Скаргу адносна немагчымасці навучання па-беларуску Генеральная пракуратура пераслала ў Міністэрства адукацыі

2015 2015-02-12T18:53:29+0300 2015-02-12T18:53:29+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/malashhc-filipchyk.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Бацькі вучняў былога беларускамоўнага класа ў Баранавічах Таццяна і Алег Малашчанкі і Антаніна і Васіль Філіпчыкі атрымалі ліст з Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь за подпісам старэйшага пракурора аддзела па нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян В.Г. Куксо. У ім паведамляецца, што Генеральная пракуратура перанакіроўвае зварот бацькоў аб жаданні іх дзяцей навучацца па-беларуску ў Міністэрства адукацыі і просіць даць адказ зацікаўленым асобам і Генеральнаму пракурору.

– Мы звярнуліся ў Генеральную пракуратуру таму, што баранавіцкія, брэсцкія і мінскія чыноўнікі адмовілі нам ў рэалізацыі права на адукацыю нашых дзяцей на дзяржаўнай беларускай мове. Мы прасілі Генеральнага пракурора абараніць нашыя правы і пакараць парушальнікаў закона. Мы прайшлі ўсе інстанцыі, і засталася толькі Генеральная пракуратура. Але з яе адказу пакуль зусім незразумела, як будзе вырашана наша пытанне, – пракаментавала Таццяна Малашчанка.

Яна адзначыла, што хоць і не вялікая, але нейкая надзея на адкрыццё беларускамоўнага класа ўсё ж ёсць. Таццяна Малашчанка спадзяецца, што пракуратура прымусіць дзяржаўных чыноўнікаў выконваць закон, таму бацькі вучняў былога беларускамоўнага класа ў Баранавічах ўсё яшчэ не губляюць надзеі на навучанне сваіх дзяцей па-беларуску.

Праваабаронца Сяргей Гоўша настроены больш скептычна ў справе адкрыцця беларускамоўнага класа ў Баранавічах. Ён упэўнены, што пракуратура павінна не перанакіроўваць звароты бацькоў у дзяржаўныя структуры, а сама абавязана правесці праверку і прыцягнуць да адказнасці тых чыноўнікаў, якія забараняюць адкрываць беларускамоўны клас. Не пакарала мясцовых парушальнікаў закона Баранавіцкая міжраённая пракуратура, лічыць Сяргей Гоўша, не пакарае парушальнікаў закона ў Міністэрстве адукацыі і Генеральная пракуратура.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international