У Светлагорску суд пакараў гомельскіх журналістаў штрафамі па абвінавачанні ва ўдзеле ў пікеце

2015 2015-01-29T09:44:34+0300 2015-01-29T09:44:34+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sud_svetlahorskaha_rajona.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гомельскія журналісты Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі, згодна з пастановай суда Светлагорскага раёна, з’яўляюцца правапарушальнікамі і абавязаны сплаціць дзяржаве па 900 тысяч рублёў. Пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці за нібыта ўдзел у пікеце вынес 23 студзеня раённы суд. Дакумент журналісты, якія не прысутнічалі на паседжанні, атрымалі па пошце 28 студзеня.

Нагадаем, 25 лістапада 2014 года грамадскі актывіст, інвалід першай групы Юрый Ляшэнка правёў на плошчы перад Светлагорскім райвыканкамам пікет у абарону правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Удзельнік адзіночнага пікету як толькі разгарнуў плакат, быў затрыманы супрацоўнікамі «хуткай дапамогі». У бальніцы, куды даставілі актывіста, на яго быў складзены міліцыяй пратакол. Суд пазней пакараў Юрыя Ляшэнку штрафам.

Пікет здымалі на відэакамеру гомельскія журналісты з мэтай асвятлення яго ў СМІ. Напрыканцы студзеня міліцыя зацікавілася журналістамі і склала ў дачыненні да іх пратаколы нібыта за ўдзел у пікеце. Доказам на судзе быў прад'яўлены нейкі відэазапіс, прадстаўлены, хутчэй за ўсё, супрацоўнікамі міліцыі ці спецслужб.

Суд прыйшоў да высновы, што журналісты загадзя ведалі пра пікет і «наўмысна аказалі Юрыя Ляшэнка садзеянне, забяспечылі відэафіксацыю пікетавання, сумесна знаходзіліся ў забароненым для пікетавання месцы». Далей у пастанове суду падрабязна апісваецца, як «Жукоўскі здымаў Юрыя Ляшэнку, а Шчыракова перадала Юрыю Ляшэнку белы пакунак, які быў плакатам з надпісам». Не ўпусціў суд такія падрабязнасці, што ў нейкі момант плакат выпаў з рук у актывіста, а Кастусь Жукоўскі падняў яго. Суд палічыў, што дзеянні Юрыя Ляшэнкі і журналістаў былі ўзгодненыя. Таксама абцяжарваючымі абставінамі суд прызнаў той факт, што правапарушэнне было здзейснена «у складзе групы».

Журналісты лічаць пастанову суда помстай за прафесійную дзейнасць. Светлагорскія чыноўнікі сваім рашэннем прызналі месцам для правядзення пікетаў і мітынгаў «сцэнічную пляцоўку ў парку культуры і адпачынку». На самой справе, і гэта высветлілася на судзе, той пляцоўкі не існуе ў прыродзе. Правы людзей з абмежаванымі магчымасцямі парушаюцца, але ўлада гэтага не бачыць. Ці сваеасабліва рэагуе – затрыманнямі, судамі, штрафамі.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international