Дэпутат ПП НС лічыць, што чыноўнікі не абавязаны ў размовах з грамадзянамі карыстацца беларускай мовай

2015 2015-02-18T16:03:33+0300 2015-02-18T16:03:33+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/rasoha-mikalaj.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Расоха

Мікалай Расоха

17 лютага ў Мазыры ладзіў прыём грамадзян дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мікалай Расоха. На прыёме пабываў, каб скарыстацца магчымасцю данесці да дэпутата шэраг праблем, мясцовы праваабаронца Уладзімір Целяпун.

Па словах праваабаронцы, за тыдзень да прыёму дэпутата ў мясцовай газеце была абвестка пра падзею, а напярэдадні сустрэчу анансавалі па мясцовым кабельным тэлеканале. «Але жадаючых сустрэцца з дэпутатам, падзяліцца сваімі праблемамі назбіралася няшмат, менш за дзесятак чалавек. І гэта з ўлікам таго, што некаторыя заходзілі на прыём па 2-3 чалавекі разам з начальнікам ЖЭУ. Альбо праблем няма ў жыхароў нашага горада, альбо веры, што дэпутат можа нешта вырашыць», - заўважыў Уладзімір Целяпун.

Ён апошнім трапіў на прыём да дэпутата. «Мяне цікавіла меркаванне і стаўленне дэпутата вышэйшага заканадаўчага органа краіны да праблем, якія закранаюць наш горад: захаванне гістарычных помнікаў архітэктуры ў Мазыры і дыскрымінацыйны стан ужывання беларускай мовы ў дзяржустановах і на старонках мясцовай газеты «Жыццё Палесся», - дадаў праваабаронца.

Ён праінфармаваў дэпутата пра сустрэчу грамадзян Мазыра, занепакоеных станам лёсу цудоўнага помніка дойлідства пачатку XX стагоддзя, што створаны талентам пакуль невядомага майстра і знаходзіцца ў Мазыры па вуліцы Рыжкова, 11. На жаль, гэты шэдэўр беларускай архітэктуры, які не мае аналагаў у краіне, прыйшоў у поўны заняпад. У 2008 годзе ён быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў як помнік дойлідства нацыянальнага значэння. Будынак знаходзіцца ва ўласнасці камерцыйнай структуры, і яму пагражае знікненне. Удзельнікі сустрэчы, занепакоеныя станам помніка архітэктуры, накіравалі ліст старшыні Мазырскага райвыканкаму Яўгену Адаменку, каб выпрацаваць шляхі выратавання гэтага будынку.

Праваабаронца прасіў Мікалая Расоху далучыцца да ўдзелу вырашэння далейшага лёсу гістарычных каштоўнасцяў горада і на дзяржаўным узроўні паспрыяць станоўчаму вырашэнню існуючых праблем. «Дэпутат станоўча паставіўся да ініцыятывы грамадзян і абяцаў пасля больш падрабязнага вывучэння сітуацыі па гэтай праблеме спрыяць станоўчаму вырашэнню па захаванні гістарычных помнікаў у Мазыры. А вось па моўнай сітуацыі размовы з дэпутатам не атрымалася. Выявілася, што дэпутат вышэйшага заканадаўчага органа не можа наўпрост весці дыялог, размову на дзяржаўнай беларускай мове. Ён выказаўся, што хоць на пісьмовыя звароты і даюцца адказы на беларускай мове, але пры размове закон аб дзяржаўнай службе такой нормы не прадугледжвае. Вось пазіцыя асобнага «народнага выбранніка», - падкрэсліў Уладзімір Целяпун.

 

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international