Хваля папярэджанняў незалежным рэгіянальным выданням

2015 2015-03-02T13:04:30+0300 2015-03-02T13:04:30+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gazeta-slomimskaja.jpg

Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла папярэджанні адразу шэрагу незалежных рэгіянальных выданняў. Ва ўсіх выпадках папярэджанні тычацца дробных прыдзірак у выходных дадзеных. Рэдактары збіраюцца звяртацца ў суд.

На дадзены момант вядома, што Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла папярэджанні аб парушэнні закона “Аб СМІ” як мінімум тром рэдакцыям рэгіянальных выданняў: “Газеце Слонімскай”, “Intex-Press” у Баранавічах і “Ганцавіцкаму часу”.

У прыватнасці, “Газету Слонімскую” звінавачваюць у тым, што ў двух лютаўскіх нумарах у выданні нібыта не быў пазначаны наклад газеты. Разам з тым, як бачна з выкладзеных на сайце PDF-версій газеты, наклад пазначаны на самай першай старонцы СМІ.

Рэдакцыю газеты “Intex-Press” у Баранавічах вінавацяць у парушэнні заканадаўства на падставе скарачэння слоў “РБ” замест “Рэспубліка Беларусь” у выходных дадзеных выдання.

– Досыць было б званку з Міністэрства інфармацыі, каб мы выправілі гэтае скарачэнне, калі яно насамрэч не адпавядае заканадаўству. Але Мінінфармацыі вырашыла вынесці менавіта афіцыйнае папярэджанне. Відавочна, што гэта дэманстрацыя сілы: глядзіце, мы трымаем вас усіх на кручку”, – пракаментавалі прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” сітуацыю ў рэдакцыі “Intex-Press”.

Аналагічныя прэтэнзіі Міністэрства інфармацыі мае і да рэгіянальнай газеты “Ганцавіцкі час”.

 – Па-першае, нідзе ў законе “Аб СМІ” не напісана, што ў друку нельга ўжываць скарачэнняў. Таму, безумоўна мы будзем абскарджваць дадзенае папярэджанне. А па-другое, абсалютная большасць дзяржаўных рэгіянальных выданняў альбо выкарыстоўваюць такія ж самыя скарачэнні, альбо наогул не пазначаюць “Рэспубліка Беларусь” у выходных дадзеных, – заявіў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” галоўны рэдактар “Ганцавіцкага часу” Пётр Гузаеўскі.

Нагадаем, што пасля атрымання двух папярэджанняў цягам года любое зарэгістраванае ў Беларусі СМІ можа быць закрытае праз суд. ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звязвае папярэджанні з набліжэннем прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, калі СМІ могуць чарговы раз патрапіць пад пераслед уладаў.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international