Грамадскі актывіст з Хоцімска сцвярджае, што ўлады ўжо пачалі фармаваць выбарчыя камісіі

2015 2015-03-03T09:58:51+0300 2015-06-25T10:25:46+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/karank-valer-hocimsk.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Актывіст з Хоцімска Валер Каранкевіч.

Актывіст з Хоцімска Валер Каранкевіч.

Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч сцвярджае, што ўлады Магілёўскай вобласці ўжо фармуюць выбарчыя камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, хоць дата выбараў яшчэ не прызначана парламентам краіны.

“З дакладных крыніц мне паступіла інфармацыя, што без аб’яўлення даты выбараў уладныя структуры паскоранымі тэмпамі ажыццяўляюць падрыхтоўку да іх, - распавядае Валерый Каранкевіч. – Напрыканцы мінулага года ва ўсе раённыя выканкамы была даслана інфармацыя аб падрыхтоўцы спіса чатырох кандыдатаў на пасаду старшыняў раённых выбарчых камісій. Магілёўскі аблвыканкам укараняе гэту навацыю пры правядзенні падрыхтоўчых мерапрыемстваў да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэту працу было даручана правесці загадчыкам аддзеламі арганізацыйна-кадравай працы райвыканкамаў. Па Хоцімскаму раёну работа была выкананая Лутчэнковым Д. В.. Ён прапанаваў чатыры кандыдатуры, уключаючы сябе, не пасаромеўшыся, што ніколі не займаў такія пасады пры правядзенні выбараў. Без прамаруджвання спісы кандыдатаў на гэту пасаду былі дасланыя ў абласную выбарчую камісію. Напрыканцы студзеня строгая камісія з ліку памочніка Прэзідэнта па Магілёўскай вобласці, пенсіянера Лаўранкова Г. М., ветэрана выбарчых кампаній пенсіянеркі Макаранка Л. В., а таксама чальца камісіі Малашка В. А. (намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама) у прысутнасці прадстаўнікоў спецслужбаў правялі адбор асобаў на гэтыя пасады. І гэта насупраць патрабаванняў Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Аб фармаванні выбарчых камісій з ліку прадстаўнікоў, вылучаных палітычнымі партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі, працоўнымі калектывамі і грамадзянамі шляхам падачы заяў”. Па Хоцімскаму раёну быў зацверджаны на гэту пасаду Курзенкоў Юрый, інвалід другой групы, які патрабуе пастаяннага медыцынскага догляду, а яго намеснікам стаў усё той жа Лутчэнкоў Д. В.. І адразу ж пасля зацвярджэння гэтых прозвішчаў пачалі фармавацца раённыя выбарчыя камісіі. Сфармаваўшы іх і нарэзаўшы па новаму выбарчыя ўчасткі, такімі ж тэмпамі пачалі фармавацца ўчастковыя выбарчыя камісіі.

Такім чынам, да прызначэння парламентам рэспублікі прэзідэнцкіх выбараў арганізацыйныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь будуць завершаны. І на павестцы дня застанецца адвечнае пытанне: якім чынам у склад камісій патрапіць прадстаўнікам незалежных структур? Такая ж праца праведзена ва ўсіх абласцях і раёнах краіны”, - сцвярджае Валерый Каранкевіч.

У свой час Валерый Каранкевіч працаваў першым намеснікам старшыні Хоцімскага райвыканкама, у мясцовым аддзеле ЖКГ, узначальваў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ў Магілёўскім і Хоцімскім раёнах і, па яго словах, у яго захаваліся добрыя кантакты з прадстаўнікамі адміністрацыйнай вертыкалі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства