Бабруйск: Сацыяльнае таксі -- "дабрачыннасць праз не хачу”

2015 2015-02-26T11:09:32+0300 2015-02-26T11:40:57+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/fedarava-anastasija.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бабруйску застаецца нявырашанай сур'ёзная праблема з сацыяльным таксі. Агульнаградской дзяржаўнай службы няма, а кіроўцы ПУП "Импульс Авто Плюс" аказваюць паслугі вазочнікам, згодна з заключанай дамовай, з 9.00 да 17.00 гадзін. Выходны дзень - нядзеля. Дамову з прыватнікамі заключала Асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў.

-Пад'ёмнікам таксі абсталяваў сябра Асацыяцыі Сяргей Мацкевіч. Але ў салоне аўтамабіля няма спецыяльных рамянёў бяспекі, якія фіксуюць вазок, - распавядае вазочніца Анастасія Фёдарава. - Таму без суправаджэння ехаць немагчыма. А часам мне нават кампанію знайсці складана. Але нават не гэта самае сумнае. Я актыўны чалавек, цікаўлюся мастацтвам, і мне хочацца як мага часцей трапляць на культурніцкія імпрэзы, яны пачынаюцца, у асноўным, пасля шасці гадзін вечара. Апошні раз уладальнікі сказалі мне, што сацыяльнае таксі працуе толькі да 16.00. Каб дабрацца да месца грамадскім транспартам, мне даводзіцца зноў жа шукаць суправаджэнне, а потым доўгі час чакаць нізкападлогавы тралейбус ці аўтобус. І гэта толькі пры ўмове добрага надвор'я!

Часам уладальнікі таксі згаджаюцца дапамагчы вазочнікам і пасля 17.00, але гэта, згодна з заключанай дамовай, робіцца па іх жаданні. Кіламетр па зніжкавым тарыфе каштуе 3.500 рублёў, для штодзённых паездак не падыходзіць, бо набягае вялікая сума. Старшыня бабруйскай суполкі Асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Лілія Ламаносава кажа, што нават папярэдняя дамова не можа быць гарантыяй, што вы некуды паедзеце, калі замоўлены час пазнейшы за 17.00.

-Неяк нам трэба было патрапіць на начны цягнік, тры вазочнікі ехалі на спаборніцтвы. Дамовіліся з "Импульс Авто Плюс", атрымалі згоду кіроўцы. Але ў прызначаны час ён проста не зняў слухаўку. Давялося тэрмінова выклікаць звычайнае таксі, - распавядае Лілія Ламаносава. - Сітуацыя з сацыяльным таксі ў Бабруйску жахлівая. Але нават ад такога мы не можам адмовіцца, бо іншага няма. Ёсць яшчэ абсталяваны пад'ёмнікам аўтамабіль у сацыяльнага цэнтра Першамайскага раёна. Але не ведаю, ці можна ім карыстацца ў сваіх мэтах.

Наколькі рэальна скарыстацца паслугамі дзяржаўнага таксі ад сацыяльнага цэнтра Першамайскага раёна? Вазочніца Наталля Пінькоўская распавядае, што ездзіла на ім толькі на мерапрыемствы, арганізаваныя спецыялістамі цэнтра. Таксама ёй пашчасціла патрапіць, дзякуючы гэтаму аўтамабілю, у Магілёўскі заасад: паездку таксама агранізоўваў Першамайскі саццэнтр.

У сацыяльным цэнтры кажуць, што для таго, каб замовіць гэты аўтамабіль, трэба загадзя пакідаць заяўку, пажадана за пару дзён. Кіроўца выконвае заяўкі мясцовых жыхароў, якія ўнесены ў спіс на абслугоўванне. Перавага аддаецца важным паездкам, у паліклініку, у краму за прадуктамі, а таксама на мерапрыемствы, якія ладзяць супрацоўнікі цэнтру. Выклік для паездак на забаўляльныя мерапрыемствы таксама можа быць разгледжаны, але не лічыцца першарадным. У вечаровы час цэнтраўскае таксі не працуе.

-Гэтае абмежаванне па часе для мяне прыніжальнае, бо я ўжо не дзіця, і мне хочацца наведваць мерапрыемствы ў вечаровы час, - тлумачыць Анастасія Фёдарава. - На мінулым тыдні мяне зарасілі на імпрэзу, якая пачыналася ў 18.00. Яе арганізатары самі дамовіліся з уладальнікамі таксі "Импульс Авто Плюс", тыя запэўнілі, што зябяруць і адвязуць мяне пасля 20.00. Але калі прыехаў кіроўца, я пачула шмат непрыемнага ў свой адрас, ён сказаў, што гэта апошні раз, калі я магу пасля чатырох з ім некуды выехаць. Тыкаў "правіламі", якія я парушаю. Грошы ў выніку з мяне не ўзяў, але ад яго паслуг пасля імпрэзы я адмовілася, бо на душы было вельмі прыкра. Непрыемна, што даводзіцца кожны раз адчуваць сябе прыніжанай, - кажа бабруйчанка.

Праблемы з графікам, аплатай, суправаджэннем і замовай гэтай паслугі існуюць і ў іншых гарадах Беларусі. Аб гэтым кажуць вынікі даследвання, зробленага Офісам па правах людзей з інваліднасцю.

Анастасія Фёдарава мяркуе, што гэта звязана з несур'ёзным стаўленнем чыноўнікаў да людзей у інвалідных вазках.

-Напэўна, яны думаюць, што нам цікава ездзіць толькі на ўсялякія дабрачынныя ранішнікі пару разоў на год. Што гэта мяжа нашых інтарэсаў. Відаць, чыноўнікам нават у галаву не прыходзіць, што я хачу схадзіць на рок-канцэрт, напрыклад. Мяркую, праблема вырашылася б, калі б з'явілася дзяржаўнае, агульнагарадское сацыяльнае таксі. Каб гэта была самастойная служба, а не нейкая "дабрачыннасць праз не хачу", - адзначае бабруйчанка.

 

На фота -- Анастасія Фёдарава

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international