Суд адхіліў касацыйную скаргу БелаПАН, “Узгорка” і журналіста Уладзіміра Лапцэвіча

2015 2015-02-17T00:25:25+0300 2015-02-17T08:37:59+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/lapcevich-budnaja-buhel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда 16 лютага разгледзела касацыйную скаргу ЗАТ “БелаПАН”, прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "УзГорак", якое выдае газету пад такой жа назвай, і журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча на рашэнне суда Горацкага раёна па пазове старшыні Горацкай раённай арганізацыі БелТІ Тамары Калтуновай аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.

Заслухаўшы выступы бакоў, абмеркаваўшы довады і праверыўшы справу, судовая калегія вынесла рашэнне прызнаць рашэнне суда Горацкага раёна законным і абгрунтаваным, пакінуць яго без зменаў, а касацыйную скаргу адказчыкаў без задавальнення.

Па словах старшыні судовай калегіі па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда Святланы Стальмаховай, рашэнне судовай калегіі ў пісьмовым выглядзе бакі могуць атрымаць у судзе Горацкага раёна праз дзесяць дзён.

Судовая калегія не прыняла да ўвагі сведчанні журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча і рэдактара газеты “Узгорак” Галіны Буднай аб тым, што ў іх публікацыях былі дакладна прадстаўлены пазіцыі абодвух бакоў канфлікта ў Горацкай раённай арганізацыі БелТІ, якія яны выказвалі падчас адкрытага судовага пасяджэння.

Па словах журналістаў, яны абавязкова будуць абскарджваць рашэнне суда Горацкага раёна ў вышэйстаячых судовых інстанцыях.

Нагадаем, што 18 снежня 2014 года суддзя суда Горацкага раёна Віктар Яскевіч прыняў рашэнне спагнаць з прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "УзГорак", ЗАТ “БелаПАН” і журналіста Уладзіміра Лапцэвіча ў салідарным парадку 6 000 000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды старшыні Горацкай раённай арганізацыі БелТІ Тамары Калтуновай. Суд таксама абавязаў адказчыкаў аплаціць судовыя выдаткі, якія панесла Тамара Калтунова, у памеры 780 000 рублёў.

У лютым 2014 года старшыня Горацкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Тамара Калтунова падала пазоў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі ў суд Горацкага раёна да газеты “Узгорак” і яе рэдактара Галіны Буднай. Тамара Калтунова абвінавачвала газету “Узгорак” у паклёпе і патрабавала спагнаць з яе грошы ў памеры 50 мільёнаў рублёў і апублікаваць пісьмовае абвяржэнне апублікаваных у газеце матэрыялаў.

Пры разглядзе справы суд Горацкага раёна прыйшоў да высновы, што надрукаваная ў газеце інфармацыя была атрымана “Узгоркам” ад інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, таму Галіна Будная з’яўляецца неналежным адказчыкам. Суд вырашыў, што новым адказчыкам па пазову старшыні Горацкай раённай арганізацыі БелТІ Тамары Калтуновай будзе выступаць ЗАТ “БелаПАН”. Таксама ў якасці адказчыкаў былі вызначаны прыватнае гандлёва-вытворчае ўнітарнае прадпрыемства "УзГорак" і журналіст Уладзімір Лапцэвіч, які займаўся падрыхтоўкай перадрукаваных "УзГоркам" матэрыялаў агенцтва БелаПАН з судовых пасяджэнняў паміж горацкімі інвалідамі і старшынёй Горацкай раённай арганізацыі БелТІ Тамарай Калтуновай, што адбываліся ў 2013 годзе.

Пасля некалькіх судовых пасяджэнняў 17 красавіка суддзя Віктар Яскевіч прыпыніў разгляд дадзенай грамадзянскай справы да заканчэння правядзення Горацкім раённым аддзелам Следчага камітэта праверкі па факту змены Тамарай Калтуновай пашпартных дадзеных. Выступіла з хадайніцтвам дачакацца прадстаўлення матэрыялаў праверкі сама пазоўніца Тамара Калтунова.

У чэрвені 2013 года пракуратура Горацкага раёна паведаміла, што з красавіка 2001 г. па травень 2004 г. Тамара Калтунова, выкарыстоўваючы пашпарт з несапраўднымі дадзенымі аб дні нараджэння, незаконна атрымала ў лік пенсіі каля 3,5 мільёна рублеў. 18 траўня 2013 года Тамара Калтунова гэту суму цалкам вярнула, прызнаўшы віну. У сувязі з сканчэннем тэрміну даўніны крымінальная справа аб махлярстве ў адносінах да Тамары Калтуновай не ўзбуджалася. Супрацоўнікі праваахоўных органаў неаднаразова пісьмова пацвярджалі, што ў дзеяннях Тамары Калтуновай, якая выкарыстоўвала пашпарт з несапраўднай датай нараджэння, угледжваецца склад злачынства.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international