viasna on patreon

Паўлу Левінаву не ўдалося аспрэчыць забарону пікета

2015 2015-03-02T16:59:25+0300 2015-03-02T16:59:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/levinau-pavel-vicebsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Павел Левінаў

Праваабаронца Павел Левінаў

Судовае пасяджэнне праходзіла ў незвычайным фармаце – у выглядзе канферэнцыі па скайпе. Віцебскі праваабаронца спадзяваўся, што намесніца кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Вольга Гурчанка дасць свае каментары он-лайн, каб не адрывацца ад службовых спраў. Але яна не стала ўдзельнічаць у судовым працэсе нават з прыцягненнем сучасных тэхналогій.

Спадарыня Гурчанка забараніла правядзенне пікета, запланаванага на 10 снежня. Акцыя мусіла працягвацца ўсяго адну хвіліну. У заяўцы Павел Левінаў пісаў, што пікет прысвечаны спрыянню дзяржаўных інстытутаў умацаванню і развіццю правоў чалавека, прапагандзе дакументаў у падтрымку правоў чалавека і публічнага выказвання меркаванняў па праблеме парушэнняў правоў чалавека.

Якім чынам праваабаронца хацеў паспець паразмаўляць пра гэта ўсяго за адну хвіліну, чыноўніцу не зацікавіла. Яе ўстурбавала іншае: адсутнасць у заяўніка дамоў на абслугоўванне аднахвіліннай акцыі міліцыяй, хуткай дапамогай і службай ЖКГ. Гэткія дамовы патрабуюцца паводле патрабаванняў рашэння Віцебскага гарвыканкаму аб правядзенні масавых акцый у г. Віцебску. Заяўкі на заключэнне неабходных дамоў Павел Левінаў накіроўваў, аднак дамовіцца не ўдалося па прычыне адмовы другога боку.

"А тлумачэнняў, наколькі дзяжурства згаданых служб неабходнае на аднахвіліннай акцыі, мне пачуць так і не ўдалося. Спадарыня Гурчанка некалькі разоў ухілялася ад удзелу у судовых пасяджэннях, і суды некалькі разоў пераносіліся. Урэшце з Першамайскага райсуду мне даслалі прапанову паўдзельнічаць у судовым працэсе праз скайп. Я пагадзіўся, паспадзяваўшыся, што і занятая службовымі справамі намесніца кіраўніка раённай адміністрацыі скарыстае такую магчымасць. Аднак яна зноў адмовілася ад удзелу ў працэсе", -- распавёў Павел Левінаў.

Суддзя Наталля Дасько не падтрымала скаргу, прызнаўшы забарону пікетаў законнай, не прыслухаўшыся да аргументаў праваабаронцы – спасылак на міжнароднае права і рашэнні Камітэта па правах чалавеку ААН. На думку Паўла Левінава, і забарона ад мясцовай адміністрацыі, і пазіцыя суда сведчыць толькі пра адно: чыста фармальныя прычыны - спасылкі на рашэнне гарвыканкаму, якое немагчыма выканаць, з'яўляюцца грунтам для парушэння правоў асобы. Прычым жыхароў Віцебска ўжо пяты год пазбаўляюць правоў на мірныя сходы і публічнае выказванне сваіх меркаванняў менавіта на гэткіх падставах.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства