viasna on patreon

У калёніі Статкевічу не дазволілі працаваць

2015 2015-02-01T09:41:00+0300 2015-02-02T09:42:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/statkevich_v.jpg
Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч пасьля карантыну пераведзены ў атрад. Пра гэта палітвязень змог паведаміць жонцы Марыне Адамовіч ў тэлефоннай размове. ​

«Перавялі яго ў атрад, прычым у атрад, які знаходзіцца ў адным будынку са штабам. Каб абмежаваць ягоныя кантакты. І не дазволілі яму працаваць, хаця ён сам рваўся на «промку». ​

Некалькі тыдняў таму з магілёўскай турмы Мікалая Статкевіча перавялі ў шклоўскую калёнію, дзе ён ўжо адбываў пакараньне пасьля суду. Тады Мікалай Статкевіч працаваў на дрэваапрацоўцы. У шклоўскай калёніі некалькі вытворчых участкаў, але зараз для палітвязьня працы не знайшлося. ​

Ці ведае Мікалай Статкевіч пра выказваньні на свой адрас Аляксандра Лукашэнкі падчас прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася 29 студзеня? Вось што пра гэта распавяла Марына Адамовіч. ​

«Сьмяяўся. Ён ня чуў гэтых выказваньняў, але яму намякнуў нехта, што яны былі. Калі ж я яму пераказала, то ён проста расьсьмяяўся. Больш нічога». ​

Нагадаю, Лукашэнка чарговым разам паведаміў, што не зьбіраецца вызваляць Мікалая Статкевіча датэрмінова, бо лічыць яго злачынцам, які, як ён сказаў, «павёў людзей на штурм». Пры гэтым Лукашэнка, паводле яго словаў, ня бачыць ў Статкевічу свайго канкурэнта на выбарах. ​

Паводле Марыны Адамовіч, яе муж у расповедах пра цяперашні стан шклоўскай калёніі адзначыў зьмены да лепшага ў будынку, дзе знаходзіцца ягоны атрад, а таксама сказаў, што лепшым стала харчаваньне. Але ў Мікалая Статкевіча пачаліся праблемы з прэсай – выданьні, на якія ён быў падпісаны, дагэтуль да яго не даходзяць. ​

Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі за арганізацыю масавых забурэньняў 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны палітык у судзе не прызнаў, а пазьней адмовіўся падаваць прашэньне аб памілаваньні. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства