следчага камітэта. Дык дайце мне, ягонай маці, магчымасць запярэчыць на іх довады. Гэта ніяк не закранае інтарэсы дзяржавы і правы грамадзян – заклікае высокіх чыноўнікаў маці памёрлага.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international