Салігорскія школьнікі далучыліся да вырашэння праблемы безбар'ернага асяродку

2015 2015-02-28T09:18:46+0300 2015-02-28T09:18:46+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/invalidy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Створаны ў Салігорску пры падтрымцы ЮНІСЭФ і мясцовых уладаў дзіцячы парламент узяўся за праект “Горад без бар’ераў”. У выніку рэалізацыі гэтага праекта ў сталіцы шахцёраў з’явілася база аб’ектаў, абсталяваных пандусамі, а таксама адпаведная онлайн мапа.

Па задумцы арганізатараў гэтая інфармацыя мусіць палегчыць арыентацыю інвалідаў-вазочнікаў на вуліцах горада. На дадзены момант база дадзеных налічвае сорак чатыры аб’екты. Таксама плануецца яе абнаўленне ў будучыні.

Мясцовыя прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага камітэта, якія ўжо з 2009 года актыўна адсочваюць сітуацыю з правамі інвалідаў-вазочнікаў у рэгіёне, віталі ініцыятыву салігорскіх школьнікаў.

- Безумоўна, гэтая ініцыятыва выглядае вельмі пазітыўна. Праект відавочна выконвае найперш асветніцкую і выхаваўчую функцыі, на якія мы так часта звярталі ўвагу ўладаў. Дзеці са школьных гадоў сутыкаюцца з неабходнасцю паважаць правы малых сацыяльных груп, - кажа прадстаўнік БХК у Салігорску Леанід Мархотка. - Да таго ж фактычна адбываецца ўцягванне моладзі ў практычную праваабарончую дзейнасць. Увогуле, з такіх вось ініцыятыў і фармуецца грамадзянская супольнасць.

З іншага боку, эфектыўнасць і вынікі ад рэалізацыі дадзенага праекта ў праваабаронцаў выклікаюць пытанні. Па словах Леаніда Мархоткі, паводле “Дзяржаўнай праграмы па безбар’рным асяродку” інвентэрызацыя аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры ў рэгіёне, патрабуючых стварэння безбар'ернага асяроддзя, а таксама фармаванне і вядзенне банка аб'ектаў, якія забяспечваюць патрабаванні розных катэгорый насельніцтва па безбар'ерным асяроддзі, мусіла адбыцца яшчэ ў 2007 годзе.

- На жаль, гэтая дзяржаўная праграма была правалена мясцовым чыноўнікамі. Цяпер жа стварэнне базы дадзеных адбываецца на ўзроўні дзіцячага парламента. Ды і сама база ўяўляе з сябе голы спіс аб’ектаў, абсталяваных пандусамі звонку, але далёка не заўсёды даступнымі для вазочнікаў знутры,  - не хавае расчаравання прадстаўнік БХК. - А нібыта распрацаваная школьнікамі онлайн мапа ўвогуле створана спецыялістамі сайта “Электронны Салігорск” у выглядзе нейкага скрыншота са стрэлкамі. Вельмі не хочыцца крытыкаваць добрыя пачынанні, але ў 21-м стагоддзі для інтэрактыўнасці можна скарыстацца папулярнымі картаграфічнымі онлайн сэрвісамі і прадубляваць гэта ўсё прынамсі на сайце выканкаму.

У гэтым годзе салігорскія праваабаронцы плануюць зладзіць чарговы маніторынг правоў асоб з абмежаванымі магчымасцямі ў рэгіёне, каб даць аб’ектыўную інфармацыю пра іх стан і прапанаваць належныя рэкамендацыі па аздараўленні сітуацыі. Сваё адлюстраванне ў дакладзе знойдуць таксама сумесныя намаганні мясцовых уладаў і школьнікаў дзіцячага парламента па вырашэнні праблемы безбар’ернага асяродку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства