Павел Левінаў звярнуўся ў пракуратуру з нагоды пакаранняў за фотасесію

2015 2015-02-16T08:47:35+0300 2015-02-16T08:47:35+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/levinau-pavel-vicebsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Павел Левінаў

Праваабаронца Павел Левінаў

У Віцебску працягваецца змаганне за права фатаграфавацца на вуліцах горада: праваабаронца Павел Левінаў напісаў скаргу ў пракуратуру наконт штрафаў за фотасесію на фоне фоне графіці "з птушкамі і клеткамі". Гарвыканкам даслаў яму пісьмовы адказ, што фотасесія не лічыцца масавым мерапрыемствам.

У скарзе на імя пракурора Віцебскай вобласці Павел Левінаў піша, што Рэспубліка Беларусь на дзяржаўным узроўні мусіць гарантаваць кожнаму грамадзяніну захаванасць ягоных правоў. Таму ён лічыць, што суд Чыгуначнага раёна, аштрафаваўшы яго на 25 базавых велічынь за ўдзел у фотасесіі як за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, парушыў адразу некалькі ягоных правоў: права на мірныя сходы, на выказванне сваіх меркаванняў і на свабоду карыстацца сваімі правамі як асобы, дзеянні якой не нясуць аніякае шкоды людзям або дзяржаўным інтарэсам.

Ён згадвае, што штраф, прысуджаны суддзёй Аленай Цыганковай, не атрымалася аспрочыць ні ў абласным судзе, ні пасля звароту да старшыні абласнога суда. Усе судовыя структуры і службоўцы сышліся на тым, што ў лістападзе 2014 года віцебскія журналісты і актывісты правялі несанкцыянаваную акцыю, калі сфатаграфаваліся на фоне графіці – выяваў трох клетак, з якіх на волю вылятаюць птушкі. Шасцёра ўдзельнкаў фотасесіі былі аштрафаваныя, яшчэ адзін адбыў трое сутак арышту ў ізалятары часовага ўтрымання.

На думку праваабаронцы, сітуацыя атрымалася бязглуздая:
" Паводле суда, кожны грамадзянін мусіць прасіць дазволу ва ўладаў, каб сфатаграфавацца ў тым ці іншым месцы. Гэта ненармальна! Але тую самую выснову падтрымала і Чыгуначная раённая адміністрацыя: я звярнуўся па дазвол на фотасесію, падобную да той, што адбылася з маім удзелам у лістападзе. Атрымаў адмову за подпісам намесніцы старшыні Ляпёшкінай. Абскардзіў яе ў гарвыканкаме, і атрымаў адтуль за подпісам намесніка старшыні гарвыканкаму Уладзіміра Шломы адказ зусім іншага зместу. Маўляў, фотаграфаванне не ўваходзіць у пералік імпрэзаў, пералічаных у заканадаўстве аб масавых мерапрыемствах. Адпаведна, ні па якія дазволы звяртацца не трэба. Тым не менш, сямёра ўдзельнікаў лістападаўскай фотасесіі засталіся пакараныя! Я буду спрабаваць абскардзіць рашэнне пра штраф, якое тычыцца мяне, і ў выпадку поспеху я дапамагу бараніцца кожнаму, хто трапіў у такое самае становішча".

Павел Левінаў звяртаўся ў абласную пракуратуру двойчы. Уласна са скаргай на парушэннезаконнасці і сваіх правоў, і з дадаткам да скаргі. У другім дакуменце ён спасылаецца на выказванні Аляксандра Лукашэнкі падчас прэсавай канферэнцыі 29 студзеня 2015 года – пра тое, што міліцыя дарма выказвала прэтэнзіі да грамадзян, якія мірным шляхам выказвалі сваё стаўленне да забойства французкіх журналістаў, супрацоўнікаў часопіса "Charlie Hebdo". 4 лютага мусілі разглядаць адміністрацыйныя справы ў дачыненні да лідара АГП Анатоля Лябедзькі, намесніка старшыні партыі “Зялёных” Дзмітрыя Кучука і Паўла Канавальчыка. Яны прыйшлі да амбасады Францыі з плакатамі “Я — Шарлі”, каб далучыцца да сусветнай хвалі салідарнасці з расстралянымі супрацоўнікамі парыжскага часопісу. Удзельнікаў акцыі затрымалі і склалі на іх пратаколы. Але працэсы былі адмененыя.

Павел Левінаў перакананы, што і пакаранні ўдзельнікам фотасесіі ў Віцебску варта адмяніць, бо яны не рабілі нічога такога, што магло б нанесці шкоду. Наадварот, лічыць праваабаронца, шкоду аўтарытэту Рэспублікі Беларусь нанёс маёр міліцыі Аляксандр Рыбакоў, які склаў на ўдзельнікаў фотасесіі адміністрацыйныя пратаколы, і пра гэтыя парушэнні правоў асобы стала вядома далёка за межамі краіны. Замежныя журналісты нават правялі ў Брусэлі акцыю дзеля падтрымкі віцебскіх калег -- яны таксама сфатаграфаваліся з папяровымі кветкамі і птушкамі, зробленымі з газеты. А яшчэ трымалі ў руках шыльдачкі з надпісам "Хіба гэта злачынства?"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international